"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове
У Мінскім гарадскім судзе скончыліся слуханні па гучнай справе над адразу дзесяццю палітзняволенымі: каардынатаркай Валанцёрскай службы "Вясны" Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранцам, Андрэем Марачам, Данілам Чулем. У гэтай справе фігуруе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы складаюць амаль 160 тамоў. Суд у закрытым рэжыме ішоў пяць месяцаў — па справе адбылося 70 працэсаў. Пракурор Раман Бізюк запатрабаваў для дзесяці палітвязняў тэрміны, а суддзя Сяргей Хрыпач абвесціць прысуд 6 верасня а 15-й гадзіне. На тэлеграм-канале "АЧК-Беларусь" апублікавалі апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.
"Усё, што апошнія гады адбываецца ў нас у краіне ў галіне права, можна ахарактарызаваць двума ёмістымі словамі — прававы дэфолт. Ён адбыўся не на роўным месцы. Гэтая дзяржаўная сістэма ўсе гады свайго існавання падрыхтоўвала глебу, каб сілавыя структуры і чынавенскі апарат былі гатовыя безумоўна выконваць любыя каманды зверху.
Падзеі з канца траўня 2021 года паказалі, наколькі далёка можна зайсці ў адносінах да ўласнага народа, падпарадкоўваючыся загадам людзей, чыё меркаванне для іх з'яўляецца аўтарытэтным. Хоць я думаю, аднаго загаду замала. У дадатак уключаецца псіхалагічная абарона і адбываецца пошук самаапраўдання, чаму так варта рабіць. Я бачу два асноўныя прытулкі для сумлення.
Першы злучаны з абясчалавечваннем сваіх апанентаў. Выстаўленнем іх у непрывабным святле: "прастытуткі, наркаманы, экстрэмісты". Без унутранага пачуцця маральнай перавагі складаней дзейнічаць у дачыненні да супрацьлеглага боку жорстка, ужываць неабгрунтаваны гвалт і заганныя формы ціску.
Другое — што яны стаяць на варце закона, дзеля захавання якога яго парушаюць увесь час. Аргумент "Я абараняў закон" можа быць пераканаўчым для ўласнага "я". Тут не толькі маральнае, але і юрыдычнае пацверджанне слушнасці сваіх учынкаў. Лагічная, канструктыўная аргументацыя з прад'яўленнем фактаў, што дзеянні, якія яны здзяйсняюць, з'яўляюцца злачыннымі, не аказваюць належнага эфекту на дзяржструктуры.
Працягваецца паўсюдная фабрыкацыя крымінальных спраў, што не маюць дакладнай доказнай базы, падпадаюць хутчэй пад адміністрацыйны кодэкс (гэта, напрыклад, артыкулы 130, 342, 366, 368, 369), а тыя, што падпадаюць пад КК, то не пад такія сур'ёзныя артыкулы, як, напрыклад, удзел у экстрэмісцкай арганізацыі ці акт тэрарызму. На падставе падобнай міфатворчасці пасля і высоўваюцца такія патрабаванні абвінавачвання.
Пра ўсе наяўныя нестыкоўкі ў матэрыялах нашай справы ўжо сказалі адвакаты. Паўтараць не буду. Скажу толькі, што зачытаныя 158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць судовага працэсу. Нас судзяць не за зробленыя дзеянні, а за актыўную жыццёвую пазіцыю і альтэрнатыўны светапогляд, за што і хочуць ізаляваць на доўгі тэрмін. На гэта магу сказаць, што ў краіне пасля прысуду на дзесяць незаконна асуджаных палітвязняў зробіцца больш.
Жыве Беларусь і Слава Украіне!" — сказаў у апошнім слове палітвязень.
Што вядома пра брэсцкага актывіста?
Аляксандр Казлянка — актывіст з Брэста, сябар "Свабоднага прафсаюза". 37-гадовага Аляксандра жорстка затрымалі раніцай 2 сакавіка мінулага года на вачах маці і бацькі, паклаўшы яго на падлогу тварам уніз. Мужчыну адвезлі ў Мінск і змясцілі пад варту ў СІЗА-1, дзе ён і знаходзіцца дагэтуль. Аляксандру выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што ў аснову абвінавачвання паводле арт. 342 КК лёг эпізод з перакрыццём дарог у Брэсце ажно ў 2018 годзе: тады 5 траўня анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва завода АКБ. Палітзняволены Аляксандр Казлянка расказаў у лістах пра збіванні і катаванні пасля затрымання:
"2 сакавіка каля 8-й раніцы мяне затрымалі дома брэсцкі АМАП і мінскі ГУБАЗіК. Мяне даставілі ў брэсцкі аддзел ГУБЗіКа, дзе прыкавалі ў дзяжурным памяшканні да кратаў, задраўшы рукі за спіной у стаячым становішчы. Каб стаяць у больш менш зручнай позе, даводзілася падымацца на кукішкі. У такім становішчы прастаяў каля гадзіны і адзін раз амаль страціў прытомнасць. Затым падышоў адзін з мінскага ГУБЗіКа і сказаў, што калі я не дам паролі ад ноўтбука і тэлеграма, то мяне будзе катаваць, як Мікалая Дзядка. Я падумаў, што не гатовы да катаванняў з-за гэтых пароляў і пагадзіўся іх даць (потым яшчэ даў пароль ад кнопкавага тэлефона)".
"Сказалі, калі не дам паролі, то будуць катаваць, як Дзядка". Палітвязень Казлянка з СІЗА распавёў пра катаванні пры затрыманні і ўмовы на "Валадарцы"
Што вядома па справе?
Палітзняволеных Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах: "Революционное действие", "Народная самооборона", "Революцiйна дiя", і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.
Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы "Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя" МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, нягледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).
Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрагу "арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".
“Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся "общаки", была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, — заявіў СК.
У выніку дзесяць чалавек, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
- ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк;
- ч. 3 арт. 293 (навучанне асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
- ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
- ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) — Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Даніла Чуль;
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за "Марш недармаедаў" 5 сакавіка 2017 года) — Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за перакрыцце трасы М1 на выездзе з горада Берасця ў 2018 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Казлянка, Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Даніла Чуль;
- ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) — Андрэй Чапюк;
- ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці групай асобаў)— Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
- ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў рэкламныя шчыты ДАІ ў 2016 годзе і за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТРК у 2016 годзе) — Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч;
- ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за дымавую шашку, кінутую ў будынак брэсцкага ГУБАЗіКа ў 2016 годзе) — Павел Шпетны, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
- арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (першамайскае графіці ў Брэсце ў 2020 годзе) — Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
- арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
- ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) (падпал гомельскай падатковай інспекцыі і рэкламнага шчыта ўпраўлення прымусовага выканання пакарання ў Івацэвічах у 2017 годзе) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада.
Паводле інфармацыі Аляксандра Казлянкі, па справе з дзесяці чалавек — восем адмовіліся даваць паказанні.
У асобную вытворчасць вылучана крымінальная справа ў дачыненні да тых, хто з’ехаў за мяжу, — Дзмітрыя Ляўчука, Артура Кандратовіча, Рамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама "нявызначаных асобаў".
Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым
«Вясна» распавядае, што вядома пра справу, яе фігурантаў і як пачынаўся суд.
На "палітычных" судах ігнаравалі заявы пра катаванні. Што вядома пра суддзю і пракурора па справе над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі
Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
|