#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.
Прысуд Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і яшчэ васьмі палітвязням агучаць 6 верасня
Стала вядома, што 6 верасня ў 15.00 у Мінскім гарадскім судзе агучаць прысуд Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і яшчэ васьмі палітвязням: Акіхіру Гаеўскім-Ханаду, Аляксандру Францкевічу, Аляксею Галаўко, Аляксандру Казлянку, Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Андрэю Марачу, Данілу Чулю.
Нагадаем, працэс над палітзняволенымі пачаўся 25 красавіка. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Раман Бізюк. Палітвязняў агулам абвінавачваюць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.
На сайце польскага выдання Tygodnik Powszechny выйшла вялікае інтэрв'ю з мужам каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай — Вадзімам Жаромскім і ейнай каляжанкай Наталляй Сацункевіч.
Жыццё на паўзе: Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў беларускай турмы
Выява Марфы Рабковай з'явілася ў праекце #FramedInBelarus.
Далучыцца да праекту, выбраць палітвязня і вышыць яго кейс можа любы жадаючы. Для гэтага неабходна запоўніць форму.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Уладзімір Лабковіч: "Зусім згубіў надзею, што адсюль увогуле ёсць выйсце, што ўрэшце рэшт прыйдзе вызваленне"
Палітзняволены праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч даслаў кранальны ліст у адказ на атрыманую бандэрольку ад салідарных людзей.
"Гэта так прыемна і натхняльна [атрымаць бандэроль - заўв.]. У першую чаргу як вестачку. Бо вельмі важна ведаць, што ты не адзіны, што звонку цябе чакаюць, не забыліся. Дзесьці з канца лютага ўсе лісты да мяне, а таксама ад мяне пачалі губляцца. Атрымліваю толькі лісты ад жонкі, дзетак і маці. Я вельмі цешуся, што гэтыя лісты не губляюцца. Але кожная вестачка вельмі сагравае і суцяшае.
Я вельмі захапляюся ўсім, што звязана з Антычнасцю, таму так прыемна было атрымаць паштоўку з Афінамі. Вядома ж і Мінск. Так бы хацеў прагуляцца з жонкай і дзеткамі па Мінску, але баюся, што не давядзецца. Неяк зусім згубіў надзею, што адсюль увогуле ёсць выйсце, што ўрэшце рэшт прыйдзе вызваленне. Вельмі ўж цяжка знаходзіцца тут так бясконца доўга", — піша Уладзь.
Ён адзначае, што займае час чытаннем:
"Зараз чытаю Хокінга "Короткая история времени". Праўда, амаль нічога не разумею. Трэба было лепш вучыць фізіку ў школе. А ня так даўно перачытаў Оруэла "1984" па-беларуску. Вядома, мова моцна змяняе адчуванне твору. Раман ужо не чытаецца як антыўтопія, а ўспрымаецца як раман пра рэальны час".
Праваабаронца піша, што здароўе за год у зняволенні моцна здае: ён пакутуе на галаўны боль, таксама вельмі моцна сапсаваўся зрок.
"Самае дарагое - лісты ад родных, ад дзетак. Вельмі баюся, што яны мяне забудуць, бо я ніяк не прымаю ўдзел у іх жыцці. Я неверагодна па ім сумую. Больш нічога так не хачу, як хоць разок пабачыць дзетак, жонку, абняць і сказаць, як я моцна іх люблю і кахаю".
Алеся Бяляцкага ўтрымліваюць у "спецкалідоры" СІЗА-1
Як стала вядома, палітзняволены старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі ў СІЗА-1 утрымліваецца ў так званым "спецкалідоры" — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.
Цягам гэтага года Бяляцкага моцна абмяжоўваюць у ліставанні.
28 жніўня ў музеі "Вольнай Беларусі" прайшла акцыя "Павіншуй палітвязня з днём народзінаў", паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. Беларусы Варшавы збіраюцца штомесяц у апошнія дні, каб падпісаць паштоўкі тым, чый дзень народзінаў у наступны месяц. Сярод вераснёўскіх палітвязняў нашыя калегі – Алесь Бяляцкі і Леанід Судаленка.
Сябра праваабарончага цэнтра "Вясна" Алена Лапцёнак расказала ўдзельнікам акцыі пра тое, паводле якіх крытэраў вязні становяцца палітвязнямі, а таксама ўзгадала пра кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, які ўжо другі раз знаходзіцца ў засценках рэжыму.
"Калі казаць пра майго старэйшага сябра Алеся Бяляцкага, калі ён сядзеў у турме першы раз — быў асуджаны ў 2011 годзе — ліставанне з ім не абрывалася. І Алесь напісаў, седзячы ў турме, тры кніжкі".
Нагадаем, следства па крымінальнай справе супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча было працягнутае да 14 кастрычніка. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
150 канвертаў з падтрымліваючым стыкерпакам паляцяць жанчынам у зняволенні
Да другой гадавіны жаночых маршаў "Майстэрня паштовак салідарнасці" разам з кампаніяй #FreeViasna запусцілі акцыю: кожны і кожная мелі магчымасць пакінуць у анлайн-форме пажаданне для зняволенай жанчыны, пасля чаго валанцёры ды валанцёркі перапісалі іх на дызайнерскія паштоўкі і дадаткова ўклалі ў канверт набор налепак.
Сярод адрасатак зняволеныя праваабаронцы "Вясны" Таццяна Ласіца і Марфа Рабкова. Агулам, па дадзеных ПЦ "Вясна" за кратамі ўтрымліваецца 153 палітзняволеныя жанчыны.
За апошні час няма навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі і яго памочніцы Таццяны Ласіцы.
Пішыце Леаніду і Таццяне:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org