viasna on patreon

Чарговы прысуд па "справе Зельцэра": 2,5 гады калоніі за каментар

2022 2022-08-29T17:24:53+0300 2022-08-29T17:26:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/talkachou_sciapan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сцяпан Талкачоў

Сцяпан Талкачоў

26 жніўня Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе палітзняволенага Сцяпана Талкачова. Ягоабвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы".

Судовае пасяджэнне ўзначаліла Ніна Шастак.

Да суда 30-гадовы Сцяпан Талкачоў знаходзіўся пад вартай больш за 11 месяцаў. Хлопца затрымалі 29 верасня 2021 года, на наступны дзень пасля таго, як у кватэры айцішніка Андрэя Зельцэра ў Мінску адбылася перастрэлка з сілавікамі, у выніку якой загінуў і сам Зельцэр, і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.

Навіна пра гэтую трагедыю імгненна разляцелася па краіне, а самі беларусы пачалі яе актыўна каментаваць, у тым ліку ў сацсетках.

У ліку каментатараў быў і Сцяпан Талкачоў. У Інстаграме з гэтай нагоды ён напісаў: "Адным КДБшнікам менш, адным больш. [Няма чаго] без запрашэння ў хаты чужыя ўрывацца".

Хлопца практычна адразу вылічылі, затрымалі і распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне варожасці.

Як перадае "Брэсцкая Вясна", падчас судовага пасяджэння Сцяпан не прызнаў сваю віну. Пры гэтым ён прызнаў аўтарства каментара, але падкрэсліў, што нічога ім не навязваў і нікога ні да чаго не заклікаў.

Паводле версіі дзяржаўнага абвінавачвання, чый бок на судзе прадстаўляла Вольга Грыцкевіч, Сцяпан "меў намер на распальванне варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ".

26 жніўня Брэсцкі абласны суд прызнаў Сцяпана Талкачова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы", прызначыўшы яму ў якасці пакарання 2,5 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства