viasna on patreon

У Мінску асудзілі мужчынаў: падчас антываеннага мітынга яны "ішлі" на салдата, які адыходзіў ад іх спінай

2022 2022-08-30T12:55:17+0300 2022-08-30T14:26:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andreeu_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе агучаны вырак інжынерам Аляксандру Комару і Андрэю Андрэеву. Андрэя прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А Аляксандра — паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму), а таксама таксама — паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у плане «Перамога» (паўгода пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму). Шляхам складання пакаранняў Комара асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абодва мужчыны не прызналі віну.

Прысуд вынесла суддзя Дзіна Кучук.

Мужчын прызналі вінаватым у «гвалце ці пагрозе гвалту» у адносінах да салдата Міхаіла Крута за тое, што падчас аднаго антываеннага мітынгу 27 лютага 2022 года ў Мінску яны проста ішлі на яго, у той час як ён адступаў. Відэа разляцелася па інтэрнэт-крыніцах. Аляксандра Комара затрымалі 3 сакавіка 2022 года.

Катаванні падчас допытаў

Падчас суда стала вядома, што мужчын збівалі пры затрыманні. Паводле версіі абвінавачання, Аляксандр Комар збягаў ад супрацоўнікаў міліцыі. Ён распавёў, што яго затрымалі, калі ён вяртаўся з камандзіроўкі, перад домам жончыных бацькоў. Да яго машыны падыйшлі супрацоўнікі міліцыі, ён папрасіў заглушыць машыну і пайшоў з імі ў бус, дзе яго моцна збілі. Ён увесь быў у крыві. Потым яны прыйшлі да яго дадому, ключамі Аляксандра адчынілі дзверы ў кватэру, дзе знаходзілася ягоная жонка. Комар умыўся дома, але потым яго ўсё адно яшчэ раз збілі праз тое, што ён запэцкаў крывёю машыну. У Жодзіна пасля таго як ён сказаў лекару, што яго збілі пры затрыманні, мужчыну кінулі ў аднамесны карцар памерам прыкладна паўтара метры на тры, дзе было восем чалавек. Ён прастаяў там два дні.

andreeu_1.jpg
Андрэй Андрэеў

Калі сваю гісторыю распавядаў Андрэй, то рабіў гэта з прыпынкамі, бо было цяжка сабрацца. Адразу пасля затрымання з ім запісалі пакаяльнае відэа. Яго не збівалі, але кінулі на падлогу і пагражалі — у тым ліку, сэксуальным гвалтам, замахваліся на яго, ён стаяў на каленях. Пяць дзён яго не кармілі, а потым таксама кінулі ў карцар. Суддзя слухала ўважліва, але на наступным пасяджэнні запытала, чаму людзі змяняюць свае паказанні і чаму яны не сказалі следчаму, што іх збівалі і пагражалі. Аляксандр Комар сказаў: «Таму што баяўся, што мяне наогул заб’юць».

Аналіз відэа

17 жніўня адбылося чацвёртае пасяджэнне, на якое мусіў прыйсці сведка з боку абвінавачання — 26-гадовы старшы лейтэнант Арцём Міхайлаў з ГУБАЗіКа, які «курыраваў» справу Комара і Андрэева. Меркавана, што падчас усіх пасяджэнняў ён слухаў пад дзвярыма залі ўсё, што адбывалася. На шэраг пытанняў па справе бакі хацелі пачуць яго адказы, таму што акрамя таго, што ён з’яўляецца сведкай па справе, ён яшчэ рабіў агляд тэлефона. У гэты дзень разглядаўся змест тэлефона Аляксандра. Адзін з адвакатаў замовіў незалежную экспертызу наконт чатаў у тэлеграме, высновы якой не супадалі з высновамі Міхайлава.

Скрыншот з відэа
Скрыншот з відэа

У Аляксандра адабралі тэлефон пры затрыманні, пасля чаго пэўны час тэлефона не было ў справе — абаронца абвінавачанага запытваў, дзе быў тэлефон увесь гэты час. Калі жонка дасылала паведамленні на тэлефон, яны чыталіся. Неўзабаве ліставанне з ёй было выдаленае.

Адзін з абаронцаў правёў экспертызу размешчанага відэа: высветлілася, што яно не арыгінальнае, з падрэзанымі кавалкамі і гукам. Адвакат падрабязна разбіраў дзеянні пацярпелага на відэа, экспертыза апісала ягоныя дзеянні па секундах. Высветлілася, што мужчыны зрабілі ў бок пацярпелага 20 крокаў. У матэрыялах справы са словаў Міхайлава таксама напісана, што яны махалі рукамі і паказвалі жэстамі, як яны будуць біць пацярпелага — хаця на відэа гэтага таксама няма.

Пацярпелага Міхаіла Крута апытвалі падчас розных пасяджэнняў: ягоныя сведчанні кожны раз кардынальна адрозніваліся. Ён блытаў вуліцы, па якіх ішоў, час, а таксама словы, якія чуў ад абвінавачаных. Калі эн прыйшоў у суд, то не паказаў ніякіх дакументаў, а суддзя нават не запытала іх. Праз паўгода пасля здарэння Крут стаў лейтэнантам.

Гэта параўналі з білінгам тэлефонаў абвінавачаных, падчас якога выстветлілася, што ў дадзеных ёсць несупадзенні з часам, які апісваў сведка Міхайлаў. Да таго ж абвінавачаныя сцвярджалі, што яны проста гулялі — адзін з адвакатаў выказаў здагадку, што яны паспрабавалі б збегчы з месца «злачынства», аднак паводзілі сябе спакойна, таму што былі ўпэўненыя, што не здзейснілі нічога супрацьпраўнага.

Што распавёў сведка, ад якога былі бачныя толькі контуры фігуры?

Арцём Міхайлаў так і не з’явіўся на шостае пасяджэнне, аднак яго падключылі па відэасувязі: ягоны твар на экране быў размыты, быў бачны толькі контур. Гэта патлумачылі тым, што ў яго такая праца і «лепш, каб яго не было бачна». Стала вядома, што ён вучыцца ў БДУІР і працуе ў ГУБАЗіКу. Ён звяртаўся да абвінавачаных «на ты», на што Андрэй Андрэеў звярнуў увагу суда — пасля гэтага суддзя Дзіна Кучук папрасіла Міхайлава прытрымлівацца правілаў. Абвінавачаныя не пазналі Міхайлава, таму адвакаты сталі сумнявацца ў тым, што гэта наогул Міхайлаў.

Сведка пацвердзіў, што прысутнічаў на першых допытах абвінавачаных. Андрэй Андрэеў спытаўся, у якой частцы пакоя ён знаходзіўся і ў ва што быў апрануты. Міхайлаў адказаў: каля дзвярэй, хаця абвінавачаны распавядаў, што яму пагражалі ў цэнтры пакоя, а потым ён стаяў на каленях перад сталом. З Аляксандрам адбылося тое самае. Адвакат спытаўся, чаму пры няма пратакола, як ён выявіў падпіску Комара на план «Перамога». Ён адказаў, што ён мусіць быць — хаця яго не было ў матэрыялах справы. У справе наогул не было ніводнага пратаколаў дзеянняў Міхайлава, ягоныя сведчанні грунтаваліся выключна на ягоных словах.

У абаронцаў таксама ўзніклі пытанні, дзе Міхайлаў убачыў, што яны паказваюць жэстамі пагрозы Круту, хаця нават экспертыза пацвердзіла, што гэтага не было. Адвакат таксама спытаўся, на падставе якога закона Міхайлаў зняў «пакаяльныя відэа» з мужчынамі і выклаў іх у інтэрнэт. Ён адказаў, што не здымаў, хаця быў на допытах. «Магчыма, здымаў нехта іншы, не ведаю», — адказаў старшы лейтэнант. Таксама Міхайлаў распавёў, што за далучэнне да плана «Перамогі» ужо людзі ў краіне асуджаныя, а адвакат падаваў запыт, згодна з адказам на яго, ніводнага суда яшчэ не адбылося. Ён не змог апісаць абвінавачаных.

На адным з апошніх пасяджэнняў цягам трох гадзінаў разглядалі матэрыялы з тэлефона Аляксандра Комара. Суддзя вырашыла, што яго трэба глядзець у закрытым пасяджэнні. Таксама Дзіна Кучук адхіліла хадайніцтвы адвакатаў наконт правядзення дзяржаўнай экспертызы тэлефона і высвятлення акалічнасцяў знаходжання пацярпелага на вуліцы. 

У спрэчках дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць Андрэю Андрэеву два гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Аляксандру Комару — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кучук пагадзілася з тэрмінамі і прызначыла мужчынам менавіта такія пакаранні.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства