viasna on patreon

Ад 3 да 12 гадоў калоніі — пракурор запрасіў тэрміны па "справе змоўшчыкаў" Дапоўнена

2022 2022-08-30T16:30:00+0300 2022-08-31T13:22:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_kastuseu_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд месяц у выязным пасяджэнні працягвае разгляд "справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 16 месяцаў. Усе, акрамя Кастусёва, прызналі віну, а Зянковіч заключыў дасудовае пагадненне. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Сёння па справе адбываюцца спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў фігурантам тэрміны. 

Суд 29 ліпеня

У пачатку спрэчак дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што ключавы фігурант справы Юры Зянковіч выканаў ўмовы здзелкі са следствам, піша Sputnik. Пракурор, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што Зянковіч, знаходзячыся на тэрыторыі ЗША і РФ, арганізаваў змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі, фізічнай ліквідацыі кіраўніка дзяржавы і разам з Дзмітрыем Шчыгельскім кіраваў злачыннымі дзеяннямі змоўшчыкаў.

"Асноўным доказам вінаватасці Зянковіча, Фядуты і Кастусёва ў змове з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам лічу дадзеныя аператыўнага эксперыменту", – сказаў дзяржаўны абвінаваўца.

Выступаючы ў спрэчках, пракурор заявіў, што Зянковіч прыбыў у Беларусь 5 жніўня 2020 года і па ўзгадненні з Дзмітрыем Шчыгельскім пачаў шукаць удзельнікаў змовы, у тым ліку і сярод вайскоўцаў, радыкальна настроеных грамадзян. Праз месяц ён сустракаўся з Мікалаем Аўтуховічам, з якім абмяркоўваў учыненне змовы.

Дзейнасць Зянковіча не выслізнула ад беларускіх спецслужбаў. Афіцэр Генеральнага штаба УС Іван Жураўскі быў прыцягнуты да аператыўнага эксперыменту і правёў сустрэчу з Зянковічам. Дзяржаўны абвінаваўца пры гэтым асабліва падкрэсліў, што правакацый з боку спецслужбаў падчас следчага эксперыменту не было, ініцыятыва здзяйснення змовы з мэтай звяржэння ўлады ў Беларусі зыходзіла ад Зянковіча.

"Аператыўны эксперымент дазволіў не дапусціць ваеннага перавароту і кровапраліцця", — падкрэсліў дзяржаўны абвінаваўца, выступаючы ў спрэчках.

На думку пракурора, два фігуранты справы – Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч – не бралі ўдзел у змове, накіраванай на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.

У выніку, пракурор Міхаіл Кавалёў запрасіў наступныя тэрміны па "справе змоўшчыкаў":

  • палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 12 гадоў калоніі;
  • кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву па ч. 1 арт. 357 КК — 12 гадоў калоніі;
  • юрыст Юрыю Зянковічу па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — 12 гадоў калоніі;
  • актывісту і дальнабойшчыку Дзянісу Краўчуку па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — тры гады калоніі; 
  • супрацоўніцы мінскага офісу Зянковіча Вользе Галубовіч па ч. 1 арт. 342 КК — тры гады калоніі.

Прысуд будзе абвешчаны 5 верасня.

Храналогія суда:

Суд па "справе змоўшчыкаў": закрыты допыт укаранёнага сілавіка

"Вясна" сочыць за судовым працэсам.

Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"

"Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.

Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў

У суд пад канвоем дастаўлены кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў

У Мінскім абласным судзе з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягваецца суд па "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"

Сёння роўна тыдзень, як пачалі разглядаць справу.

Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў

Гэта пяты працэс па справе.

Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні

Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзняволенага палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты.

Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 16 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. 


Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства