Заява праваабаронцаў аб прызнанні трох чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці
30 жніўня 2022 г.
У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем удзельнікаў пратэсных акцый і іншых асобаў па палітычных матывах ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з ужываннем гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС, іншых службовых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), у адносінах да:
- Аляксея Іванчыкава, які асуджаны паводле арт. 364 КК за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за супраціў (спробу ўцячы) пры затрыманні за выказванне крытыкі ў дачыненні да сябраў выбарчай камісіі з нагоды адсутнасці магчымасці для таемнага волевыяўлення на ўчастку падчас рэферэндуму, а таксама за антываенныя выказванні, што не пацягнула наступстваў для здароўя пацярпелага;
- Андрэя Андрэева, які асуджаны паводле арт. 364 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за пагрозу гвалтам у дачыненні да вайскоўца падчас антываеннага мітынгу за некалькі крокаў у бок гэтага вайскоўца, якія суд палічыў пагрозлівымі паводзінамі;
- Аляксандра Комара, які асуджаны паводле арт. 364 і ч. 3 арт. 361-3 КК да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за пагрозу гвалтам у дачыненні да вайскоўца падчас антываеннага мітынгу за некалькі крокаў у бок гэтага вайскоўца, якія суд палічыў пагрозлівымі паводзінамі, і за рэгістрацыю ў тэлеграм-канале на «Плане Перамога»;
яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:
Мірныя сходы грамадзянаў павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна распачынаць дзеянні для гвалтоўнага іх спынення, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар і ўяўляюць рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.
Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту "ў адказ" з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю і намеру на нанясенне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).
У выпадку з А. Андрэевым і А. Комарам мы адзначаем супярэчлівы і спрэчны характар доказаў віны абвінавачаных, пакладзеных судом у аснову прысуду без крытычнай ацэнкі.
Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.
Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія, неадэкватныя правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.
Працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у адносінах да ўдзельнікаў пратэсных сходаў, відавочна непрапарцыйныя, неадэкватныя правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.
Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.
Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", мы прызнаём палітвязнямі Аляксея Іванчыкава, Андрэя Андрэева, Аляксандра Комара.
Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у адносінах да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні згаданых фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН.