Выкладчыка радыётэхнічнага каледжа асудзілі па "справе Зельцэра"
Мінскі гарадскі суд 19 верасня агучыў прысуд 30-гадоваму Цімафею Шкуратовічу, якога абвінавачвалі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, распальванні іншай сацыяльнай варожасці і абразе прадстаўніка ўлады.
Судовае пасяджэнне вяла суддзя Жанна Брысіна.
Былы выкладчык радыётэхнічнага каледжа Шкуратовіч па некаторых звестках быў затрыманы 30 верасня 2021 года. Да суда змяшчаўся ў СІЗА №1 Мінска.
Цімафей Шкуратовіч, як сотні іншых грамадзян, пакінуў абразлівы каментар у сацыяльных сетках адносна гібелі ў Мінску 28 верасня 2021 года у перастрэлцы грамадзяніна Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ. Пазней у ходзе следства да ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса дадаліся яшчэ два абвінавачанні: ч.1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Па сукупнасці вынесеных пакаранняў суд пастанавіў пакараць Цімафея Шкуратовіча пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.