viasna on patreon

Мінімум 46 асуджаных, прызнанне "тэрарыстамі", катаванні: год з масавых затрыманняў па "справе Зельцэра"

2022 2022-09-30T12:22:27+0300 2022-09-30T13:47:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zelcer.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Год таму, 29 і 30 верасня, па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманні за каментары ў сацыяльных сетках пра гібель IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. У хуткім часе Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцам вядомыя прозвішчы 104 затрыманых па справе, палову з якіх ужо асудзілі. Пасля затрымання большасць фігурантаў перавялі ў жодзінскую турму № 8, дзе іх змясцілі на каранцін і паўтара месяца не прымалі для іх перадачы. "Вясна" распавядае пра храналогію пераследу беларусаў па "справе Зельцэра" і пра тое, як і за што судзяць фігурантаў.

Партрэт Андрэя Зельцэра на акцыі салідарнасці пасля ягонай гібелі
Партрэт Андрэя Зельцэра на акцыі салідарнасці пасля ягонай гібелі

Што здарылася год таму?

28 верасня 2021 года ў Мінску адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ і Андрэем Зельцэрам, у кватэру да якога з ужываннем спецсродкаў ламіліся сілавікі. У выніку Зельцэр і адзін з кадэбэшнікаў загінулі, што выклікала рэзананс у карыстальнікаў сацыяльных сетак. У наступныя дні прэс-служба КДБ паведаміла, што за каментары ў сацсетках пад публікацыямі пра загінулых было затрымана каля 200 чалавек, у дачыненні да іх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па арт. 130 і 369 Крымінальнага кодэкса.

“У чым я шчыра ўпэўнены: нельга адным-двума паведамленнямі ў сацыяльнай сетцы распаліць варожасць ці варажнечу, гэты працэс адбываецца не так хутка. Нават такое эпічнае выказванне, як у дэпутата-генерала, само па сабе не прывядзе да таго, што хтосьці (нават у балаклавах) пабяжыць забіваць у адказ на гібель калегі — гэта не працуе так проста.

Яшчэ адным стандартам, толькі ўжо з галіны працэсуальных правоў, з'яўляецца прэзумпцыя на карысць ужывання мераў стрымання, не звязаных з пазбаўленнем волі, да таго часу, пакуль неабходнасць ужывання такіх жорсткіх мер не будзе абгрунтавана. Прычым спасылкі на нейкія надзвычайныя акалічнасці і нават на адну толькі цяжкасць абвінавачванняў такімі падставамі не з'яўляюцца.

Таму відавочныя палітычныя матывы пазбаўлення волі дзясяткаў, а то і сотняў людзей, для кожнага з якіх гэта — трагедыя, якая можа ўзмацняцца жорсткімі ўмовамі ўтрымання",пракаментаваў тады сітуацыю юрыст "Вясны" Павел Сапелка.

Пра псіхалагічны стан жонкі Зельцэра пасля затрымання і суд над ёй 

Марыя Успенская
Марыя Успенская

Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Судзілі Марыю як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне», таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Акрамя таго, суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю «маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай, якія будуць залічаны на карысць дзіцячага дома № 5 г. Мінска» — жонкі забітага Дзмітрыя «Нірваны» Федасюка.

"Наша Ніва" пагаварыла з жанчынай, якая ўтрымлівалася ў СІЗА на Валадарскага гэтай зімой. Яна сцвярджае, што некалькі тыдняў правяла ў адной камеры з Марыяй Успенскай. Вось, што яна распавяла пра палітзняволеную:

"Пра гісторыю з перастрэлкай Маша не гаварыла. Гэта цікавіла ўсіх сукамерніц, але Маша адказвала, што знаходзіцца пад падпіскай, таму не можа нічога расказаць. Спадзявалася, што пазней, праз нейкі час, праўда выйдзе на свет і ўсе зразумеюць, што ўсё было зусім не так, як гэта паказвалі ў СМІ.

Але яна была вельмі засмучаная. Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў проста зусім не магла ўспрыняць усё тое, што з ёю адбываецца. Калі я была з ёй у камеры, Маша прымала ўжо менш лекаў, намагалася неяк "жыць у моманце". Але ў яе пастаянна скакаў настрой, яна часта плакала.

Шкадавала пра тое, што адбылося, што яе жыццё так павярнулася. Пастаянна паўтарала словы: "Як жа ён мог мяне пакінуць?" Як я зразумела, яна казала гэта на адрас Андрэя Зельцэра".

Цяпер Марыя знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

 "Тое, што яны прайшлі, называецца «прэс-хата»": як здзекаваліся з затрыманых

Для затрыманых па «справе Зельцэра» ні ў ІЧУ, ні ў следчай турме № 8 не прымалі перадачы на працягу больш за 1,5 месяца. Іх абмяжоўвалі ў ліставанні, атрыманні пасылак і ў некаторых выпадках — сустрэчах з адвакатамі. Прычынай такіх абмежаванняў супрацоўнікі жодзінскай турмы называлі «каранцін па каранавірусе». Але былыя палітвязні называюць такі ціск «прэс-хатай», бо жорсткія абмежаванні тычыліся толькі затрыманых па “справе Зельцэра”, а ўмовы іх утрымання наўмысна пагаршаліся.

Паўтара месяца зняволеныя сядзелі ў перапоўненых камерах у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. 

Вось што распавядала былая палітзняволеная Алена Дзядзюля:

«Было страшна, калі дзяўчынак за каментары па «справе Зельцэра» завялі да нас у камеру пасля 45 сутак каранціну, там ім не аддавалі ані лісты, ані пасылкі, не прымалі перадачы для іх. Жанчыны праседзелі карантын у тым жа адзенні, у якім іх затрымалі. Яны спалі па два чалавекі, нават на другім ярусе. На гэта было страшна глядзець… Як яны атрымлівалі стос лістоў, чыталі і плакалі. Як яны даставалі з пасылак сапсаваныя прадукты. Калі іх прывялі, то ў нас у васьмімясцовай камеры не было для іх месцаў. Але для іх гэта было палягчэнне рэжыму».

Пра жудасныя ўмовы распавяла і палітзняволеная Наталля Падлеўска:

"У камеры было шмат жанчын па «справе Зельцэра». Іх разам «паднялі» да нас пасля 45-дзённага карантыну з адрэзанымі капюшонамі на куртках і байках. Да іх увесь гэты час было асаблівае стаўленне — мне цяжка падабраць для гэтага цэнзурныя словы. Бывала, што хтосьці з супрацоўнікаў-мужчын прыносіў ім пракладкі, таму што ў жанчын было не дапрасіцца. Тое, што яны прайшлі, называецца «прэс-хата». І калі фізічна яны былі яшчэ больш-менш, сякія-такія лекі ім давалі, то маральна — як нацягнутая струна, гатовыя вось-вось сарвацца, трымаліся асабняком.

Дзевяць месяцаў пад следствам правяла Ю.Ч. — бібліятэкарка, вельмі рамантычная дзяўчына, тонкай душэўнай арганізацыі. На волі бацькі прыглядаюць за ейным 8-гадовым сынам. Л. Б. — выкладчыца замежнай мовы. Гэта жанчына-крамень са сваімі маральнымі прынцыпамі і нясхільнымі поглядамі. Яе адразу забралі ў лякарню, таму што і да гэтага былі праблемы з сэрцам. У М. К. падчас затрымання разграмілі ўсю кватэру — разбілі ўсё, што было шкляное і люстраное. Яе везлі на допыт з мяшком на галаве, а на сцягне нават праз 45 дзён быў велізарны чорны сіняк".     

Праваабаронцы «Вясны» ў інтарэсах затрыманых па «справе Зельцэра» звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з імі пасля затрымання і падчас утрымання ў турме. Зварот быў накіраваны да Спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб катаваннях і іншых формах бесчалавечага і зневажальнага абыходжання Нілса Мелзара, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

"Народ открыл счет": за якія каментары судзілі?

yanchanka.jpg
Іван Янчанка на судзе

У пачатку жніўня прэс-служба Следчага камітэта паведаміла, што ў пракуратуру было накіравана 57 крымінальных справаў за “дрэнныя” каментары пасля смерці супрацоўніка КДБ.

Па звестках праваабаронцаў, за каментары, рэпосты і публікацыі ў сацсетках было затрымана не менш за 104 чалавекі, 93 з якіх прызнаны палітычнымі зняволенымі. Было асуджана мінімум 46 чалавек, і вынікі па яшчэ 17 справах праваабаронцам пакуль невядомыя. Толькі тры чалавекі асудзілі да абмежавання волі, астатнія 43 чалавекі адправілі ў калоніі.

Напрыклад, за  каментар у суполцы ВКонтакте «А*уенчик, давно пора валить их» палітвязню Дзянісу Карабану прызначылі 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

За каментары «Есть нестыковки. Не слышновато. Обычно слабовики кроют как сапожники», «Туда ему и дорога. +1», «не просто убивать, а сжигать на костре» 45-гадовага магілёўца Аляксандра Гаўрыленку асудзілі да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічыняў.

Палітзняволенага бас-гітарыста гурта TerraKod Віктара Катоўскага асудзілі да трох гадоў калоніі і 100 базавых штрафу за каментары «Шкада амапаўца. Адным дзярмом на зямлі менш» і «Хлопец-герой. Жыццё паклаў у барацьбе з гэтымі казламі нягледзячы на наяўнасць сям’і».

Палітвязня Уладзіміра Агіевіча прызналі вінаватым паводле арт. 130 КК і асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментар «Хороший кгбшник — мертвый кгбшник )». Праз тры гадзіны да Уладзіміра прыйшлі сілавікі. З ягонага тэлефона зрабілі скрыншоты, а спрэчны каментар прымусілі выдаліць.

“Завалили так завалили, ну и х..й с ним” - за гэты каментар 40-гадоваму Андрэю Зубовічу прызначылі 1,5 года “хатняй хіміі”.

Год і два месяцы калоніі прызначылі палітзняволенай настаўніцы музычнай школы з Ліды Аксане Каспяровіч за каментар у інстаграме:

«Посмотрела видео захвата квартиры, и поняла: очередной беспредел! До чего жаль парня, который защищал себя и свою семью(( Дикие действия, дикий результат(( Господа, разве для этого вы поставлены, чтоб пугать и уничтожать собственный народ???((( Сотрудник знал, на что шёл. Ему за это немалые деньги платят, работа его такая. А на месте парня с ружьём мне тоже было бы страшно за себя и свою семью((«

За рэпост фота Андрэя Зэльцэра са стрэльбай у руках і каментаром «пора выносить мусор» 31-гадовага палітвязня Віталя Лойку асудзілі да двух гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў (3200 беларускіх рублёў).

28 ліпеня суд Бярозаўскага раёна вынес рашэнне па справе Віктара Хлябца, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Справу разглядала Наталля Вакульчык.

Віктара Хлябца з Бярозы асудзілі да 1,5 года калоніі за тое, што ў закрытым тэлеграм-чаце ён пакінуў каментар пад відэа, на якім быў зафіксаваны момант перастрэлкі Зельцэра з супрацоўнікамі КДБ: «...Да, человек погиб, к сожалению, но мусарье задумается. Итак – минус один. Неа, в бронежелетах заходили, это его видео, (…) или как некоторые из нас. Минус один мусор, тем более гэбье, к счастью, зе бест. Короче, минус один мусор».

Жыхара Чэрыкава Івана Янчанку асудзілі да 3,5 гадоў калоніі за каментар «ВКонтакте»: «Народ открыл счет». Пасля гэты каментар трактавалі як «заклік да барацьбы з праваахоўнымі органамі».

2,5 гады калоніі прызначылі палітвязню Сцяпану Талкачову за каментар, які ён з гэтай нагоды напісаў у інстаграме: «Адным КДБшнікам менш, адным больш. [Няма чаго] без запрашэння ў хаты чужыя ўрывацца».

Былога афіцэра-памежніка Аляксандра Велясніцкага асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за каментар у "экстрэмісцкім" тэлеграм-канале: "Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою".

Віталь Рогач асуджаны да 2,5 гадоў калоніі за каментар у Instagram: "Бандыту зямля будзе бетонам".

У «тэрарыстычны спіс» унесены 15 фігурантаў справы

ivonchik.jpg
Яўген Івончык

У «пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў мінімум 15 фігурантаў «справы Зельцэра», сярод іх — тры жанчыны. Большасць унеслі ў «тэрарыстычны спіс» пасля таго, як прысуд набыў законную моц.

Так, напрыклад, статус "тэрарыста" таксама атрымаў 67-гадовы асуджаны фігурант "справы Зельцэра" Яўген Івончык.

Таксама ў спіс дадалі і Аліну Забаштанскую, якая хварэе на эпілепсію. Дома палітзняволеную чакае дачка.

Настаўніца музычнай школы Аксана Каспяровіч адзіная фігурантка справы, якая знаходзіцца на волі, але пры гэтым са статусам «тэрарысткі». Яе асудзілі да года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Але з улікам тэрміна, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні. 8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гродзенскай турмы № 1.

Валанцёр, журналіст, лекарка, пенсіянерка — хто апынуўся за кратамі за каментары 

Генадзь Мажэйка. Фота: Еўрарадыё.
Генадзь Мажэйка. Фота: Еўрарадыё.

Журналісту «Камсамольскай праўды» Генадзю Мажэйку ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: аб распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) і аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Паводле папярэдніх звестак, затрыманне звязана з артыкулам «Камсамольскай праўды», у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцэра станоўча пра яго адгукнулася. Менавіта аўтарства Генадзя стаяла пад гэтым тэкстам. 

Былы палітвязень пасля вызвалення распавёў падрабязнасці затрымання Генадзя:

«Генадзь расказваў нам, як яго затрымалі. Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль выляцець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расейцы тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур. Журналіст казаў, што яго чакалі ўжо ў Маскве. Яшчэ да пашпартнага кантролю, паводле Генадзя, да яго падыходзілі нейкія людзі і шушукаліся. На пашпартным кантролі яго ўзялі пад рукі і ўсё. Вось ён такі наіўны...»

Гомельскага валанцёра Іллю Міронава затрымалі 30 верасня 2021 года. Яму інкрымінуюць арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці). Ініцыятыва Іллі "Пішыце лісты" была ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Кампанія/ініцыятыва года-2021». Нават за кратамі Ілля працягвае падтрымліваць беларусаў лістамі салідарнасці, нагледзячы на тое, што блакуюць ліставанне. Вядома, што за кратамі ў палітвязня пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Наталля Нікіціна каля 30 гадоў прапрацавала лекаркай. 29 верасня 2021 года жанчыну затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрымання ёй паведамілі пра звальненне. 29 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе палітзняволенай прызначылі 1 год і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў ці амаль 2500 даляраў).

Брэсцкі абласны суд 27 верасня вынес прысуд па справе экс-ваеннага Аляксандра Велясніцкага, якога абвінавацілі ў распальванні варожасці (130 КК). Нагодай для затрымання стаў каментар, які Велясніцкі нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале: «Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою».

Падчас судоў мужчына адмовіўся ад ранейшых паказанняў, паведаміў пра збіцце і пагрозы ў свой бок. Так, у дзень затрымання пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Мінску на Акрэсціна ён 3 дні не мог спаць, камера была душнай і перапоўненай людзьмі. Затым, калі Аляксандра даставілі ў Жодзіна, супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг, пачалі збіваць і нацкоўваць сабак. 19 верасня Лукашэнка пазбавіў Велясніцкага, які ў жніўні-2020 асудзіў гвалт сілавікоў і публічна адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу», воінскага звання.

68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак за кратамі ўтрымлівалася амаль год. Яе затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацсетках па «справе Зельцэра». Ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкулаў 369 і 130 Крымінальнага кодэкса. Жанчына не мае ў Беларусі ані сваякоў, ані сяброў, але неабыякавыя людзі не пакінулі яе сам-насам з рэпрэсіямі. За час у зняволенні ў яе пагоршылася здароўе і сапсаваўся зрок.

У сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Цяпер Сцепулёнак дома, але абвінавачанні не зняты, таму Эма застаецца палітзняволенай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства