Затрыманні і новыя "экстрэмісцкія матэрыялы" ў Беларусі 30 верасня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Баранавіцкую газету Intex-press улады пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі
У загадзе адзначаецца, што «выпуск друкаванага сродку масавай інфармацыі не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар», як таго патрабуе закон, а таму пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, выдадзенае газеце Intex-press у 2009 годзе, анулюецца, піша "БАЖ".
Акрамя таго, выданне выключанае з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі.
Мужчыну, якога затрымалі напачатку жніўня ў Пінску, цяпер абвінавачваюць і ў публічных закліках да санкцый (ці іншых дзенняў, накіраваных на нацбяспеку)
45-гадовага пінчука Сяргея Савіча затрымалі 2 жніўня. У тыя дні ў горадзе затрымалі не менш за 16 чалавек, іх судзілі па адміністрацыйных артыкулах, Сяргею прысудзілі 15 cутак за рэпост з "экстрэмісцкага" тэлеграм-каналу.
Але ж пасля адміністрацыйнага арышту Сяргей не выйшаў з ІЧУ: яму прад'явілі крымінальны арт.130 (Распальванне варожасці). Як стала вядома берасцейскай "Вясне", справа ўжо шла да суду, былі праведзены судовыя экспертызы — але ж неспадзявана мужчыне прад'явілі абвінавачванні яшчэ па адным артыкуле. Гэтым разам па ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Савіча працягваюць утрымліваць пад вартай.
Падтрымаць яго можна па адрасе:СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258В.Савіч Сяргей Сцяпанавіч
Сілавікі затрымалі фаната мінскага «Дынама»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 34-гадовага Андрэя Ждановіча. Паводле іх, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, «прытрымліваўся правых поглядаў» і меў татуіроўку «Пагоня».
Па заяве пракуратуры Ленінскага раёна Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Беларускi Гаюн (Резервный)» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Мінска Віктара Вяршыну
На «паякаяльным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пісаў абразлівыя каментары, а таксама данаціў грошы ў BySol.
Акрамя таго, сілавікі пішуць, што «затрыманы прыстойна зарабляў на гандлі з расійскімі контрагентамі, што не перашкаджала пісаць ім у "асабістыя" ўсякія брыдоты». Мяркуючы па выкладзеных скрыншотах, «брыдотамі» ГУБАЗіК палічыў антываенныя паведамленні сябрам, меркаванне пра тое, што ў Расіі няма будучыні з Пуціным,і што калі ягоныя сябры будуць збягаць з Расіі — ён іх прыме ў сябе дома і накорміць.
У Брэсце затрыманы прадпрымальнік Сяргей Беразюк
Паводле сілавікоў, мужчына нібыта пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-каналах. Як паведамілі ў праўладным канале, Беразюку прызначылі 15 сутак арышту, пасля якіх ён «будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 369 КК РБ» (абраза прадстаўніка ўлады).
Затрыманне ў Светлагорску: у чалавека знайшлі бела-чырвона-белую сімволіку і штосьці ў тэлефоне
29 верасня ў Светлагорску затрыманы мясцовы жыхар – 29-гадовы Арсеній Ягорчанка, піша "Гомельская Вясна". У месцы, дзе ён пражывае, адбыўся ператрус. Хлопец змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС.
Прычына ператрусу ўдакладняецца. Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас ператрусу знайшлі бела-чырвона-белую сімволіку, а таксама штосьці ў мабільным тэлефоне. Прычынай для затрымання ў падобных выпадках часта з’яўляюцца захоўваемыя ў тэлефоне спасылкі альбо падпіска на інтэрнет-рэсурсы, якія ўлады ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх».
Як мяркуецца, пачаты адміністрацыйны працэс, паводле якога справа будзе разглядацца ў судзе Светлагорскага раёна 30 верасня.
Праваабаронцам вядомыя прозвішчы чатырох затрыманых учора супрацоўнікаў «Белагра»
Гэта Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман, Арцём Зубракоў.
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі (іх прозвішчы не называюцца) распачатыя крымінальныя справы «звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням». Астатніх затрыманых сёння будуць судзіць па адміністрацыйных справах.
Таксама праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што ў "Белагра" пасля ператрусы затрыманы Андрэй Платонаў.
Суполка «МЫ ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ» прызнаная «экстрэмісцкай»
21 верасня суд Чыгуначнага раёну Гомеля прызнаў інфармацыйную прадукцыю суполкі ва «Укантакце» «МЫ ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ» «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
На суполку падпісаныя больш за 50 тысяч чалавек, апошняе яе абнаўленне датаванае вясной 2020 года.