Палітзняволеную лекарку Таццяну Талочку асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі"
Пра затрыманне анэстэзіёлага-рэаніматолага 2ДГКБ Таццяны Талочкі стала вядома 17 траўня. Яе затрымалі наўпрост на працоўным месцы ў бальніцы. Гэтак жа быў затрыманы яе муж. Адразу супраць яе і мужа пачалі адміністрацыйны працэс, але потым мужа вызвалілі, а Таццяна стала фігуранткай крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска суддзя Вольга Няборская прызначыла Таццяне тры гады "хатняй хіміі".
Таццяна Талочка — анэстэзіёлаг-рэаніматолаг, працавала ў 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы ў Мінску. Яе затрымалі 12 траўня 2022 года наўпрост на працоўным месцы ў бальніцы.
У жніўні 2020 года палітзняволеная выратавала ад пераследу падлетка Цімура Міцкевіча, які пасля збіцця сілавікамі патрапіў у кому. Яна падпісала паперы, што дапытываць яго нельга, але галоўная лекарка не падпісала гэты дакумент. Цяпер 19-гадовы хлопец ваюе ва Украіне ў Палку Кастуся Каліноўскага.
Супраць Таццяны ўзбудзілі крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту. За кратамі дзяўчына ўтрымлівалася амаль пяць месяцаў.
Справу лекаркі разглядзелі сёння, 30 верасня, у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Суддзя Вольга Няборская прызнала яе вінаватай у "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і прызначыла Таццяне тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"). Талочку вызвалілі ў зале суда.