viasna on patreon

"Справа Аўтуховіча": спрэчкі бакоў скончыліся, прысуд будзе агучаны ў сярэдзіне кастрычніка

2022 2022-09-30T17:36:38+0300 2022-09-30T23:38:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autuhovich.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У гродзенскай турме з 18 траўня ідзе суд над дванаццаццю фігурантамі "справы Аўтуховіча". Толькі двое з іх цалкам прызналі сваю віну. Падчас дачы паказанняў некаторыя заявілі пра катаванні і збіванне пасля затрымання, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрымання, у якіх іх утрымліваюць да гэтага часу. Некаторых неаднаразова каралі "суткамі" ў карцары. А Гундар і Аўтуховіч трымалі галадоўку па некалькі тыдняў. Судовы працэс, які доўжыўся больш за чатыры месяцы, з 19 верасня зрабілі закрытым праз тое, што суд пачаў вывучаць "сакрэтны" том. Праваабаронцам стала вядома, што судовае следства па справе скончанае, а прысуд агучаць 17 кастрычніка. 

Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня
Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня

У будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»: Мікалаем Аўтуховічам, святарам Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, пенсіянеркай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і яе сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегуром і Паўлам Савам. Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць па больш чым 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — СтаворкаЖдановіч і Нічыпор.

Ад пачатку суда ўсе пасяджэнні былі адкрытыя, аднак 19 верасня суддзя Філатаў пастанавіў зрабіць суд закрытым. Па словах сваякоў фігурантаў, у гэты дзень суд пачаў вывучаць "сакрэтны" том № 47 у закрытым рэжыме, але працэс пасля так і не адкрылі. Якія тэрміны просіць дзяржабвінавачванне для фігурантаў — невядома.

Па інфармацыі праваабаронцаў, судовае следства скончылася, а прысуд фігурантам справы агучаць у гродзенскай турме 17 кастрычніка.

Ціск на фігурантаў справы падчас суда

Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня
Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня

На ўсіх фігурантаў справы ад пачатку судовага разбіральніцтва аказваецца беспераппынны ціск. Абвінавачаныя нават заявілі аб пагрозе іх жыццям і здароўю. У перададзеным на волю звароце яны пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў.

Зварот падпісалі Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер.

«Мы заяўляем аб рэзкім узмацненні фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных па крымінальнай справе № 20125030489 (т.зв. "справа групы Аўтуховіча"). Відавочны поўны развал абвінавачання, і сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі», — гаворыцца ў дакуменце.

Праз месяц пасля пачатку працэса начальнік гродзенскай турмы сышоў у адпачынак. Кіраванне ўзяў на сябе адзін з яго намеснікаў. З таго часу для абвінавачаных з’явілася новае правіла — адзенне фігурантаў справы перад судом прасвечвалі рэнтгенам. Усіх фігурантаў выводзілі з камер перад пасяджэннямі і прымушалі здымаць вопратку, нават трусы. 

Галіна Дзербыш аднойчы адмовілася распранацца і даваць рэчы на праверку: яна пенсіянерка, хварэе на анкалогію. Тады з яе пачалі сцягваць вопратку сілай, падчас гэтага парвалі майку жанчыны. На судзе была бачна дзірка сантыметраў дзесяць на баку.

Дзербыш падала хадайніцтва на пасяджэнні: прасіла суддзю спыніць гэтыя прынізлівыя раздзяванні. Суддзя Філатаў адказаў, што гэта не тычыцца справы і трэба звяртацца да кіраўніцтва турмы. За адмову праходзіць гэтую працэдуру жанчыну змясцілі ў карцар на 7 сутак.

У гэты ж час 61-гадовы Гундар абвесціў «сухую» галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагаваў на яго патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам. Вязні мяркуюць, што насіць яго пасля гэтага шкодна для здароўя. Таму на адным з працэсаў Уладзімір стаяў у клетцы ў адных майтках.

У пачатку верасня Антона Мельхера перавялі пад хатні арышт. Дачка Мікалая Аўтуховіча паведаміла, што тэрмін утрымання пад вартай Мельхера скончыўся, таму яго перавялі «ў інтэрнаце без дзвярэй, дзе насупраць жывуць амапаўцы».

Але ў гэты ж дзень на судзе Мельхер падаў хадайніцтва па змене меры стрымання — у камеры ўмовы былі лепшыя, чым у «інтэрнаце».

«Там няма дзвярэй у пакоі, насупраць яго назіраюць супрацоўнікі органаў. Вокны нельга адчыняць, у памяшканні няма пасцельных прыналежнасцяў і посуду», — казала дачка Аўтуховіча.

Суддзя адхіліў хадайніцтва і прапанаваў Антону набыць сабе неабходныя бытавыя рэчы. Ірына Мельхер, Уладзімір Гундар і Мікалай Аўтуховіч пракаментавалі рашэнне суддзяі, за што іх выдалілі з залы паседжанняў.

Вольга Маёрава, Віктар Снегур і Павел Рэзановіч на судзе
Вольга Маёрава, Віктар Снегур і Павел Рэзановіч на судзе

Нядаўна Вольгу Маёраву залічылі ў «дармаедкі», нягледзячы на тое, што паўтара года знахадзіцца ў СІЗА. Яе аднеслі да грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Адпаведны ліст прыйшоў ад Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска.

Ліст прыйшоў з подпісам намесніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Андрэя Мацкевіча. Вользе прапанавалі падаць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць у эканоміцы, праз электронную пошту альбо па адрасе адміністрацыі. Таксама ёй параілі звярнуцца ва ўпраўленне занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама. Пры гэтым са студзеня 2021 года Вольга знаходзіцца ў зняволенні.

Акрамя гэтага, Вольга, меркавана, захварэла ў турме на дыябет. Яна спадзяецца, што хвароба толькі пачынаецца і яшчэ можна затармазіць яе развіццё. Яна піша, што турэмныя лекары кантралюць узровень цукру ў яе крыві, аднак дамагчыся ад адміністрацыі танометра і глюкометра ў яе не атрымліваецца.

За гэтыя месяцы Гундара, Аўтуховіча і Маёраву неаднаразова змяшчалі ў карцар за «парушэнне парадку», а таксама выдалялі з залі суда. Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць, некалькі разоў трымаў галадоўку. Апошні раз такім чынам ён пратэставаў супраць чарговага спагнянна 17 верасня. Тады ён на 10 дзён, пакуль быў у карцары, адмовіўся прымаць ежу.

Мікалай Аўтуховіч трымаў «сухую» галадоўку ажно 23 дні. Ён абвесціў яе яшчэ 11 ліпеня на знак пратэсту супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці, а таксама не выдаюць газеты. За гэты час ён схуднеў на 20 кілаграмаў, моцна асунуўся і не мог самастойна перасоўвацца. Таму на некаторыя пасяджэнні яго не прыводзілі. 1 жніўня вязень спыніў галадоўку і папіў гарбаты.

Пры гэтым медыкі адзначылі, што не могуць назваць гэта галадоўкай, бо нібыта Мікалай прымаў за гэты перыяд «нейкую колькасць вады і вугляводаў» — пра гэта сведчаць даследаванні аналізаў. Сам жа Мікалай заявіў, што не згодны з заявай медыкаў і распавёў пра іншае:

«27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак. Маё здароўе цалкам падарвана».

Таксама Аўтуховіч заявіў хадайніцтва аб азнаяемленні з пратаколамі тых пасяджэнняў, на якіх ён адсутнічаў. Суд задаволіў хадайніцтва.

Апроч усяго, вядома, што пракуратура распачала крымінальныя справы за распаўсюд персанальных дадзеных турэмшчыкаў, пракурора і суддзі па «справе Аўтуховіча». Зліў дадзеных знайшлі супрацоўнікі ўласнай бяспекі пракуратуры падчас «маніторынгу інфармацыі ў Інтэрнэце».

Па інфармацыі ведамства, карыстальнікі «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў распаўсюдзілі звесткі аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці, памочніка пракурора Савецкага раёна Мінска, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і папраўчай установы «Турма № 1», суддзі Гродзенскага абласнога суда і іх блізкіх сваякоў у сувязі з разглядам крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча.

Паведамляецца, што «пад названымі інфармацыямі іншыя карыстальнікі пакінулі каментарыі абразлівага характару».

Пракуратура распачала крымінальныя справы па артыкуле за абразу службовай асобы, а таксама за незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства