viasna on patreon

Новыя затрыманні і "экстрэмісцкія" каналы, рэпрэсіі ў рэлігійнай супольнасці — хроніка пераследу 6 кастрычніка Дапоўнена

2022 2022-10-06T15:08:26+0300 2022-10-06T18:39:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hlus_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Пасля вяртання з Польшчы затрымалі былога чыгуначніка 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 26-гадовага Паўла Далгакова. На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Паведамляецца, што да выбараў Павел працаваў на чыгунцы, але пасля звольніўся і з'ехаў у Польшчу.


Пасля вяртання ў Беларусь супраць жыхара Гомеля распачалі крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 26-гадовага Андрэя Карпенкі. Паводле іх, хлопец у 2020 годзе ў сацсетках апублікаваў запіс, у якім сілавікі ўбачылі паклёп на Лукашэнку. Затрымалі Андрэя пасля вяртання ў Беларусь.

«Пакаяльнае відэа» хлопца доўжыцца 4 хвіліны, большую частку з якіх хлопец расказвае пра тое, як дрэнна ў Еўропе і Канадзе, што там да беларусаў ставяцца як да людзей «другога гатунку», а маёмасць каштуе вялікіх грошаў. І таму, нягледзячы на тое, што там танныя прадукты, ён вырашыў, што будзе жыць у Беларусі ці Расіі.


Сілавікі затрымалі журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сняжану Інанец

Пра гэта паведамляе "Медыязона" са спасылкай на сябра сям'і. Дзе цяпер знаходзяцца муж і жонка, невядома.

Аляксандр — мінскі журналіст і краязнаўца. Сняжана піша для Onliner.


Затрыманні ў Мінску

4 кастрычніка ў Мінску быў праведзены вобшук дома і на лецішчы ў 43-гадовага Мікалая Нямковіча. Вядома, што мужчыну затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Таксама 5 кастрычніка ў сталіцы быў затрыманы Сяргей Кабзенка.


Сілавікі затрымалі 26-гадовую дзяўчыну за татуіроўку «АСАВ»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Ксеніі Котавай, якую яны называюць анархісткай. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што мела татуіроўку «АСАВ», была на Пушкінскай 9-10 жніўня 2020 года, а таксама нібыта далучылася да плана «Перамога».


У Глыбокім учора быў затрыманы фатограф і відэааператар Леанід Юрык

Паводле папярэдняй інфармацыі, Леанід затрыманы паводле адміністрацыйнай справы.


Затрымалі дасведчанага трансплантолага, які рабіў аперацыі па перасадцы касцявога мозгу

5 кастрычніка ў Бараўлянах на працоўным месцы затрымалі знанага трансплантолага Аляксея Віктаравіча Аляксейчыка. Пра гэта паведамляюць калегі доктара. Аляксея Аляксейчыка вывелі ў кайданках з РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі на вачах калег, маленькіх пацыентаў і іх бацькоў. Афіцыйнай прычыны затрымання не паведамлялася. Як кажуць калегі Аляксейчыка, увесну 2022 года спецслужбы атрымалі доступ да ўнутранага чату медпрацаўнікоў РНПЦ. У ім адкрыта вялося абмеркаванне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, працы незалежнага прафсаюза «Панацэя» і г.д. Магчыма, затрыманне Аляксейчыка звязана з гэтым чатам.

РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Беларусі — перадавая ўстанова. У іншых рэгіёнах краіны няма ні спецыялістаў неабходнага ўзроўню падрыхтоўкі, ні абсталявання. Часам сюды трапляюць дзеці ў крытычным стане з-за таго, што мясцовыя медыкі бываюць няздольныя паставіць дыягназ. Затрыманы доктар Аляксейчык лічыцца адным з самых дасведчаных і прафесійных трансплантолагаў цэнтра. Ён мае стаж больш за 20 год, праводзіў аперацыі па перасадцы касцявога мозгу.


Улады закрылі школу пры каталіцкім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску

Пра закрыццё адукацыйнай арганізацыі, якая фарматам падобная да групы падоўжанага дня або прыватнай школы ці садка, паведаміў прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касцёлу айцец Юры Санько.

Хрысціянскі сацыяльны цэнтр — рэлігійная арганізацыя, якая падпарадкоўваецца кіраўніку Каталіцкай царквы ў Беларусі. У ім ёсць капліца, жылыя пакоі для ксяндзоў, а таксама прыватная каталіцкая школа.

Таксама стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову неадкладнага карыстання Чырвоным Касцёлам з супольнасцю «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». Адпаведнае апавяшчэнне ўжо атрымалі касцельныя ўлады. Ад парафіі патрабуюць забраць маёмасць з храму на працягу некалькіх дзён.


Заблакаваны сайт «metodist.wоrk»

Гэта адбылося па пастанове пракурора горада Мінска.

На сайце паведамляецца, што ён «збірае веды аб барацьбе з дыктатурай».


Viber-суполка «ХОРОШИЕ НОВОСТИ ДЛЯ ГАНЦЕВИЧЕЙ» прызнаная «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне 3 кастрычніка прыняў суд Ганцавіцкага раёну.

Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх» трапілі Telegram-каналы «ЛЕЛЬЧИЦЫ И РАЙОН» і «КПД. Коалиция Протестных Дворов».


У Глыбокім учора быў затрыманы актывіст Вадзім Хлус

А сёмай раніцы да яго прыехалі сілавікі, дома быў праведзены ператрус.

Вадзім Хлус шмат год быў апазіцыйным актывістам, назіральнікам на выбарах. У 2020 годзе двойчы сядзеў на сутках. У 2022 годзе да яго неаднаразова прыходзілі з міліцыі і пракуратуры, пісьмова папярэджвалі пра адказнасць за апазіцыйную актыўнасць.

Таксама вядома пра візіт сілавікоў да яшчэ аднаго глыбачаніна, які раней прыцягваўся за палітыку — але яго не затрымлівалі.


Палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута дадалі ў «тэрарыстычны спіс»

Акрамя яго, у «спіс, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», дадзеныя яшчэ чатыры чалавекі.

Гэта 37-гадовы Курыльчык Вячаслаў (абвінавачваецца паводле арт. 361 КК), 38-гадовы Смаляроў Дзмітрый (асуджаны паводле арт. 130 КК), 38-гадовы Беляновіч Максім (абвінавачваецца паводле арт. 130 КК) і 35-гадовы палітвязень Анатоль Яскевіч (асуджаны паводле арт. 130 КК).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства