viasna on patreon

625 новых "экстрэмістаў", Полк "Пагоня" і сацсеткі Цапкалы — экстрэмісцкія фарміраванні: пераслед 28 кастрычніка Дапоўнена

2022 2022-10-28T19:17:00+0300 2022-10-28T20:59:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hanna_loika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць былога палітвязня Дзмітрыя Фурманава ўзбудзілі новую крымінальную справу

Дзмітрый Фурманаў на судзе 19 студзеня. Фота: spring96.org
Дзмітрый Фурманаў на судзе 19 студзеня 2021 года. Фота: spring96.org

28 красавіка супрацоўнікі правялі ў яго бацькоў у Гродне ператрус у межах крымінальнай справы за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Нагодай стаў каментар пра начальніка рэжымнага аддзела папраўчай калоніі № 3 Сяргея Кібіка і начальніка папраўчай калоніі №3 Аляксея Старавойтава. Пра гэта ён сам паведаміў у сябе ў twitter.

Таксама падчас ператрусу супрацоўнікі праваахоўных органаў паведамілі, што ім вядома,што Дзмітрый цяпер знаходзіцца ў Латвіі.

Дзмітрый быў затрыманы 29 траўня 2020 года на гарадзенскім пікеце Святланы Ціханоўскай. Яму прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму за "арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Год і тры месяцы Зміцер правёў у СІЗА. 21 кастрычніка 2021 года ён выйшаў на волю з калоніі і адразу пакінуў Беларусь.


Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі пяты раз запар

Сёння над праваслаўным святарам Уладзіславам Багамольнікавым адбыўся чарговы суд, паведамляе @christianvision. Святар павінен быў выйсці заўтра на волю пасля 59 сутак за кратамі, але быў перазатрыманы па новай адміністрацыйнай справе. Яго зноў асудзілі на 15 сутак.

Нагадаем, 31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру святара і затрымалі яго. Вядома, што Уладзіслаў перахварэў у няволі на кавід. Пры гэтым для «палітычных» на Акрэсціна перадачы не прымаюць, таму ён утрымліваецца там без сродкаў гігіены.

Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.


У Гродне затрымалі дырэктара начнога клуба "Калізей"

Паўла Богдана затрымалі супрацоўнікі па барацьбе з карупцыяй за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Мужчыну пры затрыманні вывелі з кватэры і паклалі тварам на падлогу проста ў майтках, піша @nebovkletku.


Зноў затрымалі праваабаронцу Насту Лойку 

Праваабаронца Наста Лойка
Праваабаронца Наста Лойка

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з Настай. На ім яна "прызнаецца" ў тым, што нібыта "атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый".

Таксама ў канале пішуць, "затрыманая перадае прывітанне €-радио"за тое, што яе "падставілі" пад артыкул за "садзейнічанне экстрэмізму" (арт. 361-4 КК). Гэта пракаментавала "Еўрарадыё":

"Аднак гэта хлусня. Ні пасля нядаўняга затрымання і сутак, ні задоўга да яго Лойка не давала Еўрарадыё каментароў ці інтэрв'ю, і ўвогуле ніяк не ўзаемадзейнічала з намі".

У пачатку кастрычніка яе выпусцілі пасля 30 сутак — яе затрымлівалі па заканчэнні суда па справе над дзесяццю палітвязнямі. У жніўні 2021 года Лойка стала падазраванай у садзейнічанні нявыплаце падаткаў (артыкул 243 КК) па справе супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна". Праваабаронца знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе і абавязацельствам аб яўцы. 7 кастрычніка праваабаронца паведаміла, што Следчы камітэт спыніў справу.


У Мінску затрымалі супрацоўніка Міністэрства адукацыі Сяргея Навумчыка — яго абвінавачваюць у зліве звестак у ЧКБ

Затрымлівалі Навумчыка брутальна: некалькі сілавікоў раптам наляцелі на яго, калі мужчына спакойна ішоў па двары шматпавярховіка.

Як сцвярджаюць у ГУБАЗіК, жыхар Мінска у "экстрэмісцкіх" чатах пісаў каментары з заклікамі да сілавога супраціву органам унутраных спраў (сілавікі паказалі некалькі паведамленняў, датаваных жніўнем 2020 года), а таксама даслаў у бот канала "Чорная кніга Беларусі" асабістыя звесткі некалькіх суддзяў, паведамляе "Наша Ніва".


СК прад'явіў абвінавачванне супрацоўніку МТС Аляксею Кузьміну, які нібыта перадаваў "Чорнай кнігі Беларусі" асабістыя звесткі сілавікоў і "высокапастаўленых асоб" 

Галоўным следчым упраўленнем яму прад'яўлена абвінавачанне па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамаганне ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як піша ведамства, "выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, мужчына перадаваў адміністратарам дэструктыўных рэсурсаў асабістыя і білінгавыя дадзеныя службовых асобаў Беларусі, якія ў далейшым публікаваліся ў тэлеграм-каналах".


У Баранавічах дырэктар крамы аўтазапчастак назваў расейцаў акупантамі і адмовіўся прадаваць ім тавар. Яго затрымалі

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў пост, дзе распавеў пра затрыманне ў Баранавічах. Паводле іх, мужчына сказаў свойму падначаленаму: «Не продавай им ничего, они оккупанты». Пад акупантамі меліся на ўвазе вайскоўцы Расейскай Федэрацыі.

Дырэктара крамы аўтазапчастак затрымалі. Праўладны тэлеграм-канал сцвярджае, што пасля затрымання знайшліся доказы ўдзелу мужчыны ў пратэстах 2020 году, а таксама факты зробленых пасля 24 лютага грашовых пераводаў на Збройныя сілы Украіны, піша брэсцкая "Вясна".

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што супраць дырэктара крамы ўзбуджана крымінальная справа за "парушэнне раўнапраўя грамадзян" (артыкул 190 КК).

Яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.


МУС прызнаў адразу 625 чалавек "экстрэмістамі". Цяпер у адпаведным Спісе амаль 1500 прозвішчаў

МУС 28 кастрычніка абнавіў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" – спіс абнавіўся адразу на рэкордныя 625 прозвішчы. Гэта беларусы і грамадзяне іншых дзяржаваў, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па "палітычных" крымінальных артыкулах у Беларусі.

Сярод іх цяпер – галоўная рэдактарка газеты "Новы Час"Аксана Колб, асуджаны да 10 гадоў палітзняволены Ягор Міхайлаў, дырэктар студыі вэб-дызайну "Іквадарт" Глеб Койпіш, палітзняволены лекар-неўролаг Аляксандр Цялега, былы палітзняволены айцішнік Аляксей Караткоў (адбыў тэрмін у сакавіку, але МУС пазначыў, што ён адбывае пакаранне), палітзняволеная Дар'я Ляўко, якой прызначана прымусовае лячэнне па арт. 342 КК, былы палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас, стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор, якая адбывае "хатнюю хімію", былы палітвязень Данііл Калеснікаў, якога асудзілі да калоніі ў 17 гадоў, палітзняволены з разумовай адсталасцю Дзмітрый Гопта, былы палітзняволены супрацоўнік БМЗ Аляксандр Баброў, які 16 верасня 2021 года быў памілаваны, але пазначана, што ён адбывае пакаранне.


"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаны Беларускi полк "Пагоня"

Адпаведнае рашэнне прынятае 20 кастрычніка МУС.


У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — Валеры Цапкала

У рашэнні МУС паведамляецца, што "група грамадзян, аб'яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкала В.В., у тым ліку праз шэраг Інтэрнет-рэсурсаў, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць".

Таксама прызнаны "экстрэмісцкім" лагатып у выглядзе "фатаграфічнай выявы Цапкала В.В.".


Сілавікі затрымалі начальніцу юрыдычнага аддзелу сеткі салонаў "НА СВЯЗИ"

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, 26-гадовая Ілона Белавус удзельнічала ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

На "пакаяльным відэа" дзяўчына свой удзел у масавых мерапрыемствах і выхад на праезную частку адмаўляе.


Да 19-гадовай былой палітзняволенай Аніты Бакуновіч ужо месяц не пускаюць адваката 

Нагадаем, дзяўчыну затрымалі 21 верасня ў Гродне, з 24 верасня яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Прычыны затрымання дагэтуль невядомыя — да Аніты ўвесь гэты час не пускаюць адваката.

У канцы чэрвеня Бакуновіч асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.


ГУБАЗіК затрымаў магілёўскага музыку Аляксея Варанцова

Паводле паведамленняў у праўладных тэлеграм-каналах, мужчына нібыта прымаў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў каментары ў "дэструктыўных" тэлеграм-каналах.

Аляксей — музыка, бубнач і гітарыст. Граў у гуртах bez.not, Wonder Spak і іншых.


Затрымалі мужчыну, якога абвінавачваюць у стварэнні пратэснага самвыдата

Затрыманага клічуць Андрэй Фамін, яму 28 гадоў. Вядома пра яго няшмат — ён родам з Магілёва, але жыў у Мінску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працаваў капірайтарам.

У відэа ён кажа, што нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі газет "Веснікі". Таксама за гэта ён быццам бы атрымаў грошы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства