viasna on patreon

"Не падыходзь да вокнаў толькі", — 18-гадовы Ілля Верамееў — сястры ў Мікалаеў зранку 24 лютага, за тры дні да затрымання

2022 2022-10-31T15:21:03+0300 2023-02-24T18:05:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/illia_jana_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 лютага 18-гадовы Ілля Верамееў з Гомеля пачаў перапіску ў Telegram з сястрой Янай каля пятай раніцы. Прычына такой ранняй размовы — уварванне расійскіх войскаў ва Украіну і абстрэл улюбёнага ўкраінскага горада Мікалаеў, у якім жыла ягоная родная сястра. Ілля вельмі за яе хваляваўся і ўвесь час падчас перапіскі прасіў не падыходзіць да вокнаў. Праз тры дні хлопца затрымалі — пасля ягоных заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць супраць вайны: на месцы збору з гамельчукамі яго чакалі сілавікі. Праз паўгода за гэта Іллю асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі. 22 лістапада будуць разглядаць апеляцыйную скаргу палітвязня, пасля чаго яго перавядуць у калонію. Сястра Іллі Верамеева Яна распавяла "Вясне" пра брата, ягонае затрыманне і тое, як можна цяпер дапамагчы яму.

Ілля Верамееў з сястрой Янай у Чарнігаве ў 2019 годзе
Ілля Верамееў з сястрой Янай у Чарнігаве ў 2019 годзе

"Ілля марыў пераехаць ва Украіну"

Ілля толькі сёлета скончыў школу. 1 жніўня — ужо ў СІЗА — яму споўнілася 19 гадоў. Хлопец вырашыў не паступаць у навучальныя ўстановы, а пайсці працаваць. Неўзабаве ён знайшоў працу па вырабе дэкаратыўнай пліткі.

Сястра Іллі Яна жыве з сям'ёй ва Украіне ужо некалькі гадоў. Апошні раз яна бачылася з братам год таму ў Гомелі.

"Наогул Ілля марыў пераехаць ва Украіну. Ён закахаўся ў Мікалаеў пасля таго, як прыязджаў да мяне ў госці. Ён нават у сацсетках у сябе нік ставіў "Ілля Мікалаеўскі". Яму, напэўна, больш за ўсё свабода спадабалася. Мікалаеў — прыязны і просты горад".

Ілля Верамееў у Мікалаеве ў 2017 годзе
Ілля Верамееў у Мікалаеве ў 2017 годзе

Паводле Яны, брат вельмі востра ўспрыняў напад расійскіх войскаў на Украіну і, у прыватнасці, абстрэл з першых хвілінаў абвяшчэння вайны ўлюбёнага горада Мікалаева, дзе жыла ягоная родная сястра:

"Мікалаеў рэальна вельмі жорстка абстрэльваўся. У першыя дні літаральна ў 300 метрах ад майго дома падарваліся танкі. Праз пару дзён — побач крылатая ракета".

Паведамленне Іллі да сястры зранку 24 лютага
Паведамленне Іллі да сястры зранку 24 лютага

"Ілля мае абвостранае пачуццё справядлівасці"

Падчас падзей 2020 года Ілля быў яшчэ ў 10-м класе. Сястра распавядае пра ягоную рэакцыю на масавыя пратэсты і жорсткае задушэнне іх уладамі:

"Ён вельмі хваравіта ўспрыняў гэта. Ілля такі хлопец — любіць свабоду. Ён жыў у мяне каля трох месяцаў у годзе 2018-м ці 2019-м ва Украіне. Яму вельмі падабалася. Ілля мае абвостранае пачуццё справядлівасці. Ён не разумеў, як такое магчыма [гаворка пра масавыя затрыманні, збіванні і катаванні пратэстоўцаў]".

Але пасля настойлівых просьбаў і ўгаворванняў мамы тады яшчэ дзесяцікласнік не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

"Прыставілі пісталет да галавы і сказалі, што ён ужо прыйшоў"

Затрымалі Іллю ўвечары 27 лютага, каля 22-й гадзіны:

"Яго вельмі моцна абурыла гэтая ўся сітуацыя. Увечары ён сабраўся і пайшоў. І ў тым раёне, дзе ён дамаўляўся сустрэцца, яго ўжо чакалі — прыставілі пісталет да галавы і сказалі, каб не вырываўся і што ён ужо прыйшоў".

На пытанне, як дзяўчына перажыла затрыманне брата, Яна адказвае: "Я дагэтуль не перажыла".

"Я гэта перажыву, калі толькі абдыму яго. Мама яго бачыць і чуе хоць часам на спатканнях, а ў мяне толькі нейкія лісты. І тое..."

"У яго быў такі стан тады — гістэрыка і бездапаможнасць"

Ва Украіне цяпер 250-ы дзень вайны — пад вартай Ілля знаходзіцца 247 дзён. Амаль ад самага пачатку Ілля ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА. Паводле сястры, цяпер у ягонай камеры сядзяць людзі, якія вельмі моцна вераць прапагандзе. Да гэтага ў яго былі "адэкватныя суседзі".

"Вось цяпер сяджу з пяццю "зомбі". Звычайна хоць адзін заўсёды трапляўся мыслячы чалавек. Тут жа маса супярэчнасцяў, адсутнасць логікі, адмаўленне фактаў. Прычым працуе гэта ў адзін бок у іх. Самі распавядаюць відавочную лухту, не бачачы такога асабіста: "ну людзі ж ім распавядалі" (такія ж, як яны). Хоць факты супраць іх слоў, не тое што факты, нават логіка гуляе супраць відавочнай лухты. Што ім падабаецца, дакладней "праграме" , закладзенай у іх галовы, тое праўда. Што "праграме" іх не падабаецца, тое "не можа быць". Вось неяк так. Страшна гэта назіраць, калі шчыра. І самае галоўнае: іх не пераканаць! Гэта будзе марнаванне часу. Асабіста правяраў дзясяткі разоў. І нібыта сядзіш, тлумачыш, нібыта бачыш, што разумее, нават з чымсьці згаджаецца. Праз 10 хвілін падыдзеш да яго зноў з той жа тэмай, дзе ён, здаецца, разумеў і пагаджаўся, і зноў марнуеш 1,5-2 гадзіны часу і нерваў. І гэта кожны раз. Усё па коле, як "праграма" закладзена, так ён і будзе думаць, не, не думаць, то і будуць казаць, тыя дзеянні і будзе выконваць яго цела. Вельмі страшна — згубленыя людзі цалкам. І такіх большасць", — распавядае сам Ілля ў лістах.

Суд над Іллём адбыўся у Гомельскім абласным судзе напрыканцы жніўня. Працэс праходзіў у адкрытым рэжыме — на яго змаглі трапіць бацькі і сябры хлопца. Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў. У выніку Верамееву на падставе ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варажнечы) прысудзілі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць гадоў і шэсць месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

verameeu_sud.jpg
Ілля Верамееў на судзе ў канцы жніўня 2022 года

Ілля Верамееў на судзе напрыканцы жніўня 2022 года

"Ён трымаўся добра. На здымку з суда відаць, як ён пасталеў... На спатканні маці потым прызнаваў, што папаўся вельмі недарэчна. У яго быў такі стан тады [пачатак вайны] — гістэрыка і бездапаможнасць. Назапасілася гэта ўсё настолькі, што аж да псіхозу нейкага".

Сястры распавялі (сама яна ў Беларусь з Украіны прыехаць не можа), што Ілля ўспрыняў прысуд спакойна — ён ужо чакаў такі тэрмін:

"Ён успрыняў гэта ўсё спакойна. Ён вельмі верыць у беларусаў і Украіну, што ўсё будзе добра".

"Але столькі гадоў за каментары? Сур'ёзна? У мяне гэта не укладаецца ў галаве. Я вельмі доўга жыву ва Украіне ўжо, і вось гэтае адчуванне свабоды і выканання закона ў мяне засела вельмі глыбока. І гэтае беззаконне мяне проста вымарожвае", — рэагуе сястра на прысуд.

22 лістапада ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі — пасля гэтага хлопца этапуюць у калонію.

Што пісаць у лістах і пакласці ў пасылку Іллю?

Сястра палітвязня распавядае, што хлопец з дзяцінства меў шмат інтарэсаў: ён скончыў музычную школу па класе баяна, займаўся спортам — захапляўся батутамі і барацьбой. Незадоўга да затрымання ён атрымаў правы кіроўцы — "яму вельмі падабаецца кіраваць машынай". Паводле Яны, хлопец вельмі любіць гатаваць і маляваць. 

Письма Ильи из заключения
Лісты Іллі са зняволення

"Ён з дзяцінства любіў маляваць — у яго гэта няблага атрымлівалася, ён прамалёўваў усё да самай дробнай дэталі. І цяпер у СІЗА ён малюе шмат. Ілля хацеў стаць дальнабойнікам, як і я. Таксама хацеў стаць паліцыянтам ці бізнэсоўцам.

Ілля вельмі любіць аўтамабілі, маляванне і гатаванне. Яму было б цікава прачытаць рэцэпты страў з таго, што можна прыгатаваць там. Ілля вельмі любіць музыку, але цяпер расійскую не слухае. Пасля затрымання ён прасіў даслаць яму тэксты песень, але іх не прапусцілі. Я прасіла яго праз маму, каб ён намаляваў комікс пра нашу з ім сустрэчу...

Калі ёсць такая магчымасць, то прашу паслаць яму пустых канвертаў і прыналежнасцяў для малявання — алоўкі і паперу. Мяркую, ён быў бы вельмі рады гэтаму!"

Да апеляцыі (22 лістапада) хлопца можна падтрымаць пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Ілля Аляксандравіч Верамееў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства