viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2022 2022-11-14T18:38:30+0300 2022-11-15T10:22:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/freeviasna_banner_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Следства па справе "Вясны" скончанае

Ужо 16 месяцаў за кратамі ўтрымліваюцца кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч

Вядома, што следства па крымінальнай справе супраць іх скончанае, праваабаронцы азнаёміліся з матэрыяламі справы. Пра гэта ў адным з лістоў на волю распавёў Валянцін Стэфановіч. 

Нагадаем, Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча першапачаткова вінавацілі ў нясплаце падаткаў у буйным памеры, але пазней іх змянілі крымінальныя артыкулы і выставілі абвінавачванні ў "кантрабандзе групай асобаў" і "фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак". Цяпер ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. 

"Свабоду Алесю Бяляцкаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022"

Акцыя "Свабоду Алесю Бяляцкаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022" прайшла ў Цюрыху. Яна была арганізаваная нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco — Partnership for Human Rights, Razam Switzerland і Amnesty International Switzerland.

libereco_action.jpg
Акцыя за вызваленне Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў у Цюрыху. Фота: libereco.org

Праваабаронцы з Libereco працягваюць збіраць подпісы за вызваленне Алеся Бяляцкага і ўсіх беларускіх палітвязняў. На дадзены момант сабрана больш за 80 000 подпісаў. Пасля збору подпісаў зварот будзе дасланы амбасадару Беларусі ў Германіі Дзянісу Сідарэнку і ганаровым консулам Беларусі ў Германіі Марціну Шродэру і Фрэнку Косіку.

Яшчэ ў ліпені 2020 года Libereco у знак салідарнасці з Беларуссю распачала кампанію #WeStandBYyou, у межах якой еўрапейскія парламентарыі агітуюць за вызваленне палітвязняў. На сёння больш за 300 парламентарыяў ад больш як дзясятка еўрапейскіх краін ужо сталі сімвалічнымі "хроснымі" палітычных зняволеных Беларусі.

Марына Золатава з-за кратаў: "Нобелеўка Бяляцкага матывуе і натхняе ўсіх палітвязняў"

Да дня нараджэння вядомай беларускай журналісткі, галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай, які быў 6 лістапада, блог "Людзі" сабраў цытаты з яе лістоў. Адна з іх тычылася Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

"За гэтыя паўтара года ўнутры мяне былі вельмі розныя пачуцці — і негатыўныя, і пазітыўныя. З апошніх пазітыўных — навіна пра тое, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Навіны тут вельмі спазняюцца, але, што цікава, за некалькі хвілін да таго, як я ўсё даведалася, я з ім разам ішла па калідоры турмы. А ён, сціплы, нічога не сказаў.

Проста ўяві, як гэта выглядае: чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, сядзіць у некалькіх камерах ад цябе. Думаю, гэтая Нобелеўка Бяляцкага матывуе і натхняе ўсіх палітвязняў. У нас на Валадарцы дык дакладна".

Уладзімір Лабковіч: "Галоўнае, каб была магчымасць чытаць і пісаць"

Палітзняволены каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч даслаў кароткую вестачку з-за кратаў. 

"Здароўе маё так сабе. Але якое яно можа быць тут. Я проста перастаў зважаць на яго. Мой фізічны стан больш мяне не хвалюе. Галоўнае, каб была магчымасць чытаць і пісаць.

У рэшце рэшт з бібліятэкі прынеслі кнігу В. Марціновіча "Мова". Зараз пасля азнаямлення будзе больш часу для чытання", — напісаў праваабаронца ў лісце.

Нагадаем, за час утрымання Лабковіча за кратамі ў яго моцна пагоршыўся зрок, а таксама часта баліць галава. 

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Мінуў год з вынясення прысуду гомельскім праваабаронцам

Год таму — 3 лістапада — быў вынесены прысуд кіраўніку Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніду Судаленку і яго памочніцы Таццяне Ласіцы. Іх пакаралі пазбаўленнем волі на тры і два з паловай гады адпаведна. Вырак вызначыў суддзя Сяргей Салоўскі. 

Свой тэрмін Леанід адбывае ў папраўчай калоніі №3, а Таццяна ў верасні была памілаваная і выйшла на волю.

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Яшчэ ёсць час падтрымаць Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка 

Больш за два месяцы таму ў Мінскім гарадскім судзе агучылі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку, актывістам анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду, Аляксандру Францкевічу, Аляксею Галаўко, Аляксандру Казлянку, Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Андрэю Марачу і Данілу Чулю. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Палітвязням прызначылі ад пяці да 17 гадоў калоніі.

Цяпер палітвязні чакаюць апеляцыю ў СІЗА, дата разгляду скаргі пакуль невядомая. За гэты час кожны і кожная можа падтрымаць іх лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі і бандэролямі з прыемнымі дробязямі.

Усяго некалькі дзён засталася да заканчэння збору для фігурантаў справы на BYSOL. Паспейце фінансава падтрымаць палітвязняў!

"Яны чакаюць цёплых вестачак ад нас". Як парадаваць Марфу і іншых палітзняволеных?

Налепка з выявай Марфы Рабковай з'явілася на Арцы "Дружба" ваенна-грузінскай дарогі недалёка ад сяла Гудаўры. Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук адзначае, што гэта адзін са спосабаў распаўсюду інфармацыі і прыцягнення ўвагі да лёсу Марфы.

"Трэба трымаць на парадку дня тэму палітвязняў у Беларусі і казаць пра іх любымі спосабамі ў межах сваіх магчымасцяў: праз СМІ, у сацсетках, на публічных мерапрыемствах, у размовах з блізкімі. І кожнае з гэтых дзеянняў будзе вельмі важным. У інстаграме ёсць акаунт @freemarfa, які створаны ў знак салідарнасці з праваабаронцай, што ўтрымліваецца ўжо больш за два гады ў СІЗА. Фатаграфуйце налепкі ці партрэты Марфы ў розных цікавых мясцінах і адзначаеце яе ў інстраграме".

marfa_sticker5.jpg

Таксама Дзіяна Пінчук дзеліцца, чым можна парадаваць Марфу Рабкову:

"Сімвалічныя бандэролькі і пасылкі будуць вельмі вялікай падтрымкай для Марфы. Туды можна пакласці канверты і пустыя паштоўкі. Марфа вельмі любіць розныя сыры, таму можна яе парадаваць імі. Таксама заўсёды актуальнымі для вязняў будуць розныя гарэхі і цукаты. Я ўпэўнена, што Марфа будзе вельмі ўдзячная за любую ўвагу да яе.

Таксама ёй можна зрабіць грашовы перавод, за які яна зможа набыць у турэмнай краме, што ёй неабходна ці выпісаць сабе газеты. Варта адзначыць, што грошы, якія будуць пералічаныя на яе рахунак у СІЗА, пяройдуць з ёй у калонію. Таму яна зможа скарыстацца імі там.

І працягвайце пісаць Марфе, зняволеным праваабаронцам і іншым палітвязням лісты і дасылаць тэлеграмы. Гэта застаецца вельмі важным спосабам падтрымкі ў любы час і сітуацыі. Варта памятаць, што яны чакаюць цёплых вестачак ад нас".

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства