viasna on patreon

Палітзняволеная Іна Шырокая: "На "Валадарцы" я склала спіс плюсаў СІЗА"

2022 2022-11-18T14:05:17+0300 2022-11-18T14:40:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shyrokaya_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былая палітзняволеная Іна Шырокая — гродзенка, маці пецярых дзяцей. У жніўні 2020 года АМАП збіў за ўдзел у мірным пратэсце яе 18-гадовага сына, а яе дачка валанцёрыла на Акрэсціна. Тады яна пачала хадзіць на мітынгі, актыўна выказваць сваю пазіцыю на працы — жанчына была загадчыцай адной з гродзенскіх кавярняў. У вечар перад візітам Лукашэнкі ў Гродна Іна выставіла на ганак кавярні белыя і чырвоныя свечкі. Пасля гэтага яе звольнілі.

Яна спрабавала пачаць новае жыццё, навучыцца новай працы. Але аднойчы зранку яе затрымалі, а дома засталіся трое непаўнагадовых дзяцей. Яна правяла ў СІЗА больш за тры месяцы, пасля чаго атрымала тры гады «хатняй хіміі» і здолела з'ехаць з Беларусі. Цяпер жанчына знаходзіцца ў Польшчы.

Закладнікі Лукашэнкі: маці-гераіня бегла з Беларусі

Інтэрв'ю Іны Шырокай Руслану Кулевічу, у якім яна распавядае пра падзеі ў сваім жыцці.

Іна распавяла «Вясне» пра тое, як падтрымліваць сябе там, дзе гэта здаецца немагчымым, і расказала пра свой стан у эміграцыі.

«І праз колькі яе на НЕХЦЕ пакажуць?»

— Калі мяне затрымалі, з Гродна ў Мінск я ехала ў машыне з трыма супрацоўнікамі ГУБАЗ. Тады я яшчэ была ўпэўненая, што ўсё гэта будзе прафілактычная гутарка, ад якой трэба прыгожа адмазвацца, — і ўсімі сіламі спрабавала гэта рабіць. Калі мяне прывялі да следчага, я, хутчэй, інтуітыўна зразумела, што любыя словы могуць быць выкарыстаныя супраць мяне, і вырашыла адмовіцца даваць паказанні. Гэта аказалася слушным рашэннем, якое потым пацвердзіў мой адвакат. Ужо на «Валадарку» дзяўчынкі з допытаў прыходзілі спалоханыя, таму што падчас трэцяй-чацвёртай гутаркі ўздымалася першая — і ім ставілі ў віну тое, што атрымалася выбіць тады. У стрэсе людзі або казалі лішняе, або падпісвалі тое, што ім падсунулі, — следчыя рэальна гэтым маніпулююць. 

shyrokaya_4.jpg
Іна на адным з Маршаў

Але мне пашанцавала: на мяне не ціснулі, не білі, не аблівалі вадой і не цягалі за валасы ў калідоры, як іншых дзяўчынак. Не ведаю, ці вытрывала б я такое. Таму, калі мяне дзве гадзіны запісвалі для «пакаяльнага» відэа, я паводзіла сябе, як дурнічка, — можа быць, праз стрэс. Мабыць, яны не атрымалі таго, чаго хацелі, бо відэа ў выніку не выйшла. А можа быць, ніхто не хацеў такой ахвяры пратэсту і аповедаў пра тое, як ГУБАЗіК затрымаў шматдзетную маці. Паводле гутарак я зразумела, што яны таксама асцерагаюцца агалоскі: калі мяне прывялі да следчай, яна запытала: «І праз колькі яе на НЕХЦЕ пакажуць?» Калі яны адчуваюць магчымасць нават інфармацыйнага пакарання, яны падстрахоўваюцца і не робяць чагосьці. Адна рэч — біць неабароненых 20-гадовых дзяўчынак, і зусім іншае — як быццам больш абароненых магчымай агалоскай людзей з сацыяльным статусам.

"Пакаяльныя" відэа: што яны парушаюць і як уздзейнічаюць на чалавека

"Вясна" паразмаўляла з юрыстам і спецыялісткай ў галіне псіхалогіі, каб разабрацца, якія нормы парушае запіс падобных відэа, якім чынам яны ўздзейнічаюць на ўдзельнікаў здымкі і тых, хто іх глядзіць, а таксама якое пакаранне можа чакаць тых, хто іх стварае.

Кожны з супрацоўнікаў выдаваў з сябе шрубку ў сістэме, маленькага чалавека, які ўсяго толькі робіць сваю працу. Мая следчая нават аднаго разу сказала мне: «Магчыма, мы сустрэнемся з вамі на ўроку ёгі і ўсё гэта здасца страшным сном». Але я зразумела, што пераконваць іх ці звяртацца да пачуццяў — марна. Галоўная зброя — гэта халодная ветлівасць і адасобленасць, не дазваляць сабе апускацца да іхняга узроўню. Так я спакойна прасіла п'янага «прадольнага» на Акрэсціна выклікаць доктара, калі нас скусалі клапы, а ён казаў, што ўсе меткі праз тое, што мы чапаем твар рукамі (мы з дзяўчатамі рабілі фэйс-ёгу). Я дазваляла сабе выказаць меркаванне, толькі калі сітуацыя была зусім неадэкватнай: напрыклад, калі на шпацыры на Валадарскага супрацоўніца СІЗА нацкоўвала на нас сабаку.

Вядома, калі б мне сказалі, як гэта ўсё павернецца, я б не паверыла: шматлікія рэчы былі занадта абсурдныя. Я была ўпэўненая, што з'яўляюся часткай плацежаздольнага звяна грамадзянскай супольнасці, якое патрэбнае краіне, што дзяржава не будзе помсціць людзям. Але я разумею, што па-іншаму было нельга. Калі б я разумела ступень наступстваў, была б асцярожная, не дзейнічала б так адкрыта, каб не падстаўляць сябе. Цяпер кожны беларус у свайго кшталту латарэі, у сістэмы ёсць бязмежная колькасць магчымасцяў саджаць людзей за краты. Нельга адкрыта выказваць сваё меркаванне, пісаць у сацыяльных сетках. Рэгістрацыя ў плане «Перамога», любыя фатаграфіі з мітынгаў у адкрытых крыніцах і тэлефоне — асаблівая зона рызыкі. Ідзе мэтанакіраваная праграма знішчэння грамадзянскага насельніцтва, таму мне трывожна і крыўдна за тых, хто ўсведамляе небяспеку і застаецца ў краіне. Але тэрмін гэтага не варты: лягчэй засцерагчы сябе ў іншай краіне і захаваць здароўе. Расстаноўка сіл цяпер не пакідае іншых магчымасцяў.

«За месяц да суда мама напісала мне, што ў яе лімфасаркома»

­— Самы страшны этап — тыдзень да прысуду. Я разумела, што на судзе не магу прыкідвацца нават нейтральнай, каб атрымаць меншы тэрмін, таму што яны чыталі мае асабістыя перапіскі ў тэлефоне. А за месяц да суда мама напісала мне, што ў яе лімфасаркома, таму калі б я патрапіла ў калонію, я больш не ўбачыла б яе. Гэты этап складана перажыць, таму што гэта няма чым кампенсаваць, ніякіх спосабаў самападтрымкі няма.

Але ў мяне ўвесь перыяд зняволення была дакладная сістэма. Я прытрымвалася распарадку, максімальна структуруючы сабе кожны дзень: шпацыр, ёга, кнігі, медытацыі, лісты, душ (раз на тыдзень, калі ён быў). Усе справы былі сумнымі і руціннымі, але яны запаўнялі дзень, і час ішоў хутчэй. Я вяла асабісты дзённік, дзе прапісвала свой эмацыйны стан, назіранне аб сабе і людзях. Яшчэ я склала плюсы і мінусы турмы. Некаторыя з іх былі выссаныя з пальца, але на іх можна было абаперціся. У гэтым спісе было каля дваццаці пунктаў: магчымасць адрасціць натуральны колер валасоў, паправіць форму броваў, дакладны план дня і рэжым, інфармацыйны дэтокс, напісанне лістоў. А перад самым прысудам я апісала сістэму стратаў — тое, чаго ў мяне не будзе, калі я атрымаю калонію. Я разумела, што іх прыйдзецца «адплакаць», адгараваць і перанесці на доўгатэрміновую перспектыву. З СІЗА я вынесла толькі дзённік і лісты, гэта мой каштоўны багаж.

Абаперціся на іншых моцных асоб — не варыянт, таму што ні ў каго не стаіць задача кагосьці падтрымліваць. Людзі, якія разумеюць, што ім свеціць вялікі тэрмін, не будуць выдаткоўваць на цябе з патэнцыйнай «хіміяй» шмат энергіі. Але добра, калі атрымоўвалася рабіць пэўныя рэчы групай. На Акрэсціна ў шокавым стане мы ўсё рабілі разам: прамаўлялі падзякі і эмацыйны стан, спявалі мантру і рабілі медытацыі на расслабленне. Мяне забралі паміж урокамі ёгі, таму ў мяне быў настрой на аўтаматызме вучыць людзей ёзе. Але на «Валадарцы» ўсе апынуліся без асабістай прасторы і перспектывы яе атрымаць, таму ўсе разумелі, што навязваць штосьці будзе няправільна. Таму проста цешылася, калі хтосьці далучаўся да майго комплексу. Калі я сыходзіла, замалявала ў сшытку, дзе мы запісвалі песні і вершы, базавыя паслядоўнасці асан. Магчыма, гэта камусьці дапаможа.

shyrokaya_.jpg
Іна ў дзень вызвалення

У СІЗА важна, каб вакол цябе былі стабільныя людзі — тады гэта перадаецца і табе. Я магу сказаць, што са зносінаў з людзьмі вынесла для сябе не нейкія навыкі, а адчуванне, імкненне адпавядаць грамадству вакол цябе. Напрыклад, ува мне выхавалі добры літаратурны густ. На нашу камеру замаўлялася чароўная літаратура з рэкамендацыяй Голубевай і Золатавай. Мы чыталі Салжаніцына, Брэдбэры, Рыбакова, Рэмарка. Усё гэта пасавала паводле атмасферы турэмнага жыцця. Чытаючы «Архіпелаг ГУЛАГ», я не ўтрымлівалася і падкрэслівала алоўкам некаторыя фразы, а потым сустракала падкрэсленні іншых з каментаром «2020!!!» І я разумела, што чалавек з суседняй камеры зусім нядаўна гэта чытаў.

Яшчэ адным добрым заняткам зрабіліся лісты. Цікава, што я была па абодва бакі: спачатку адчувала шмат сораму і нерашучасці, пра што распавядаць, калі пісала палітвязням у 2020 годзе, а калі села, зразумела, што любая інфармацыя — кайф. Я прасіла блізкіх не адчуваць памылковы сорам за тое, што яны на волі, а дзяліцца са мной аповедамі, дасылаць выдраныя кавалкі з маіх канспектаў і кніг. З іншага боку, адна дзяўчына ў камеры пасля лістоў затулялася за шторкай, пускала ваду і рыдала, каб не было чуваць. Яна ўсё пыталася: «Ну навошта мне ведаць, што вы там саджаеце агуркі і памідоры?» То бок ніколі незразумела, якія лісты як лягуць на чалавека. Але заўжды выдатна зойдуць простыя паштоўкі: гэта колер, фактура, якія там недасяжныя. Гэта аншлаг, які заўсёды хадзіў па руках. Калі я сама пісала дзяўчатам ужо адсюль, я проста пісала, што люблю іх і малюся.

«Дзве мае вышэйшыя адукацыі тут не дапамагаюць»

— Ужо чацвёрты месяц, як я знаходжуся ў вымушанай эміграцыі. Пачуццё небяспекі прайшло, замест яго прыйшло пачуццё незваротнасці, разуменне, што масты спаленыя. Дзеці перыядычна пытаюцца, калі мы паедзем дадому, а я не ведаю, што ім адказаць.

Псіхалагічная дапамога: Як дапамагчы дзіцяці перажыць траўматычную падзею

Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.

Мая сям'я раскіданая: трое дзяцей са мной, яшчэ двое — у дзвюх іншых краінах. Мама, якая хварэе, засталася ў Беларусі, я разумею, што зносіны са мной ставяць пад пагрозу маіх сваякоў, таму мы мала камунікуем. Наогул усё наноснае дало расколіну і адышло: некаторыя адносіны стала немагчыма падтрымліваць, у тым ліку, з маім грамадзянскім мужам. Для мяне гэта стала добрай, хоць і вымушанай, школай жыцця, засяроджваннем на сабе і сваіх рэакцыях, разуменнем, калі трэба дапамагчы сабе аднавіцца.

З пункту гледжання чалавека, які сядзеў між чатырох сцен і не разумеў, калі ён выйдзе, цяпер у мяне ўсё значна лепш. З пункту гледжання звычайнай жанчыны з грамадзянскімі і прафесійнымі амбіцыямі я разумею, што я чалавек без статусу. Тут людзі майго ж веку не ўспрымаюць мяне як роўную, нават калі я звяртаюся на ламанай польскай, для мясцовых жыхароў я як быццам толькі праз гэта ўжо дурнейшая за іх. Мае дзве вышэйшыя адукацыі тут не дапамагаюць.

Ратуе клопат пра сябе, праца з псіхолагам і валяр'янка ўдарнымі дозамі. Я выкладаю ёгу як валанцёрка для такіх жа, як і я — галоўным чынам, беларусаў і ўкраінцаў. Гэта трымае мой сацыяльны і асобасны статус. Але ў той жа час я разумею, што моўны бар'ер ды іншыя прававое поле і менталітэт не дазволяць мне рэалізавацца як мэнэджарцы і быць паўнапраўнай часткай гэтага грамадства, што ў мяне было ў Беларусі. Спадзяюся, гэта атрымаецца ў дзяцей.

Цяпер немагчыма рабіць планы, але можна засяродзіцца на «тут і цяпер»: магчыма, гэта тое, чаго шмат каму з нас бракавала. У мяне закрытыя базавыя патрэбы, я разумею, што мне відавочна пашанцавала: маіх сукамерніц асудзілі на калонію, а я выйшла на волю і з'ехала. Таму сваю асабістую ўдачу я расцэньваю як магчымасць трымаць сябе годна. Людзі, якія не выйшлі так лёгка, — мой боль і мой «іспанскі сорам». Я хачу, каб людзі былі свабодныя, каб гэтыя затрыманні, дзікасць і варварства скончыліся. Мне хочацца сустрэцца з сям'ёй на радзіме, мець свой дом і абняцца з мамай. Такія відавочныя рэчы са звычайнага жыцця з натуральных цяпер ператварыліся ў недасяжную мару.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства