viasna on patreon

“Бл…, чаму ён дагэтуль у цябе яшчэ цэлы сядзіць?” Як пішуцца “пакаяльныя” відэа з удзельнікамі акцый пратэсту

2022 2022-11-24T15:14:02+0300 2022-11-24T18:16:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pakajalnae-videa-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Вясна” распавядае гісторыю маладога жыхара Мінска Барыса, які 9 і 10 жніўня 2020 года прымаў удзел у акцыях пратэсту пасля абвяшчэння выбараў прэзідэнта. Юнака затрымалі спачатку па адміністрацыйнай справе, а затым, як гэта часта практыкуецца сілавікамі, і па крымінальнай. Пакараны “хатняй хіміяй” на тры гады, Барыс змог тэрмінова з’ехаць з Беларусі, аднак дагэтуль непакоіцца за лёс маці, якая засталася ў Мінску, перажывае, што могуць узяцца і за яе. Таму сапраўднае прозвішча Барыса мы не называем.

Жыхар Мінска Барыс, якому зараз крыху больш за 20 год, працаваў барменам. 10 красавіка 2022 года пасля працоўнай змены, якая звычайна завяршаецца даволі позна, ішоў з сябрам у бок рэстараннага комплексу “Журавінка”, каб замовіць таксоўку дахаты. Аднак паз некаторы час замест таксі пад’ехаў цёмны бусік і без тлумачэння прычын юнакоў схапілі і ўкінулі ў аўтамабіль.

Супрацоўнікі міліцыі адвезлі іх ў Цэнтральны РУУС, дзе адразу забралі мабільныя тэлефоны “для вывучэння” зместу.

Затым на Барыса склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння нібыта за “непадпарадкаванне” і супраціў пры затрыманні  (арт. 24.3 КаАП) і адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна, дзе ён чакаў суда амаль трое сутак. Там жа на месцы па скайпу адбыўся суд. Прычым, на судзе выступаў невядомы зусім сведка, якога ў момант затрымання не было ўвогуле. Ён даваў паказанні чамусці ў масцы.

Сведка даводзіў суду, што нібыта мы намерваліся зладзіць пікетаванне і гэта позна вечарам? Пры затрыманні супраціўляліся. Суд пастанавіў пакараць Барыса адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Адзінаццаць сутак у карцары

Праз некалькі дзён Барыса змясцілі ў карцар, дзе ён адседзеў 11 сутак.

Па словах субяседніка, у карцары заўсёды было больш за 10 чалавек, хаця памяшканне і не разлічанае на такую колькасць арыштаваных. Амаль усе – па “палітычных артыкулах”. Праўда час ад часу кантынгент “разбаўлялі” і падкідвалі аднаго-двух “бомжыкаў”. Калі яны адмываліся і прыходзілі ў нармальны стан, іх некуды пераводзілі.

Ежы практычна не было. А калі што давалі ў кармушку – на тое глядзець было немагчыма, не тое што есці.

"Потым, калі да мяне ў ІЧУ завітаў следчы, я зразумеў, што мяне падазраюць у крымінальным злачынстве. Так і адбылося", - узгадвае Барыс.

Пасля сканчэння адміністрацыйнага арышту Барыса перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

21 ліпеня у судзе Першамайскага раёна Мінска Барыса прызналі вінаватым па “народным” артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя МаксімТрусевіч таксама задаволіў зыск прадпрыемства “Мінсктранс” на суму 21 000 рублёў.

На судзе Барыс даведаўся, што ў маці быў праведзены ператрус, аднак нічога асаблівага не знайшлі.

Як пішуцца “пакаяльныя відэа”

“Малады супрацоўнік Губазіка ў званні старшага лейтэнанта паказаў мне раздрукоўкі фотаздымкаў удзелу ў акцыях пратэсту, якія адшукалі ў маім тэлефоне, і найстойліва прапанаваў запісаць відэа з прызнаннем сваёй віны. Даў паперку з тэкстам, каб я мог азнаёміцца. Там не ўсё мне спадабалася і я адказаў, што буду казаць толькі пра фотаздымкі, дзе я бачны. Бо адмаўляць тут не выпадала.

Так мы запісаліся першы раз. Аднак відэа не спадабалася нейкаму вышйшаму начальству, да якога схадзіў лейтэнант.  Перазапісалі яшчэ раз.

Тады ў пакой зайшоў яшчэ адзін губазавец і груба сказаў:

“Бл… чаму ён дагэтуль у цябе такі цэлы сядзіць?"

Такім чынам запісалі трэцюю версію “пакаяльнага відэа”, амаль па прапанаванаму тэксту”.

У верасні, калі апеляцыйная скарга на прысуд Першамайскага суда была пакінутая без задавальнення, Барыс прыняў няпростае рашэнне. Ён пакінуў Беларусь і зараз знаходзіцца ў бяспецы, пакрысе адаптуючыся да новага жыцця.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства