viasna on patreon

Мужчыну асудзілі да "хатняй хіміі" за каментар у бок былога начальніка ГУБАЗіКа

2022 2022-11-28T20:10:38+0300 2022-11-29T11:28:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vkontakte.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 лістапада суд Дзяржынскага раёна вынес прысуд 35-гадоваму жыхару Фаніпаля Артуру Ваўчку. Суддзя Раман Крыловіч прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (“Абраза прадстаўніка ўлады”) і асудзіў на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”.

Пры гэтым ён мусіць выплаціць 2240 рублёў штрафа (70 базавых велічынь), ягоны тэлефон канфіскаваны. Да вынясення прысуда Ваўчок знаходзіўся пад вартай. Яго вызвалілі ў зале суда.

Артур Ваўчок – слесар. Раней абвінавачанага некалькі разоў судзілі за хуліганства і крадзеж. Тады яго таксама асудзілі да “хатняй хіміі”. Ён быў амніставаны. Таксама Ваўчок распавёў, што ў яго чацвёра дзяцей: афіцыйна ён запісаны бацькам толькі адной з іх, але ён запэўніў суд, што выплачвае аліменты ім усім.    

Яго судзілі за каментар “ВКонтакте” ў бок былога начальніка ГУБАЗіК, а цяпер начальніка дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС РБ, палкоўніка міліцыі Андрэя Паршына пасля здарэння з стралянінай у падлетка ў ЖК "Каскад". Абвінавачанне ўспрыняла каментар як публічную абразу прадстаўніка ўлады. З судовага пасяджэння стала вядома, што каментар падчас маніторынга суполкі NextaTV “ВКонтакте” знайшоў оперупаўнаважаны брэсцкага ГУБАЗіКа Кавалевіч.

Артур Ваўчок прызнаў віну. Ён распавёў, што паддаўся эмоцыям і напісаў каментар.  

Падчас допыта суддзя Крыловіч пытаўся ў абвінавачанага на павышаных танах:

— Наогул вам вядома было, што Nexta ужо з 2020 года забаронены сайт? Што вас можна было прыцягваць да адказнасці толькі за тое, што вы карыстаецеся і чытаеце гэты сайт?.. Я хачу зразумець ваш матыў. Вы сёння кажаце, што ў вас чацвёра малалетніх дзяцей, і пішыце “засунуть медали” гэтаму чалавеку, які толькі і робіць, што 24/7 абараняе спакой вашых малалетніх дзяцей. Вы што-небудзь бачылі, чулі пра гэтага чалавека? Ці ведаеце, як ён заслужыў медалі?..

А як гэта расцэньваць? Вось вы пачалі сваё жыццё з 2005 года, здзейсніўшы асабліва злоснае хуліганства. Ну? Паршыны, начальнікі міліцыі такія, вырашылі вас пашкадаваць, прымянілі да вас амністыю, у адным выпадку скарацілі тэрмін, калі вы адбывалі пакаранне, потым вас наогул вызвалілі ад пакарання. Дзяржава вырашыла, што дастаткова. Вы, хоць і здзейснілі асабліва цяжкае злачынства, выправіліся.

Але вам хуліганства засталося мала. Мы пасля вызвалення, адбыцця пакарання за асабліва цяжкае злачынства, здзяйсняем рабаванне. Што там хуліганства, мы выкарыстоўваем гоп-стоп. Так? Скрадзем, прычынім гвалт і адкрыта выкрадзем маёмасць. Добра, што там, пабылі, скралі, аказалася мала — і праз 6 гадоў мы зноў паўтараем злоснае хуліганства. М? Так што зрабіў вам пацярпелы, што вы вырашылі абражаць і зневажаць яго годнасць? Толькі ад такіх, як вы, абараняў у той час, як вы здзяйсняеце злачынствы, здзекуецеся з грамадзянаў гэтай краіны. Паколькі хуліганства, рабаванне ўчыняецца толькі супраць асобы грамадзяніна. Растлумачце мне. Вы сёння перажываеце за сваіх дзяцей, для якіх вы не сталі бацькам, якіх вы не прызналі бацькоўства. Так вы спрабуеце сёння сказаць суду, што ў вас чацвёра малалетніх дзяцей, бацькам якіх запісаныя вы толькі толькі ў старэйшай, а астатніх пра тое, што вы з'яўляецеся бацькам, дадзеных няма. Ёсць пасведчанне аб заключэнні шлюбу. Прозвішча дзяцей запісаная са слоў маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе. Сапраўдныя бацькі, нават калі дзеці нараджаюцца не ў шлюбах, ідуць і афармляюць сваё добраахвотнае бацькоўства. Так што растлумачце мне, з якой мэтай вы апублікавалі дадзеныя запісы?

Не памятаеце? Вы калі здзяйснялі злачынства, вы былі ва ўсіх выпадках вінаваты, праяўлялі сваю непавагу да грамадства, а цяпер вы стаіце тут і мямліце мне. Я хачу выразна ад вас пачуць, што і чаму вы так здзейснілі. Вы мужчына, адказвайце за свае ўчынкі.

У паўзах паміж прамовай Крыловіча Ваўчок неразборліва спрабаваў нешта пракаментаваць, а ў канцы адказаў:

— Я вінаваты, напісаў запіс я, шчыра раскайваюся, не ведаю, як сябе апраўдаць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства