За рэпост паведамлення пра двух сілавікоў — два гады калоніі
"Вясне" стаў вядомы прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхара Навагрудчыны Віктара Пільжыса. 13 кастрычніка 2022 года яго асудзілі за рэпост паведамлення пра двух сілавікоў з Ваўкавыска на два гады калоніі. Справу Пільжыса разглядаў суд Карэліцкага раёна.
Віктар Пільжыс — жыхар вёскі Шчорсы Навагрудскага раёна. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў рэпост на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" допісу з групы "Гродненская Область Перемен!". Само паведамленне прысвячалася двум работнікам устаноў пакаранняў. Так, пра оперупаўнаважанага папраўчай калоніі № 11 Кірыла Дырынду там гаварылася, што ён — "удзельнік здзекаў з палітычных зняволеных у Ваўкавыскай калоніі". А пра міліцыянта папраўчай установы адкрытага тыпу № 29 Максіма Жука згадвалася як пра "саўдзельніка здзекаў з палітычных вязняў на Ваўкавыскай хіміі". Да паведамлення былі прымацаваныя фатаграфіі абодвух сілавікоў, таксама там утрымліваліся іх асабістыя ідэнтыфікацыйныя нумары, тэлефоны і адрасы. Акрамя таго, паведамленне падавала сілавікоў як "двух падонкаў".
За рэпост гэтага паведамлення Віктара Пільжыса абвінавацілі (і пасля асудзілі) адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- арт. 188 — "Паклёп"
- ч. 3. арт. 203-1 — "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных дадзеных, здзейсненыя ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці"
- арт. 369 — "Абраза прадстаўніка ўлады".
У абвінавачванні фігураваў перыяд "распаўсюду незаконнай інфармацыі" — з 24 лютага па 23 сакавіка 2022 года. У гэты час, як сцвярджае абвінавачванне, Пільжыс, маючы гэты рэпост, "увераваў у сваю ўсёдазволенасць, беспакаранасць, публічна выказаў сваё стаўленне да падзей грамадска-палітычнага жыцця, праводзіў актыўную агітацыю, накіраваную, у тым ліку, на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне".
Да суда да Віктара Пільжыса была ўжытая мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту — з 12 верасня 2022 года. Гэта значыць, што мужчыну забаранялася выходзіць з дома, карыстацца інтэрнэтам і сувяззю (за выключэннем надзвычайных акалічнасцяў).
Акрамя прысуду ў два гады калоніі, суд абавязаў Віктар Пільжыса выплаціць двум сілавікам 10 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі іх маральнай шкоды.
Віктар Пільжыс паспрабаваў абскардзіць гэты прысуд — але яго пакінулі без змен.