viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2022 2022-12-19T23:26:03+0300 2022-12-19T23:31:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/freeviasna_banner_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Напярэдадні ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, у Палату абшчын брытанскага парламента ўнесеная прапанова з патрабаваннем вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных зняволеных Беларусі.

Аўтар прапановы — сэр Тоні Лойд, старшыня парламенцкай групы па Беларусі.

“З занепакоенасцю адзначаем, што Алесь не можа атрымаць сваю Нобелеўскую ўзнагароду, таму што ён знаходзіцца больш за 500 дзён у зняволенні, але яго яшчэ не судзілі”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Актывісты Libereco перадалі 100 000 подпісаў за вызваленне Бяляцкага і ўсіх палітвязняў у беларускую амбасаду

Як адзначаецца на сайце нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco – Партнёрства за правы чалавека, да моманту ўручэння Нобелеўскай прэміі міру Libereco сумесна з няўрадавымі арганізацыямі Campact (Германія) і Campax (Швейцарыя) ужо сабрала больш за 100 000 подпісаў за вызваленне Алеся Бяляцкага, лідара апазіцыі Марыі Калеснікавай і ўсіх іншых палітычных зняволеных.

libereco_petition.jpeg
Фота са старонкі Марка Фібера ў твітары

Сабраныя подпісы былі перададзеныя на мітынгу 9 снежня ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Берліне. Гэта напамін пра тых, хто адстойвае свае фундаментальныя правы на свабоду слова, сходаў і асацыяцый у Беларусі і таму бязвінна знаходзіцца ў турме.

“Правы чалавека ў Беларусі працягваюць парушацца, зняволеныя ўтрымліваюцца ў невыносных умовах, асабліва цяпер, зімой, а большая частка беларускага грамадства знаходзіцца ў закладніках толькі таму, што яны выступілі за свабоду”, — растлумачыў сутнасць петыцыі Марка Фібер, выканаўчы дырэктар Libereco у Германіі.

Таксама 131 дэпутат з 21 краіны заклікаў вызваліць беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, падпісаўшы адпаведны ліст.

Сойм Літвы прыняў рэзалюцыю аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі

Рэзалюцыя заклікае прыняць усе магчымыя захады для неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, уключаючы лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

Яна таксама змяшчае ў сабе заклік аб'явіць тэрарыстычнымі арганізацыямі «так званыя беларускія сілавыя і праваахоўныя органы, у прыватнасці Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) і Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС». Таксама ў ёй утрымліваецца заклік ініцыяваць стварэнне Спецыяльнага міжнароднага трыбунала для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых беларускім рэжымам супраць уласнага народа.

Адвакат Бяляцкага не прайшоў пазачарговую атэстацыю

Як стала вядома праекту “Право на Защиту”, кваліфікацыйная камісія не атэставала адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча, выкліканых на пазачарговую атэстацыю 1 снежня.

Віктар Мацкевіч з'яўляўся адвакатам палітзняволеных Алеся Бяляцкага, Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіры Гаеўскага-Ханады, Яўгена Юшкевіча, а Уладзімір Пыльчанка абараняў Марыю Калеснікаву, Эдуарда Бабарыку, Ірыну Слаўнікаву, Кацярыну Бахвалаву ды іншых.

Жонка Алеся Бяляцкага пра рэакцыю мужа на Нобелеўскую прэмію міру: “Ён моцна ўражаны гэтай навіной”

Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі ў СІЗА-1 дазнаўся, што ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Жонка правабааронцы Наталля Пінчук мела спатканне з ім і распавяла “Вясне”, як навіну ўспрыняў сам Алесь, падзялілася меркаваннямі, ці паўплывае яна на яго сітуацыю і як цяпер ён адчувае сябе.

“На спатканні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе”.

"Гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія маюць спадзяванні на свабоду і волю"

7 кастрычніка 2022 года стала вядома, што палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, украінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял" сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру.

Выйшла кніга “Алесь Бяляцкі на Свабодзе

У кнізе “Радыё Свабода” сабрала асобныя інтэрв'ю праваабаронцы, фрагменты дыскусіяў, у якіх ён браў удзел, рэпартажы пра ягоную дзейнасьць пачынаючы з 90-х гадоў, думкі сяброў і паплечнікаў.

Яе можна чытаць і спампаваць бясплатна.

Шведскі фільм пра Нобелеўскіх лаўрэатаў прэміі міру гэтага году

Глядзець па спасылцы

Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка

У Осла 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”.

Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ўжо больш за 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна выступіла з моцнай прамовай.

"Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы", — Наталля Пінчук перадала словы Алеся Бяляцкага

Упершыню ў гісторыі прэміі Нобелеўская прамова прагучала на беларускай мове.

Як у розных краінах адзначалі ўручэнне Алесю Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру

Беларусы ў розных краінах арганізавалі трансляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая адбывалася ў Осла, выходзілі на мітынгі ў падтрымку беларускіх палітзняволеных, збіраліся на супольныя размовы, дзе абмяркоўвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а паплечнікі Алеся дзяліліся пра яго ўспамінамі.

Святкаванне Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага

У розных гарадах 10-11 снежня адбыліся сустрэчы з нагоды ўзнагароджання старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру.

Нэафрэска з партрэтам Алеся Бяляцкага з'явіцца ў Вільні

freska_ales.jpg
Фота з сайта www.lrt.lt

У Вільнюсе пачаліся працы па маляванню вялізарнага партрэта лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Як піша выданне LRT.lt, мастацкая праца будзе рэалізаваная насупраць амбасады Беларусі, якая стала сімвалам рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Партрэт Бяляцкага будзе глядзець на амбасаду з фасада прагімназіі Сімона Даўкантаса.

Ініцыявала праект Міністэрства замежных спраў Літвы, “Вясна” з задавальненнем і падзякай падтрымала яго, а за рэалізацыю ўзяліся мастакі з лабароторыі “Kiaurai sieńs” і калектыву “Gyva Grafika”.

“Гэта не толькі магчымасць увекавечыць выдатную асобу, але і магчымасць пагаварыць пра тое, што хвалюе мяне і многіх свабодалюбных людзей па ўсёй Літве”, — кажа Ліна Шліпавічутэ, аўтарка працы і кіраўніца “Kiaurai sieńs”.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Уладзь Лабковіч з-за кратаў: “Хутка пачнецца новы этап на маім шляху

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзь Лабковіч даслаў на волю вестачку. Ён піша:

“Адасік намаляваў мне малюнак вялікага сіняга чалавека, які як дух мусіць мяне бараніць. У кожнага павінен быць свой анёл-ахоўнік. Вось і ў мяне ёсць такі.

У мяне нічога асаблівага не адбываецца. Вельмі чакаю, як і заўсёды, лісты ад маці і Ніны. Хутка пачнецца новы этап на маім шляху. Я так стаміўся і такая апатыя. Зноўку вярнуліся вельмі моцныя галоўныя болі. А так здароўе больш-менш добра. Кожны дзень пішу лісты і вельмі спадзяюся, што яны ня згубяцца, што дойдуць”.

Дасылайце лісты падтрымкі і паштоўкі салідарнасці Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Валянцін Стэфановіч: “Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна

Палітзняволены намеснік старшыні “Вясны” Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з СІЗА-1, у якім распавёў, што ведае пра пратэсты ў Іране з газет:

“Ведаю, што ад верасня там не сціхаюць антыўрадавыя дэманстрацыі з патрабаваннямі ліквідацыі паліцыі нораваў і забаронаў выхаду ў публічныя месцы без хіджабаў. Не так даўна паліцыю нораваў распусцілі, урад быў вымушаны пайсці на пэўныя саступкі. Грамадства там відавочна стамілася ад улады рэлігійных фанатыкаў, стражаў ісламскай рэвалюцыі і Аяжалы. Іран да 1979 года быў абсалютна свецкай дзяржавай: на вуліцах Тэгерана можна было выпіць віна ў кавярні, а дзяўчына насілі міні-спадніцы, а не хіджабы. У 1979 годзе адбылася ісламская рэвалюцыя, якая звергла празаходні рэжым і ўсталявала ў краіне ісламісцкую, заснаваную на законах Шарыята, дыктатуру. Іран — лідар у свеце па колькасці смяротных прысуд”.

Таксама Валянцін Стэфановіч падзяліўся інфармацыяй пра рух крымінальнай справы супраць яго, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча:

“У мяне ўсё больш-менш добра. Настрой нармальны, чакаю дату суда. 29-га [лістапада - заўв.] справа была перададзеная ў Менгарсуд для вызначэння падсуднасці, г. зн. суд будзе ў адным з раённых судоў Менска. Па тэрмінах, думаю, што суд пачнецца ў другой палове студзеня — пачатку лютага. Судзіць будуць доўга, да вясны. Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна )): З улікам апеляцыйнай скаргі ў мяне будзе тры гады ўжо адбытага пазбаўлення волі. Тут зараз акцыя — адсядзі ў СІЗА два гады і атрымай адзін год у падарунак. Гэта я прыдумаў.  

Так, што ў лагер я паеду ўжо летам — можа ў жніўні ці нават верасні. Выдадуць мне там робу і буду я паўнавартасным зэкам”.

Дасылайце лісты падтрымкі Валянціну:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Нагадаем, Генпракуратура накіравала ў суд справу супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. Іх абвінавачваюць у кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Праваабаронцам пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Юрыст “Вясны” Павел Сапелка каментуе крымінальную справу супраць калегаў:

“Сэрцам мы цяпер разам з нашымі калегамі і сябрамі. Мы разлічваем і далей не зніжаць узровень іх падтрымкі і спадзяемся на тое, што ўсебаковы ціск на ўлады прывядзе да вызвалення палітвязняў”.

Павел Сапелка: "Вясна" падтрымлівала і будзе падтрымліваць людзей, якія сталі ахвярамі парушэнняў правоў

28 лістапада стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць палітзняволеных вясноўцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

За апошні час не было ніякіх навінаў пра каадрынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка.

Вядома, што яны застаюцца ў СІЗА да разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Доўгі час няма навінаў і ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі.  

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА вызначаны ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго набыў моц. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства