Нёс плакат з патрабаваннямі работнікаў завода: мінчука пакаралі "хатняй хіміяй" за падзеі 2020 года
Cуд Ленінскага раёна Мінска 7 снежня вынес прысуд 33-гадоваму Аляксандру Дзербінскаму, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава.
Па матэрыялах абвінавачання, Аляксандр Дзербінскі у жніўні 2020 года прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Мінска: публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі, дэманстраваў у якасці пратэстнага сімвала жэст V пальцамі рук, выкарыстоўваў у якасці сімволікі плакат (банэр) з тэкстам пратэстнага зместу.
Пры гэтым рухаўся па праезнай частцы праспекта Незалежнасці, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту.
Абвінавачаны Дзербінскі віну прызнаў цалкам.
Суду патлумачыў, што ў завадскім чаце з'явілася інфармацыя аб тым, што на прадпрыемства прыбудзе прадстаўнік урада Рэспублікі Беларусь прыкладна пасля заканчэння яго працоўнай змены, гэта значыць каля 16.00 гадзін. Аднак ніхто так і не з’явіўся. Гэта абурыла людзей і яны накіраваліся маршам у бок Дома ўрада. У далейшым у ходзе руху ў калоны з'явіўся плакат, на якім былі лозунгі, якія тычацца работнікаў завода і іх нязгоды з дзеючай уладай. У наступным, хтосьці з натоўпу папрасіў яго аб дапамозе несці плакат, што ён і зрабіў.
Суд пастанавіў прызнаць Дзернбінскага вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў.
Ён вызвалены з-пад варты ў залі суда.