Новыя затрыманні, "экстрэмісты" і "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 29-30 снежня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29-30 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
На мінулым тыдні ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 53 чалавекі. Цяпер у ім 2234 чалавекі
23 снежня МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Так, у спіс трапіла айцішніца Дар'я Фамічонак, муж і жонка Віктар і Ірына Арэхавы, дырэктар архітэктурнага бюро Кастанцін Высочын, былы актывіст Моладзі БНФ Арсені Дзядок, а таксама 20-гадовая Данута Перадня, асуджаная да 6,5 гадоў калоніі за рэпост.
Улады прызналі "экстрэмісцкай" платформу "Новая Беларусь"
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «Новай Беларусі» «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прыняў суд Цэнтральнага раёну Мінска.
Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісціх матэрыялаў «Новай Беларусі» пакуль няма.
Сацсеткі КYKY і кніга пра Каран — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
30снежня адбылося чарговае папаўненне Рэспубліканскага Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:
Telegram-канал «Менск 97%»;
Кніга «Толкование десяти последних джузов Благородного Корана, и следует за ним важные вопросы, касающиеся мусульманина»;
Суполка ва «Укантакце» «Свободный Жлобин | Free Zhlobin»;
Сайт, сацсеткі і лагатып рэсурса KYKY.ОRG.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 29 чалавекі. Цяпер у ім 2263 чалавекі
30 снежня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Так, у спіс трапіў «рэйкавы партызан» Сяргей Глебка, стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі Анатоль Латушка, асуджаны да 10 гадоў калоніі Дзяніс Сальмановіч і іншыя.
У Магілёве сілавікі затрымалі непаўнагадовага навучэнца каледжа мастацтваў
На "пакаяльным відэа", якое з'явілася на праўладным тэлеграм-канале, хлопец кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана "Перамога".
Паводле сілавікоў, хлопец «паспеў зарабіць сабе шэраг артыкулаў», сярод якіх «распальванне варожасці» (арт. 130 КК).
Папярэдне, затрыманы — Дзмітрый Сілін.
Інфармацыя дапаўняецца