viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2022 годзе Дакумент

2023 2023-01-18T13:59:08+0300 2023-01-18T17:02:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_2022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы

  • надзвычай глыбокі грамадска-палітычны крызіс, у вытоках якога — узурпацыя ўлады і яе засяроджванне ў руках А. Лукашэнкі, які дэ-факта не змірыўся з паразай на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года, адсутнасць у Беларусі эфектыўных дэмакратычных інстытутаў вызначалі працяг і нарошчванне рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у 2022 годзе;
  • адсутнасць рэальных прававых механізмаў канстытуцыйнай змены ўлады, абароны і заахвочвання правоў на мірныя сходы, асацыяцыі, свабоду выказвання меркаванняў, свабоды ад катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання прывялі да іх татальнай дэвальвацыі ў Беларусі;
  • дзеянні ўсіх галін улады накіраваныя на пабудову новай — таталітарнай — сістэмы, што выключае любыя адступленні ад дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі, дзеля чаго беспакарана, паводле ўказання і з ухвалення вышэйшых службовых асоб дзяржавы ў грамадстве ўкараняецца атмасфера ўсеагульнага страху, вынішчаюцца любыя праявы іншадумства, падмяняюцца паняцці ў інтарэсах кіруючых колаў;
  • цаной палітычнай і эканамічнай падтрымкі з боку ўлад Расійскай Федэрацыі дыктатуры, якая страціла легітымнасць і знаходзіцца пад эканамічнымі санкцыямі, сталі забеспячэнне ўладамі Беларусі тэрыторыяй, паветранай прасторай, інфраструктурай Беларусі для расійскай агрэсіі ў дачыненні да суверэннай Украіны, а таксама яе безумоўная палітычная і інфармацыйная падтрымка;
  • «Вясна» неадкладна і безумоўна асудзіла акт агрэсіі і ўдзел у ім беларускіх улад, падкрэсліваючы, што адной з перадумоў да пачатку вайны стала задушэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, якая паслядоўна і непахісна адмаўляла ў падтрымцы імкненню расійскіх і часткі беларускіх уладных эліт ствараць геапалітычныя і вайсковыя саюзы, што ўцягваюць Беларусь у рэалізацыю імперскіх амбіцый уладаў РФ;
  • вайна ва Украіне аказала неадназначны ўплыў на палітыку дзяржаў і міжнародных арганізацый у дачыненні да Беларусі: яна змяніла вектар усеагульнай увагі, аднак прымусіла задумацца пра шырэйшыя наступствы і большы ўплыў на сусветную палітыку беларускіх унутрыпалітычных працэсаў, чым гэта раней уяўлялася;
  • пабудова таталітарнай сістэмы запатрабавала змены Канстытуцыі, якая нават у рэдакцыі, што дзейнічала і была створаная дзеля падтрымкі безумоўнага прыярытэту выканаўчай улады на чале з А. Лукашэнкам, перастала задавальняць запатрабаванні дыктатара на сучасным этапе;
  • адначасова заканадаўчая база губляла рысы прававой і працягвала напаўняцца рэакцыйнымі нормамі, якія ігнаруюць дэмакратычныя канстытуцыйныя асновы і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі;
  • асноўным інструментамі ўтрымання ўлады і рэпрэсій у дачыненні да апанентаў, крытыкаў рэжыму і іншадумцаў па-ранейшаму з'яўляюцца крымінальны і адміністрацыйны пераслед, адвольныя арышты, звальненне з працы і дэ-факта дэпартацыя;
  • у Беларусі на 31 снежня 2022 года налічвалася 1 446 палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончымі арганізацыямі ў адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены»; за год іх колькасць павялічылася на 477 чалавек, прычым больш як 580 чалавек, прызнаных палітвязнямі за апошнія тры гады, былі вызвалены; за год палітвязнямі прызнаны 889 чалавек;
  • ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за 1 242 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальным спраў за 2022 год, пра не менш за 2 627 асуджаных за падзеі 2020–2022 гадоў і амаль пра 3 800 чалавек, якія сутыкнуліся з крымінальным пераследам за гэты перыяд;
  • ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за 6 381 затрыманага і не менш за 3 272 накладзеныя адміністрацыйныя спагнанні за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод, з якіх 2 274 — адміністрацыйныя арышты і 938 — адміністрацыйныя штрафы;
  • улады працягваюць актыўна ўжываць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў з прычыны іх прафесійнай дзейнасці: згодна са звесткамі БАЖ, 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ на цяперашні момант пазбаўлены волі, 43 журналісты былі затрыманы на працягу года;
  • заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць асацыяцый, будзе істотна пагаршаць іх становішча па шэрагу ключавых момантаў; згодна са звесткамі Lawtrend, з 2021 года ліквідавана і знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі каля 1180 недзяржаўных арганізацый, што сведчыць пра працяг тэндэнцыі па знішчэнні інстытутаў грамадзянскай супольнасці;
  • судовая сістэма падчас ажыццяўленні рэпрэсій ігнаруе стандарты справядлівага суда; адвакатура, што страціла асноўныя рысы незалежнага самакіравальнага інстытуту, сама зрабілася інструментам рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў; наогул адвакаты ажыццяўляюць сваю дзейнасць ва ўмовах бесперапыннага ціску, пагроз і пераследу, а найбольш актыўныя зведваюць крымінальны і адміністрацыйны пераслед, страчваюць права на працу;
  • Рэспубліка Беларусь працягвае прымяняць смяротнае пакаранне; на працягу года не паступала звестак пра вынясенне смяротных прысудаў, быў прыведзены ў выкананне раней вынесены смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава; у СІЗА ў чаканні выканання смяротных прысудаў утрымліваюцца два чалавекі; заканадаўча пашыраны і пашыраюцца далей магчымасці ўжывання смяротнага пакарання;
  • палітычна матываваныя рэпрэсіі 2022 г. працягваюць быць масавымі і сведчаць пра глыбокі крызіс правоў чалавека ў краіне, які прывёў да міжнароднай ізаляцыі Беларусі і санкцый з боку краін ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі;
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае сваю актыўную працу па абароне і прасоўванні правоў чалавека; 30 верасня арганізацыя атрымала прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі», 8 снежня ў Гаазе «Вясне» ўручылі праваабарончую прэмію «Цюльпан правоў чалавека 2022», заснаваную ўрадам Нідэрландаў.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2022 годзе

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства