Мужчыну асудзілі на тры гады “хатняй хіміі” за ўдзел у “Маршы адзінства”
У судзе Цэнтральнага раёну Мінска 20 снежня 2022 года асудзілі Сяргея Муху паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Юліана Шчэрба прызначыла Сяргею тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”).
Сяргея затрымалі 19 верасня 2022 года па фотаздымках з пратэстаў. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што 6 верасня 2020 года ён удзельнічаў у “Маршы адзінства” у Мінску, ідучы па праспекце Незалежнасці і перашкаджаў руху грамадскага транспарта. Таксама яму паставілі ў віну выкарыстанне нацыянальнага беларускага сцяга.
“Выкарыстоўваючы ў якасці пратэснай сімволікі палотнішча бела-чырвона-белага колеру, завязанае вакол тулава, стаяў і рухаўся па тэрыторыі Мінска, у тым ліку па праезнай частцы дарогі праспекта Незалежнасці”.
У якасці доказа віны таксама ў судзе прадаставілі даныя аб тэлефонных злучэннях Сяргея, па якіх вызначылі месцазнаходжанне мужчыны падчас акцыі пратэсту.
Мужчына цалкам прызнаў віну.
“Мінсктрас” заявіў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маёмаснай шкоды на суму 30687 рублёў. Яго будуць разглядаць асобна ў грамадзянскай вытворчасці. На мабільны тэлефон мужчыны наклалі арышт.
Сяргей Муха мае вышэйшую адукацыю, гадуе непаўнагадовае дзіця. Працаваў у прыватнай кампаніі начальнікам аддзела прадаж.