viasna on patreon

Праслухоўкі тэлефонаў, спіс палітвязняў і матэрыялы з сайта "Вясны": чым на судзе даказваюць віну праваабаронцаў

2023 2023-01-31T11:59:37+0300 2023-01-31T12:47:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_viasna_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо амаль месяц ідзе разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" — 284 тамоў — падыходзіць да завяршэння. Хутка распачнецца допыт праваабаронцаў "Вясны". Распавядаем, што адбывалася на апошніх судовых пасяджэннях, якія доказы віны па справе выкарыстоўвае пракурор, а праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова каментуе абвінавачванні супраць калегаў у частцы "фінансавання пратэстаў". 

Суд па
Суд па справе "Вясны", студзень 2023 года

"Маюцца фотавыявы, на якіх таксама зафіксаваны Стэфановіч, Лабковіч, Бяляцкі, Салаўёў"

Паводле абвінавачвання паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, праваабаронцы "Вясны" "наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". Доказамі гэтага абвінавачванне выстаўляе, у тым ліку, перапіску праваабаронцаў. Але яны сцвярджаюць, што выплатамі займаўся выключна фонд "BY_HELP".

"Перамовы у групе ў фэйсбуку, якая была дастана з памяці майго тэлефона — размова шла пра дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. І тут канкрэтна ідзе размова, хто займаецца гэтай дапамогай, і я пішу, што яны – размова шла пра "BY_HELP" – кампенсуць штрафы і сутачныя, калі, хто не паляніўся да іх звярнуцца", — кажа Алесь Бяляцкі на судзе.

Праваабаронца тлумачыць, што дапамогай у кампенсаванні штрафаў і сутачных Праваабарончы цэнтр "Вясна" не займаўся. 

Уладзь Лабковіч на судзе
Уладзь Лабковіч на судзе

У матэрыялах справы ўтрымліваецца шмат артыкулаў з сайта spring96.org і публікацыяй з сацыяльных сетак "Вясны", у тым ліку, дзе ўзгадваецца фонд "BY_HELP". Асобна пракурор звярнуў увагу, што ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца пасты з тэлеграм-канала "Вясна. Правы чалавека ў Беларусі" з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года. Большасць з іх тычыцца колькасці затрыманняў, судовых пасяджэнняў, "сутак", штрафаў, затрыманняў, прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязняў, фотавыяваў з затрыманнямі з акцый пратэсту і акцый салідарнасці. Пракурор адзначыў, што на інфармацыйных рэсурсах Праваабарончага цэнтра ўтрымліваецца шмат інфармацыі пра тое, як сябе паводзіць на допытах, пры затрыманні, пры ператрусе, на судзе, што рабіць, калі цябе збілі сілавікі, а таксама шмат інфармацыі па назіранні за выбарамі.

Акрамя гэтага, у тамах матэрыялаў справы ўтрымліваюцца шмат артыкулаў з сайта "Вясны", сярод якіх, напрыклад, "Каардынатарка валанцёраў: "Эмацыйная хваля захліснула кожнага, у каго ёсць душа і сэрца. Я толькі накіроўваю гэтую энергію", "Марфу фактычна трымаюць у закладніцах". За праваабаронцу “Вясны” паручыліся амаль 200 чалавек", "Правозащитник "Весны": Освобожденные под домашний арест остаются политзаключенными", агляд на сайты "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і palitviazni.info, пасты ў тэлеграме пра тое, як аплачваць штрафы, што рабіць, калі цябе затрымалі, агляд на рэгіянальныя сацсеткі і іншае. Таксама пракурор адзначыў фотаздымкі "Вясны" з судовых пасяджэнняў. Таксама дзяржабвінаўца акцэнтаў увагу на пост у тэлеграм-канале Валанцёрскай службы "Вясны" пра тое, што ініцыятыва шукае валанцёраў для назірання за судовымі працэсамі.

Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі з паручальніцтвамі за Марфу Рабкову. Фота: spring96.org
Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі з паручальніцтвамі за Марфу Рабкову, кастрычнік 2020 году. Фота: spring96.org

Цікава, што ў матэрыялах справы ўтрымліваецца і інфармацыя на сайце "Вясны" пра затрыманне праваабронцаў 14 ліпеня 2021 года, а таксама заява Праваабарончага цэнтра наконт затрымання сябраў арганізацыі: "Мы не прекратим своей правозащитной деятельности". Заявление правозащитного центра "Весна".

"Маюцца фотавыявы, на якіх таксама зафіксаваны Стэфановіч, Лабковіч, Бяляцкі, Салаўёў. Маюцца публікацыі наконт суддзяў Рэспублікі Беларусь, дзе падсумавана колькасць вынесеных імі сутак і штрафаў", — кажа пракурор Аляксандр Кароль.

Спіс палітвязняў па стане на 3 верасня 2022 года як доказы па справе супраць праваабаронцаў, затрыманых у 2021 годзе 

Суд па
Суд па справе "Вясны", студзень 2023 года

На працэсе зачыталі шмат матэрыялаў пра дзейнасць "Вясны", якая апублікавана ў адкрытым доступе ў сацыяльных сетках і на сайце spring96.org, напрыклад, артыкул пра дзейнасць "Грамадскай прыёмнай". У нейкі момант пракурор пачаў зачытваць ранейшыя публікацыі "Вясны", напрыклад, пра тое, што Валянцін Стэфановіч стаў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека.

Валянцін Стэфановіч выказаў выказаў абурэнне, навошта наогул зачытваюць гэтыя матэрылы:

"Я не зусім разумею, для чаго гэта ўсё зачыталі? Гэта публічная праваабарончая дзейнасць," — адзначыў Валянцін, але суддзя Запаснік зрабіла яму заўвагу і сказала не парушаць парадак.

На працэсе пракурор адзначыў, што ў матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека)незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў матэрыялаў справы. Заўважым, што прызнаннем палітвязняў у Беларусі займаецца праваабарончая супольнасць, а не адна арганізацыя, што можна ўбачыць у кожнай заяве праваабаронцаў.

Праслухоўкі тэлефонаў праваабаронцаў з Гомельшчыны

Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года
Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года

На судзе зачытавалі матэрыялы, якія тычыліся дзейнасці ў "Вясне" ўжо асуджаных праваабаронцаў Марфы Рабковай і Леаніда Судаленкі, валанцёраў Андрэя Чапюка і Таццяны Ласіцы, а таксама іншых праваабаронцаў. Так, у матэрыялах справы маюцца пратаколы праслухоўкі ў студзені 2021 года Уладзіміра Целяпуна з Мазыра з рознымі людзьмі.

"Гэта Камітэт дзяржаўнай бяспекі праслухоўваў праваабаронцу Целяпуна ў Мазыры, так? З пачатку 2021 года?" — удакладніў Алесь Бяляцкі.

Пракурор адказаў, што дакументы прадастаўлены пастановай за подпісам КДБ па Гомельскай вобласці.

Таксама на судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа да затрымання праслухоўвалі тэлефон Леаніда Судаленкі. Вялікая частка матэрыялаў справы тычыцца крымінальнай справы асуджаных Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы: яго перапіскі з дзясяткамі людзей, у тым ліку, яго паведамленні да Спецдакладчыцы ААН Анаіс Марын, відэа з людзьмі, якія распавядаюць, што іх штрафы аплочваў BY_HELP. Абвінавачванне спасылаецца на прысуд гомельскіх праваабаронцаў, які ўступіў у сілу. Нагадаем, праваабаронцу з Гомеля Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 года. Яго асудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Алесь Бяляцкі вымушаны быў удакладніць, бо ён не паспеў азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі справы: 

"З-за невядомых прычынаў я не паспеў азнаёміцца з тамамі 164-168, таму ў меня ёсць удакладненні. А што-небудзь у гэтай перапісцы ёсць пра Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча?"

Але суддзя сказала, што пракурор не будзе адказваць на гэта пытанне, паколькі згодна Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу дзяржаўны абвінаваўца не адказвае на пытанні абвінавачанага.

На працэсе зачытваюць сотні прозвішчаў пацярпелых і іх адміністрацыйныя справы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах) і арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі), якія, паводле следства, атрымлівалі дапамогу. Доказам па гэтым эпізодам па справе "Вясны" таксама з'яўляюцца прысуды Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка.

Вялікую частку матэрыялаў справы складаюць дакументы, вынятыя ў офісе гомельскай "Вясны". Гэта копіі скаргаў на пастановы судоў аб адміністрацыйных правапарушэннях, большасць якіх — паводле арт. 23.34 і 24.3 КаАП, квітанцыі аб аплаце штрафаў, дзяржаўных пошлінаў, харчавання ў ІЧУ, справаздача юрыста РЭП і іншае. Усяго падчас ператрусу на офісе было вынята 250 справаў, па якіх працаваў праваабаронца Леанід Судаленка. На працэсе зачыталі пратаколы допыта гомельскага праваабаронцы, дзе ён, напрыклад, казаў, што 90% ён прысвячае дапамозе людзям, і "ўсе ведаюць, што дапамога на Палескай,52 (гэта адрас офіса гомельскай Вясны) ажыццяўляецца бязвыплатна". Цікава, што суд над гомельскімі праваабаронцамі праходзіў у закрытым рэжыме, але цяпер на судзе па справе "Вясны" ў Мінску на адкрытых судовых пасяджэннях зачытваюцца матэрыялы справы Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі. 

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій — амаральная і нечалавечая". Як праходзіць суд па справе "Вясны"

Распавядаем, што адбывалася на судзе над праваабаронцамі "Вясны" на гэтым тыдні.

Праваабаронца: "Дзейнасць, накіраваная на заахвочванне і абарону правоў чалавека негвалтоўным спосабам, не можа быць крыміналізаваная наогул"

Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова каментуе абвінавачванні праваабаронцам па частцы другой "народнай" артыкула, адзначае шэраг момантаў:

"Па-першае, артыкул аб фінансаванні пратэстаў, па якім ужо раней быў асуджаны наш калега Леанід Судаленка, пачаў прымяняцца толькі ў траўні 2020 года. Спачатку — як рэакцыя ўладаў на народныя хваляванні, а потым ужо — на салідарнасць грамадства з рэпрэсаванымі, калі ахвярам адвольных затрыманняў аказвалася дапамога ў абскарджанні дзеянняў сілавікоў, пастаноў судоў, аплаце рознымі ініцыятывамі штрафаў, харчавання ў ізалятары, паслуг адвакатаў.

І тут важна разабраць склад злачынства, прадугледжаны часткай 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. На думку Следчага камітэта, людзі выходзілі на пратэсты толькі таму, што іх дзеянні былі прафінансаваныя і таму што праваабаронцы публічна заяўлялі пра тое, што ахвярам рэпрэсій будзе аказаная неабходная дапамога. Аднак супастаўляючы канструкцыю складу злачынства па частцы 2 арт. 342 КК важна адзначыць, што ў логіцы абвінавачвання праваабаронцам "Вясны" не ўкладаецца прычынна-следчая сувязь. Бо калі дзяржаўны орган заяўляе аб фінансаванні пратэстаў, то лагічна выказаць здагадку, што аплата за ўдзел у пратэстах павінна быць альбо да ўдзелу ў іх, альбо непасрэдна пасля прыняцця ўдзелу. Аказанне ж дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека ўжо пасля таго, як грамадзяне адчулі на сабе рэпрэсіўны каток, не ўпісваецца ў логіку, агучаную абвінавачваннем.

Напрыклад, калі чалавек становіцца вінаватым у "п'яным" ДТЗ са смяротным зыходам і яго сваякі аплачваюць яму паслугі адваката, то яны, выходзіць такім чынам, па логіцы праваахоўных органаў, заахвочваюць кіраванне транспартнага сродку ў нецвярозым выглядзе з мэтай пазбаўлення каго-небудзь жыцця?! Вядома ж не!

Любая дзейнасць, накіраваная на заахвочванне і абарону правоў чалавека негвалтоўным спосабам, не можа быць крыміналізаваная наогул. А аплата харчавання ў ІЧУ, пошлін пры абскарджанні судовых пастаноў, штрафаў і паслуг адвакатаў ужо пасля таго, як правы чалавека былі парушаныя, не ахопліваецца складам злачынства, прадугледжаным часткай 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса, паколькі ў гэтых дзеяннях адсутнічае неабходны элемент – прычынна-следчая сувязь паміж дзеяннямі людзей, якія рэалізоўвалі свае правы і свабоды, і тымі дзеяннямі, якія накіраваны на эфектыўную дапамогу ім пасля сутыкнення з рэпрэсіўным апаратам дзяржавы.

"Для маіх калегаў знікае магчымасць падачы індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН"

Па-другое, ёсць яшчэ адзін важны момант у справе вясноўцаў. Абвінавачванне ў ходзе абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы неаднаразова спасылаецца на прысуд у дачыненні да Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы, які ўступіў у законную сілу. А калі ў справе вясноўцаў фігуруюць асуджаныя гомельскія праваабаронцы, то для Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча гэта цягне прэюдыцыю. Прысуд па іншай крымінальнай справе, які ўступіў у законную сілу, абавязковы для органа, які вядзе крымінальны працэс, пры вытворчасці па крымінальнай справе ў дачыненні як да ўстаноўленых абставінаў, так і да іх юрыдычнай ацэнкі.

Такім чынам, суд Ленінскага раёна Мінска пры разглядзе справы ў дачыненні да вясноўцаў звязаны высновамі прысуду суда Цэнтральнага раёна Гомеля ад 3 лістапада 2021 года ў дачыненні да Судаленкі і Ласіцы. Гэта азначае, што суд абавязаны прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя ўступіўшым у законную сілу прысудам па іншай справе, якая была вылучана з адной вялікай справы аб фінансаванні пратэстаў і масавых беспарадках. Неабходнасць для суда Ленінскага раёна Мінска ўжываць правіла аб прэюдыцыі спараджае немагчымасць для абароны нашых калегаў аспрэчыць факты і іх юрыдычную ацэнку падчас разгляду крымінальнай справы. Фактычна, пры такіх умовах страчваецца ўсялякі сэнс даказваць невінаватасць Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча па артыкуле аб фінансаванні пратэстаў (ч. 2 арт. 342). Я ўпэўненая, што такая сітуацыя падрывае права маіх калегаў на абарону і, як следства, сведчыць аб парушэнні стандарту справядлівага судовага разбору.

Па-трэцяе, варта адзначыць, што "Вясна" актыўна ўдзельнічала ў міжнароднай адвакацыі правоў чалавека шляхам звароту ў дагаворныя органы ў інтарэсах ахвяр рэпрэсій. Пасля ліквідацыі арганізацыі і няўдалай спробы зарэгістравацца зноў, члены арганізацыі звярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека, які прызнаў, што дзеянні беларускіх уладаў парушаюць права на асацыяцыю сябраў "Вясны".

Мы бачым, што хоць дзяржаўнае абвінавачванне і суд разглядаюць крымінальную справу ў паскораным парадку і даволі хуткімі тэмпамі, прысуд нашым калегам і яго разгляд у апеляцыі будзе адбывацца ўжо пасля дэнансацыі Беларуссю Факультатыўнага пратаколу да пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. А гэта азначае, што для маіх калегаў знікае магчымасць падачы індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН. Адпаведна, яны не змогуць рэалізаваць сваё права на зварот у міжнародныя органы па абарону сваіх правоў, якое прадугледжана артыкулам 61 Канстытуцыі.

"Справу "Вясны" важна разглядаць у грамадска-палітычным кантэксце, а не фінансава-эканамічным, як гэта спрабуюць прадставіць улады, выкарыстоўваючы рупары прапаганды"

Варта адзначыць, што рэакцыяй беларускіх уладаў на глыбокі крызіс правоў чалавека сталі не толькі масавыя рэпрэсіі, але і заканадаўчае павелічэнне рэпрэсіўнага патэнцыялу нарматыўных актаў, а таксама дэнансацыя Факультатыўнага пратакола да пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Па ўсёй бачнасці, улады кіруюцца логікай у адным ключы, а менавіта схаваць маштаб рэпрэсій ва ўмовах рэпрэсій у дачыненні да ўсёй грамадзянскай супольнасці, ліквідацыі грамадскіх арганізацый, вымушанай эміграцыяй грамадскіх дзеячаў і праваабаронцаў. І дэнансацыя Факультатыўнага пратакола — гэта чарговы віток напалу рэпрэсій, каб пазбавіцца ад аб'ектыўнай і бесстаронняй ацэнкі працы канвеера судовай сістэмы і праваахоўных органаў з боку міжнародных праваабарончых механізмаў. Магчымасць звароту ў міжнародна-прававыя органы з'яўляецца міжнароднай гарантыяй правоў асобы. Прынцыповае значэнне магчымасці звяртацца ў міжнародныя арганізацыі складаецца ў тым, што правы і свабоды асобы перастаюць быць унутранай справай дзяржавы і бяруцца пад абарону сусветнай супольнасці, ад імя якой і выступаюць міжнародныя арганізацыі. Тым самым прынцып вышэйшай каштоўнасці чалавека, яго правоў і свабод, а таксама прынцып вяршэнства права атрымліваюць своеасаблівую інстытуцыйную аснову ў асобе міжнародных арганізацый.

У краінах, якія не маюць дэмакратычных і прававых традыцый, унутраныя гарантыі правоў чалавека часта не спрацоўваюць у сувязі з тым, што службовыя асобы, якія знаходзяцца ва ўладзе, часам дзейнічаюць насуперак прынцыпам дэмакратыі. У такім выпадку ім не выгадная рэалізацыя грамадзянамі палітычных правоў, уключаючы свабоду думкі і слова, права на інфармацыю, свабоду сходаў і мітынгаў, свабоду аб'яднанняў і выбарчае права. Такія падыходы толькі прыводзяць да канфлікту паміж грамадзянамі, якія адстойваюць грамадскія даброты, і службовымі асобамі, якія пераследуюць свае ўласныя інтарэсы. Як следства, у юрыдычных спрэчках, якія закранаюць інтарэсы ўлады, у грамадзян мала шанцаў дамагчыся справядлівасці. Таму пашырэнне магчымасцяў звяртацца за міжнароднай абаронай адпавядае інтарэсам чалавека і патрабаванням справядлівасці, паколькі незалежнасць міжнародных праваабарончых органаў прынцыпова вышэй, чым у нацыянальных судоў.

Дадзеная незалежнасць у спалучэнні з прафесіяналізмам членаў Камітэта па правах чалавека ААН, якія валодаюць прызнаным аўтарытэтам, падымае правы і свабоды асобы на небывалую вышыню. Усё гэта дазваляе канстатаваць, што на сучасным этапе міжнародныя праваабарончыя органы незаменныя.
У дачыненні да арт. 61 Канстытуцыі дарэчы ўспомніць і пра канстытуцыйны абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя яму меры з мэтай стварэння міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян (арт. 59).

Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваў за Камітэтам па правах чалавека вельмі важнае паўнамоцтва – разглядаць паведамленні "асобных асоб" аб парушэннях іх правоў дзяржавай, юрысдыкцыі якога яны падлягаюць. Менавіта гэта паўнамоцтва Камітэта мае прамое стаўленне да артыкула 61 Канстытуцыі. Для Беларусі Факультатыўны пратакол уступіў у сілу 30 снежня 1992 года. Значыць, права звяртацца за міжнароднай абаронай сваіх правоў і свабод грамадзяне Беларусі набылі яшчэ да ўступлення ў сілу Канстытуцыі, па якой Беларусь "жыве" ўсю сваю суверэнную гісторыю.

Такім чынам, справу "Вясны" важна разглядаць у грамадска-палітычным кантэксце, які склаўся ў Беларусі са жніўня 2020 года, а не фінансава-эканамічным, як гэта спрабуюць прадставіць улады, выкарыстоўваючы рупары прапаганды. Прадметам крымінальнага пераследу з'яўляецца праваабарончая дзейнасць, а не перамяшчэнне грашовых сродкаў праз дзяржаўную мяжу арганізаванай групай і фінансаванне пратэстаў, і, тым больш, не карыслівая зацікаўленасць, а высока маральная дзейнасць па абароне правоў і свабод беларусаў, якія апынуліся ў пастцы паміж жаданнем мірных пераменаў, дэмакратычнай змяняльнасці ўлады і брутальнай рэакцыяй дзяржавы ў выглядзе масавых рэпрэсій у дачыненні да сваіх грамадзян".


Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводаміСІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства