viasna on patreon

Праз два тыдні ў Гомелі пачнуць судзіць украінца і двух беларусаў за "агентурную дзейнасць на карысць Украіны"

2023 2023-01-31T21:34:09+0300 2023-02-01T10:43:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/agentura_89.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскім абласным судзе 14 лютага распачнецца суд над грамадзянінам Украіны Паўлам Купрыенкам і жыхарамі Гомельшчыны Дзмітрыем Салавянчыкам і Тарасам Мачынскім. У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358-1 (агентурная дзейнасць), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 405 (пакрывальніцтва злачынстваў). Справу будзе разглядаць вядомы сваёй працай па палітычных справах суддзя Руслан Царук. Працэс пакуль адкрыты.

Павел Купрыенка, Тарас Мачынскі, Дзмітрый Салавянчык
Павел Купрыенка, Тарас Мачынскі, Дзмітрый Салавянчык

Тры месяцы таму на дзяржаўным тэлебачанні выпусцілі відэасюжэт, у якім паведамлялася, што нібыта "КДБ Беларусі спыніў дзейнасць агентуры ваеннай разведкі Украіны". У сюжэце паказваюцца тры затрыманыя. Гэта грамадзянін Украіны, прадпрымальнік Павел Купрыенка і два грамадзяніна Беларусі, жыхары Гомельшчыны Дзмітрый Салавянчык і Тарас Мачынскі. Пры гэтым, паведамляецца, што Мачынскі атрымаў беларускае грамадзянства толькі ў 2010 годзе — прапагандысты яго называюць "былым украінцам". А Салавянчык працаваў кур'ерам у кампаніі Купрыенкі.

Паведамляецца, што ў Паўла Купрыенкі "былі заданні, у тым ліку, па маніторынгу грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі". У яго нібыта знайшлі дакумент за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданава. Прапагандысты сввярджаюць, што Купрыенку завербавалі ўкраінскія спецслужбы. Тараса Мачынскага абвінавачваюць у тым, што ён перадаваў дадзеныя аб размяшчэнні і перасоўванні па Беларусі вайсковай тэхнікі Купрыенку, а той, у сваю чаргу, — украінскім спецслужбам. Паведамляецца, што Салавянчыка "выкарыстоўвалі ў цёмную". У відэасюжэце распавядаюць, што Дзмітрый здымаў перамяшчэнне ваеннай тэхнікі ў Беларусі і прасіў пра гэта родных, а потым перадаваў Купрыенку, "не ведаючы, для чаго яны яму".

Паведамлялася, што ў дачыненні да Купрыенкі распачалі крымінальную справу па артыкуле "агентурная дзейнасць", якая прадугледжвае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі. А супраць Салавенчыка і Мачынскага — па артыкуле "здрада дзяржаве", па якой прадугледжана да 15 гадоў пазбаўлення волі.

20 кастрычніка пра іх затрыманне выказваўся кіраўнік КДБ Іван Церцель:

"Мы бачым актывізацыю вядзення агентурнай разведкі з боку ўкраінскіх замежных спецслужбаў. Зусім нядаўна намі была спынена праца на нашай тэрыторыі створанай ваеннай выведкай Украіны рэзідэнтуры. Затрыманы рэзідэнт, грамадзянін Украіны, і двое нашых грамадзян, якія ўступілі на шлях здрады і працавалі ў інтарэсах замежнай дзяржавы".

КДБ спатрэбілася толькі тры месяцы для расследвання гэтай справы і перадачы яе ў суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства