viasna on patreon

"Імя Алеся нас аб'яднала". Як прайшла прэзентацыя кніг пра Алеся Бяляцкага ў Вільні

2023 2023-03-29T12:18:41+0300 2023-03-29T15:28:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/knigi-pra_alesia-bialiackaha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Вільні прэзентавалі кнігі пра Нобелеўскага лаўрэата і старшыню ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага. У сустрэчы прыняла ўдзел яго жонка Наталля Пінчук.

Валер Каліноўскі нагадаў пра кнігу, аўтарам якой ён з'яўляецца: "Справа Бяляцкага", выдадзеная ў 2012 годзе — тады, калі Алесь адбываў тэрмін па першай крымінальнай справе:

"Гэтую кнігу Алесь, калі быў у турме, чытаў —  пра сябе. І каб не звяртаць увагу іншых вязьняў у Бабруйскай калоніі, ён абгарнуў яе ў газетку. І ён, прачытаўшы, прыслаў мне нейкія памылкі — я іх паправіў. Але гэта кніга старая, гістарычная.

А сёння мы прэзентуем дзве новыя кнігі. Гэта кніга Беларускага ПЭНа "Алесь Бяляцкі", якую ПЭН выпусціў у канцы года, калі стала вядома цудоўная навіна пра атрыманне Нобелеўскай прэміі міра. А таксама кніга "Алесь Бяляцкі на Свабодзе”. Гэта кіга выказванняў, інтэрв'ю, ацэнак Алеся Бяляцкага, якія былі на “Радыё Свабода”. Калі у кнізе, выпушчанай ПЭНам, больш літаратурная праца, эсэ, то тут — грамадска-палітычная, разважанні на будзённыя і актуальныя тэмы".

pen_ales.jpg
Кніга "Алесь Бяляцкі", выпушчаная Беларускім ПЭНам

 Прадстаўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай нагадала:

"Хачу сказаць, што я нажаль адна, хто прадстаўляе каманду, якая працавала над кнігай “Алесь Бяляцкі”. Толькі яшчэ адзін чалавек, аўтар вокладкі, вядомы, а ўсе іншыя ананімна. Але гэта далёка не толькі я аўтарка гэтай кнігі. А перадусім аўтар яе Алесь Бяляцкі".

2023-03-28_.niadbaj_ales-knigajpg.jpg
Таццяна Нядбай

Пра кнігу серыі "Бібліятэка Радыё Свабода" "Алесь Бяляцкі на Свабодзе" распавёў яе ўкладальнік Сяргей Навумчык:

"Калі я ўкладаў гэтую кнігу, я зразумеў, што біяграфія Алеся Бяляцкага і як палітыка, і потым як праваабаронцы, гэта па сутнасці біяграфія нацыянальна-дэмакратычнага руху апошняга часу. Гэта біяграфія, якая складаецца, так, з перамог, але больш з такіх падзей сумных. І я вось думаў, чаму пры ўсім гэтым Алесь Бяляцкі мяне заўсёды здзіўляў яшчэ ў пачатку 90-х гадоў, у сярэдзіне 90-х, калі прыйшоў Лукашэнка і ўсім (хто балеў за Беларусь) было зразумела, што гэта будзе, Алесь Бяляцкі здзіўляў сваім аптымізмам. Я думаю, гэта таму, што ён як гісторык літаратуры, які вывучаў падзеі і стогадовай даўніны, бачыў, што тыя папярэднікі, якія дзеялі ў вельмі-вельмі неспрыяльных умовах, ім было яшчэ цяжэй, але тым не менш Беларусь стала незалежнай".

2023-03-28_pinchuk.jpg
У цэнтры - Наталля Пінчук. Справа - Валер Каліноўскі

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук прамовіла:

"Мы бачым, што імя Алеся нас аб'яднала ўсіх, сабрала ў гэтых сценах. І вельмі важна зараз гаварыць не толькі пра Алеся, а гаварыць пра ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

Нам важна кожны раз падымаць голас — наш беларускі голас, каб нас чулі тут за мяжой. Каб міжнародная супольнасць выказвала сваю салідарнасць беларускаму народу, каб міжнародная супольнасць рабіла ўсе магчымыя захады, каб ціснуць на ўлады Беларусі, каб гэты наш голас беларусаў быў пачуты. Я думаю, уласнымі сіламі, якія ў нас ёсць, якія дадуць і прадаставяць нашыя суседзі, то гэтымі супольнымі сіламі і намаганнямі мы можам змяніць сітуацыю. Можа быць зараз гэта гучыць аптымістычна, але ... мы ўсё ж такі з надзеяй, што ў нас усё атрымаецца".

На пытанне з залі пра ліставанне з Алесем Наталля Пінчук нечакана падзялілася:

"Яшчэ нядаўна я казала, што ліставанне ў нас адбываецца даволі цяжка, і апошнім часам няма лістоў ад Алеся... Але учора ад яго прыйшоў ліст, і я магу з вамі падзяліцца гэтай радаснай навіной. Пра што піша? Хвалюецца за мяне, за тое, што адбываецца тут. Пра сябе піша кароткай фразай: "У мяне ўсё па-старому"".

Слова на прэзентацыі ўзялі і тыя, хто ведае і бачыў Алеся Бяляцкага.

Сяргей Дубавец:

"Для Беларусі Нобелеўская прэмія – гэта найважнейшая адзнака. І тое, як да яе паставіліся сённяшнія рэжымнікі ў Беларусіі (грэбліва, з замоўчваннем, з абразамі), сведчыць пра тое, што ёсць часовае, а што ёсць вечнае. Што будзе цаніцца заўсёды, а што сыйдзе як нейкае бервяно на шляху да цывілізацыі".

Вінцук Вячорка:

"Задаюся пытаннем: дзе крыніца духоўнай моцы Алеся? Безумноўна гэта найперш Наталля. Але гэта таксама і ўсе тыя, хто падзяляе ягоныя ідэі. І гэта ўжо мільёны беларусаў, якія нікуды пасля 2020 года не падзеліся.

Тая ідэя, якой прысвяціў жыццё Алесь, з самага маладога ўзросту пачынаючы, мае перспектыву, таму што яна развілася так, як нам ў 80-м годзе можа яшчэ не мроілася".

Валерыя Чарнаморцава, былая палітзняволеная:

"Калі я патрапіла на Валадарку, гэта вельмі натхняла, што побач з табой сядзіць Нобелеўскі лаўрэат. Рэальна там унутры гэта вельмі значна для ўсіх. Я сядзела з Марфай Рабковай, якая ўвесь час згадвала спадара Алеся. Мы кожны раз, калі праходзілі праз 90 камеру, так спадзяваліся , а раптам хоць будзе кармушка адчынена, каб проста пабачыць Алеся. А я сабе загадала, што калі мяне на суд павядуць і калі я пабачу спадара Алеся (таму што ў яго таксама былі тады суды), то усё будзе добра і мяне выпусцяць. І сапраўды я яго пабачыла, і ён мяне пазнаў. яго вялі з жанчынамі — і ён іх падтрымліваў. І ўдалося трошкі пару словаў перамовіць: сказаць, што гэта вялікі гонар. Я думаю, што я не адна такая. 

Гэта было 16 студзеня 2023 года — дата майго суда".

Мерапрыемства з удзелам Наталлі Пінчук зладжана ў межах двух тыдняў салідарнасці з палітзняволеным сябрам ПЦ "Вясна" і Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім у Польшчы і Літве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства