У Гомелі вынесены прысуд барду і музыканту Аляксею Ільінчыку
Гомельскі абласны суд 28 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе 61-гадовага барда і музыканта Аляксея Ільінчыка. Доўгі час было невядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць гамельчука. Канчаткова яму прад’яўленыя абвінавачанні ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367), абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Пра затрыманне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 года пасля таго, як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі з-за “творчай дзейнасці ў Інтэрнеце”.
Яго змясцілі ў СІЗА, аднак з-за перанесенага перад гэтым інсульту Аляксею прыйшлося правесці ў бальніцы некалькі месяцаў, паколькі рэабілітацыя пасля хваробы была праблемнай, і правы бок цела быў паралізаваны. Як паведамляла «Гомельская Вясна», Аляксей доўгі час утрымліваўся ў санчастцы, дзе для яго не прымалі медпрэпараты. Адміністрацыя СІЗА тлумачыла гэта тым, што нібыта ўсе неабходныя прэпараты для яго лячэння ёсць і дапамога яму аказваецца.
У Гомелі судзяць барда, арганізатара фестывалей і канцэртаў Аляксея Ільінчыка
Як паведамляе “Гомельская вясна”, дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Ільінчыка тры гады пазбаўлення волі. Суд прыгаварыў барда да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.