viasna on patreon

"У зняволенні дапамагаюць выжыць людзі вакол", — экс-палітзняволены велаактывіст Максім Пучынскі

2023 2023-03-31T12:33:06+0300 2023-03-31T12:41:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maxim_puchynski_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аднаго з арганізатараў вядомага маштабнага велакарнавалу "Viva Ровар" і намесніка дырэктара Мінскай роварнай супольнасці Максіма Пучынскага затрымалі 29 лістапада 2022 года. Адразу яго асудзілі на 11 сутак за "дробнае хуліганства" ў РУУС, куды яго прывезлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа пасля ператрусу. Пасля арышту супраць актывіста распачалі крымінальную справу за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года за тое, што, як кажа Максім, ён выйшаў пагуляць. Каля трох месяцаў яго ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА-1 і ў выніку ў пачатку сакавіка асудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі". Праз тры дні пасля суда Максім пакінуў Беларусь. Апынуўшыся ў бяспецы, былы палітвязень распавёў "Вясне" пра сваё затрыманне людзьмі ў цывільным, "суткі" на Акрэсціна, побыт на Валадарцы і падтрымку людзей у зняволенні і з волі.

Максім Пучынскі
Максім Пучынскі

"Не адразу ўсвядоміў, што гэта той самы ГУБАЗіК"

Максіма затрымалі прама на працы днём 29 лістапада. Ён тады дапрацоўваў апошнія дні ў "Еўраопце" і праз два дні збіраўся пераязджаць у Польшчу.

"Мы вярнуліся з абеду і зайшлі пагуляць у настольны футбол. Але зайшоў начальнік і сказаў, што мяне выклікаюць ахоўнікі, бо мяне нехта чакае. Ахоўнік адвёў мяне ў асобны пакой, дзе чакалі тры чалавекі. Па дарозе ён спытаў, ці не здзяйсняў я чагосьці забароненага. Людзі ў цывільным адразу паказалі пасведчанні, што гэта ГУБАЗіК, і запатрабавалі тэлефон і пароль. Але на пасведчанні было напісана доўгае: «Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй», таму я не адразу ўсвядоміў, што гэта той самы ГУБАЗіК. Я спытаў, на якой падставе мне трэба даць пароль і што мне інкрымінуюць. На гэта супрацоўнікі сказалі: «Ты не разумееш, хлопец, з табой будзе тады іншая размова, і паедзеш з намі ў аддзяленне». Я яшчэ разы тры паспрабаваў высветліць, што яны ад мяне хочуць, акрамя пароля, але яны нічога не сказалі".

Актывіста павезлі ў ГУБАЗіК — па дарозе супрацоўнікі на яго аказвалі маральны ціск.

"Пры гэтым, яны сказалі, што можа яны рэальна памыліліся, але могуць паглядзець тэлефон і адпусціць. Я доўга думаў і вырашыў, што асаблівага сэнсу ў маім маўчанні няма. Я магу маўчаць, але мяне прывязуць у пастарунак, там пачнуць збіваць... Таму я сказаў: «Давайце я скажу пароль, вы паглядзіце, што памыліліся і разыдземся». Калі яны адкрылі тэлефон, то адразу ж запатрабавалі код ад двухфактарнай аўтэнтыфікацыі ад тэлеграма. Я памятаў толькі пароль, але яны ўсё роўна залезлі ў мой тэлеграм, хоць гэты вялікі код ад двухфактарнай аўтэнтыфікацыі я не казаў. Пры мне яны пачалі вывучаць яго змесціва, спыталі, дзе стары тэлефон. Ён быў дома, але я ў нядзелю [Максіма затрымалі ў аўторак] пераехаў са здымнай кватэры да маці, а праз два дні павінен быў з'язджаць у Польшчу. Я сказаў свой новы адрас, але чалавек, які гартаў мой тэлеграм, сказаў, што я хлушу. У ГУБАЗіКу былі «злы паліцэйскі» і «добры паліцэйскі». Першы мне ўвесь час казаў, што я вінаваты ва ўсім, а другі мяне супакойваў".

"У ГУБАЗіКу ўбачыў шмат плакатаў з Z, V"

У выніку супрацоўнікі ГУБАЗіКа павезлі Максіма на ператрус на кватэру да маці.

"Яны забралі стары тэлефон, але ён не ўключаўся. Пры ператрусе заўважылі і ноўтбук. Каб яны не капаліся ў асабістых фотаздымках і дакументах, я паказаў ім папку з выгружанымі фота і відэа з тэлефона. Я думаў, што ўсё выдаліў, але яны знайшлі відэа з пратэсту па 10 секунд. Але мяне і маіх сяброў на гэтых відэа няма. Я выходзіў 9 жніўня 2020 года і сустрэў там натоўп, але яны толькі крычалі: «Жыве Беларусь!» Нейкіх сметніц і іншага там не было. Выявілася, што гэта відэа з'яўляюцца доказамі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса".

Падчас ператрусу ў Максіма канфіскавалі тэлефон і ноўтбук, і павезлі яго ў аддзяленне. Па дарозе супрацоўнік ГУБАЗіКа, якога Максім называе "дрэнным паліцэйскім", працягнуў вывучаць перапіскі затрыманага.

"Ён знайшоў перапіску з сяброўкай з Украіны. Я ёй пісаў, што беларусы не пойдуць ваяваць супраць Украіны, і калі ім выдадуць зброю, то яны пойдуць скідаць урад і пачнуць вайну супраць Расіі. Супрацоўнік усё гэта зачытаў і амаль перайшоў на крык, сказаў, што я нічога не разумею. Я тады падумаў, што мяне яшчэ і за гэта неяк асудзяць. У ГУБАЗіКу я ўбачыў шмат плакатаў з Z, V, «Радзіма-маці кліча»".

У ГУБАЗіКу Максіма дапыталі і знялі традыцыйнае "пакаяльнае" відэа:

"Я выбраў палітыку казаць частку праўды. Я прызнаваў, што гуляў 9 жніўня і іншыя дні, але якія дакладна — не называў. Супрацоўнік спытаў, ці больш за пяць. Я адказаў, што каля таго. Тады іншы супрацоўнік, які гуляў ролю «дрэннага паліцэйскага», казаў, што я хлушу, таму што па білінгу бачна, што я гуляў кожную нядзелю. Але на гэтым усё і скончылася".

"Мне яшчэ пашанцавала"

Адразу хлопца асудзілі на 11 сутак паводле арт. 19.1 КаАП за "дробнае хуліганства" за тое, што ён у РУУС нібыта "размахваў рукамі, раскідваў алоўкі і канцылярскія прылады". Адбываць "суткі" Максіма адправілі ў ЦІП на Акрэсціна, але тады ён яшчэ не ведаў пра крымінальную справу:

"Проста на тых відэа, якія знайшлі ў мяне на ноўтбуку, я не гуляў па праезнай частцы, мяне асабіста на відэа не было. Таму было незразумела, ці ўзбудзяць па іх нейкую крымінальную справу ці не. Але ў выніку ўзбудзілі".

Максіма на Акрэсціна адразу змясцілі ў чатырохмесную камеру № 18 з 15 людзьмі, дзе ўвесь час гарэла святло і не было пасцельнай бялізны і матрацаў.

"Ад святла на ноч мы хаваліся ў капюшоны, хтосьці апранаў медыцынскія маскі або нацягваў на вочы шапкі. Я лічу, што мне яшчэ пашанцавала, і я адчуў не ўсе жахі гэтага месца.

Па расказах сукамернікаў, у камеру маглі пасадзіць людзей з дрэннай гігіенай. Іх даводзілася сілком мыць, а рэчы хаваць, каб не падхапіць блох або вошай. Яшчэ казалі пра камеру, дзе вельмі душна. Людзі там распранаюцца да трусоў, па сценках сцякаюць кроплі вады. Адзін чалавек, патрапіўшы ўпершыню туды, падумаў, што яго прывялі ў лазню, а не ў камеру".

"Калі выводзілі прусакоў, то ледзь не цэлае полчышча бегала па сценах"

Сукамернікі Максіма, якіх судзілі па адміністрацыйных артыкулах, былі людзі розных прафесій і заняткаў: ад работнікаў завода МТЗ да бізнэсоўцаў:

"З намі быў чалавек, у якога пры затрыманні аказаўся з сабой феерверк. Ён сказаў, што калі яго выпусцяць, то ён яго запусціць. І мы на Акрэсціна пачулі гукі феерверку — так мы даведаліся, што яго вызвалілі. Гэта быў прыемны момант, мы парадаваліся за яго.

З намі быў хлопец, у якога моцна ацяклі ногі. Ён паказваў іх нам — яны як быццам былі з пластыліну. Ён вельмі дрэнна спаў па начах: трохі спаў на падлозе, а потым прачынаўся, садзіўся на краёчак «шконкі» і так праводзіў астатак ночы. Чалавек вельмі моцна пакутаваў. Адзін з сукамернікаў казаў, што ў яго хвароба і трэба таблеткі, але іх яму не давалі. Яго этапавалі ў Жодзіна — не ведаю, што з ім потым было.

Пасля сутак у камеры № 18 нас перавялі ў камеру № 13, таму што ў той выводзілі прусакоў. У іншай камеры пачалі бегаць прусакі, па падлозе і сценах. Нас потым не перавялі назад, хоць і абяцалі.

Аднаго хлопца вазілі на ператрус дадому, дзе ён пачысціў зубы. Калі ён прыехаў, то сказаў: «Хлопцы, зубам хана!»Таму што сплёўваў, а там адна кроў. Вядома, калі ты не чысціш зубы нармальна на працягу месяца, то бактэрыі развіваюцца, і ўсё гэта адбіваецца на зубах. На Акрэсціна трэба хоць пальцам і гарачай вадой па зубах праходзіць і выдаляць налёт.

У трэцяй камеры хлопцы распавялі, што ў іх прусакоў больш, а калі выводзілі, то ледзь не цэлае полчышча бегала па сценах. Яны з імі звыкліся ўжо і нават не забівалі іх. Мне адносна пашанцавала: мяне па крымінальнай справе забралі з той камеры".

"Мяне ўдарылі каленам у сцягно, крычучы: "Галаву ніжэй!"

Пасля адміністрацыйнага арышту супрацоўнікі ГУБАЗіКа паведамілі Максіму, што ў дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і яго перавядуць у ІЧУ на Акрэсціна.

"Палітычных мужчынскага полу, у дачыненні да якіх пачалі крымінальную справу, на ІЧУ саджаюць у карцар. Гэта камера для аднаго чалавека, які неяк правініўся. Але карцара два, а людзей — шмат. Пры мне было да дзевяці чалавек. У камеры быў адзін ложак, які павінны былі апускаць, але яго прадольныя пакідалі прышпіленым да сцяны на ноч. Спаць даводзілася на бетоннай падлозе, дзе быў вялікі скразняк. Ад холаду мы выкручваліся, як маглі. Мы адразу зразумелі, што ва ўмывальніку можна набіраць гарачую ваду, і гэта будзе як дадатковая батарэя. Усе змяшчаліся на падлозе і адзін чалавек — на табурэтку.

У нейкі момант нас засталося тры чалавекі, але калі больш людзей — гэта нават лепш, таму што ўсе спяць шчыльняком і абаграваюць сваімі целамі суседзяў. Калі мала людзей, то трэба спаць у абдымку, напэўна, каб было цёпла, але мы спалі асобна і мерзлі.

Там я сустрэўся са святаром Уладзіславам Багамольнікавым. Гэта моцны духам чалавек, ён усіх супакойваў. Там жа быў бізнэсовец і дырэктар Belwooddoors Віталь Васілевіч. Многія жартавалі: «Віталь, возьмеш на працу, калі гэта ўсё скончыцца?» У Віталя нядобрая гісторыя была: у яго ў дзень затрымання быў самалёт у Лондан. Супрацоўнік РУУС яму перад гэтым патэлефанаваў і сказаў, што трэба падпісаць нейкія дакументы. Па дарозе ў аэрапорт Віталь з усёй сям'ёй заехалі ў РУУС. У выніку ўсіх затрымалі, але дачку пазней выпусцілі. А ў дачыненні да Віталя і Вольгі завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК".

"Уключылі беларускія патрыятычныя песні"

У карцары ў ІЧУ на Акрэсціна, куды перавялі Максіма па крымінальнай справе, утрымлівалі да дзевяці чалавек. Яго сукамернікі казалі, што ў камеры было і да 15 чалавек. Перасоўванні зняволеных з камеры і назад адбываліся ў напаўсагнутым стане, гледзячы ў падлогу.

"Калі на ЦІП, дзе трымаюць па адміністрацыйцы, ты выходзіш, злёгку апусціўшы галаву, то ў ІЧУ, калі адчыняюць карцар, ты павінен глядзець у акно, быць спінай адносна дзвярэй і выходзіць у напаўсагнутым стане. Але ў першы раз мы недастаткова апусцілі галовы, на іх погляд, таму супрацоўнікі Акрэсціна білі пры гэтым: мяне ўдарылі каленам у сцягно, крычучы: «Галаву ніжэй!» Па сутнасці, трэба было нагнуцца да пояса. Напэўна, каб іх твараў не ўбачылі, ці гэта такія правілы ў ІЧУ.

Стаўленне медыцынскіх работнікаў на Акрэсціна залежала ад канкрэтных людзей. Хтосьці прыносіў нам раствор солі і ёду, каб паласкаць горла і нос, а хтосьці наогул адмаўляўся даваць нейкія лекі. Наогул на Акрэсціна парацэтамол і ібупрафен — лекі ад усіх хвароб, незалежна ад таго, што ў цябе баліць. Але калі я быў ужо на Валадарцы, то мне распавялі, што там і гэтыя таблеткі перасталі выдаваць. Па словах хлопцаў, з лекамі цяпер стала яшчэ горш.

Неяк на паўтары гадзіны нам уключылі беларускія патрыятычныя песні, напрыклад, «Саня застанецца з намі», «Мая краіна Беларусь», песня пра тое, што «любімую не аддаюць», а таксама песні «Песняроў». Пасля гэтага гралі песні «Міражу».

На прыбіральні няма нейкай фіранкі, таму калі чалавек ідзе па-вялікаму, то ўсё адварочваюцца, каб яму не перашкаджаць. Некаторым было цяжка — па пяць дзён не хадзілі ў прыбіральню.

На Акрэсціна была не супер-ежа, але ядомая. Калі адкінуць нейкія моманты, то есці можна. Нам давалі кашы: аўсянку і сечку. Было свята, калі нам далі вінегрэт, таму што там не даюць ні гародніны, ні садавіны, і не хапае вітамінаў. У медыцынскай перадачы вітаміны і гематагены не бяруць. Часам давалі квашаную капусту, марынаваныя памідоры і агуркі. Марынаваныя памідоры раілі не есці, таму што пасля іх расстройства жывата бывае. Я паверыў хлопцам на слова і не стаў правяраць. Ад мясцовага хлеба ў хлопцаў была пякотка".

"Калі б там не было размоў і падтрымкі, то псіхалагічна было б значна складаней" 

Максім Пучынскі
Максім Пучынскі

На 11-ы дзень Максіма этапавалі ў СІЗА-1. Уначы на "Валадарцы" яго агледзелі на прадмет збіцця і наяўнасці тэмпературы, адвялі ў душ, выдалі пасцельную бялізну і кружку і адвялі ў часовую камеру ("адстойнік") да абеду наступнага дня. Пасля абеду Максіма вызначылі ў камеру № 44:

"У той момант мае сукамернікі былі на прагулцы. У камеры было толькі два чалавекі, якія засталіся, хутчэй за ўсё, па медыцынскай даведцы. Калі я зайшоў, то яны глядзелі прапагандыстку Вольгу Скабееву па тэлевізары, якая распавядала, як "Расійская Федэрацыя вядзе спецыяльную аперацыю". Выбар тэлеканалаў быў невялікі. Калі я прыехаў, то палова камеры была палітычныя зняволеныя. У самы пік суадносіны зняволеных па палітычных і звычайных артыкулах складала дзесьці 70 на 30%.

У мяне з сабой з асабістых рэчаў не было нічога, але сукамернікі дапамаглі: далі ручнік, зубную шчотку, пасту, шлапакі, то бок забяспечылі рэчамі першай неабходнасці і распавялі, як жыць. У зняволенні дапамагаюць выжыць людзі вакол. Калі б там не было размоў і падтрымкі, то псіхалагічна было б значна складаней. У гэтым плане святар Уладзіслаў Багамольнікаў на Акрэсціна нас вельмі моцна падтрымліваў — знаходзіў патрэбныя словы. Ён бачыў, што чалавеку цяжка, і размаўляў з ім. Гэта былі размовы не толькі пра бога. Калі чалавек быў атэіст, то Уладзіслаў у рэлігійную тэму не лез і знаходзіў іншыя словы, якія дапамагалі людзям трымацца".

Каля месяца ў Максіма не было спальнага месца ў пятнаццацімясцовай камеры СІЗА-1. Усяго на "Валадарцы" ён правёў каля трох месяцаў.

"Тыдзень людзі прыглядаюцца і вывучаюць побыт. Я стаў адказваць за ежу і прадукты, уборку стала пасля абеду, за гэта з мяне знялі абавязкі па ўборцы ў камеры. Мы імкнуліся заўсёды хадзіць на шпацыр, каб дыхаць свежым паветрам і рухацца. У камеры можна было зрабіць максімум зарадку. У нашай камеры быў майстар ёгі і кунг-фу, і ён гэтым займаўся. Хтосьці стараўся трымаць сябе ў форме, а хтосьці думаў, што тры месяцы можна пацярпець.

У псіхалагічным плане, думаю, у нас была камера адна з лепшых. Мы імкнуліся трымаць здаровы псіхалагічны клімат і падтрымліваць адзін аднаго.

Мяне вельмі моцна падтрымлівалі самыя розныя людзі, незнаёмыя мне людзі. Гэта былі і валанцёры, і людзі з веласіпеднай супольнасці, і прадстаўнікі раней невядомай мне ініцыятывы "Прыносім радасць", якія мне даслалі цукар з карыцай і іншыя прысмакі. Хтосьці пісаў лісты, хтосьці дасылаў грошыкі, а хтосьці — пасылкі. Гэта было вельмі прыемна. Але некаторым лісты наогул не прапускалі".

"Значна лягчэй будзе чалавеку, які сядзіць, ведаць, што ягоныя сваякі адэкватна ўспрымаюць сітуацыю"

Максім распавядае, што людзі па-рознаму пераносяць зняволенне. Адзін з самых цяжкіх момантаў — гэта псіхалагічны стан сваякоў.

"Ёсць два складаныя моманты на Акрэсціна: калі толькі заводзяць у камеру, ты пачынаеш звыкацца з новымі рэаліямі і набліжэннем тэрміну вызвалення, але ты не ведаеш, ці сапраўды цябе выпусцяць. Другі — гэта час напружанага чакання, у якім ты праводзіш час. Але розныя людзі ўсё ўспрымаюць па-рознаму.

Самы псіхалагічна цяжкі момант быў, калі мяне затрымалі. Таму што праз два дні я павінен быў з'ехаць у Польшчу да жонкі, якая мяне вельмі чакала.

Але калі я трапіў у камеру да людзей, то яны мяне вельмі падтрымалі. Калі было мала людзей і не было такіх, як святар Багамольнікаў, то было крыху больш складана, канешне. Сукамернікі сталі, па сутнасці, роднымі людзьмі.

Але ў ментальным плане складаней блізкім. Усё ж сваякі перажываюць больш за цябе. Ты адаптаваўся, а яны жывуць у няведанні. Не заўсёды ёсць магчымасць перадаць нейкую інфармацыю. Ну і пытанне з цэнзарам яшчэ. Я неяк напісаў такі пазітыўны ліст жонцы, што яна потым скардзілася, што я так усё апісаў, што я як быццам у санаторыі. Зразумела, што гэта не так, але ты стараешся адэкватна ўспрымаць сітуацыю і шукаць любыя станоўчыя моманты. Калі б турэмная сістэма працавала б нават паводле сваіх правілаў, а не як на Акрэсціна, то ўсё было б нармальна. Людзі падтрымліваюць там і не даюць пасці духам, але сваякі перажываюць, і ім важна ўсведамляць, што не так усё дрэнна. Значна лягчэй будзе чалавеку, які сядзіць, ведаць, што яго сваякі адэкватна ўспрымаюць сітуацыю, а не думаюць, што жыццё скончана, і не заганяюцца ў псіхалагічны застой".

"Калі не можаш паўплываць на сітуацыю, змяні сваё стаўленне да яе"

Максім Пучынскі выйшаў з СІЗА і пакінуў Беларусь
Максім Пучынскі выйшаў з СІЗА і пакінуў Беларусь

9 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Максіма вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыла яму два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"). Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

"Я быў рады, што ўсё скончылася і ў мяне "хатняя хімія", а не калонія. Я ўжо мог сам прымаць нейкія рашэнні, а не чакаць, што яго прымуць за цябе. У турме ты ніяк не можаш паўплываць на сітуацыю. Там вельмі добра дзейнічае такое правіла: калі ты не можаш паўплываць на сітуацыю, змяні сваё стаўленне да яе".

На наступны дзень пасля суда і вызвалення з СІЗА Максім занёс перадачу сваім сукамернікам, а праз тры дні ён пакінуў Беларусь. У гэтым яму дапамагла служба эвакуацыі BYSOL.

"Там правялі кансультацыю, распавялі, што і як мне рабіць, куды ехаць, што мне трэба браць з сабой, а чаго не трэба браць. Самае хвалюючае было — перасячэнне мяжы. Але падрабязнасцяў я сказаць не магу".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства