Заява праваабаронцаў аб прызнанні шасці палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
28 красавіка 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем пабольшаную колькасць судовых рашэнняў, прынятых паводле палітычна матываваных крымінальных спраў з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачаных, якія ў адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб'ектыўнага судовага разгляду надаюць расследаванню і асуджэнню рысы адвольнага. Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца ў адсутнасць палітычнага матыву, і з'яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі здзейсненага і асобам асуджаных.
У прыватнасці:
Сямён Акула асуджаны за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 КК і на ўнясенне недакладных даных у ведамасную і статыстычную справаздачнасць, што выклікала недаплату неабходных сум у якасці абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт па ч. 2 арт. 216 КК (Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу) да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі; злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 216 КК не з'яўляецца цяжкім, і ўсе абставіны крымінальнай справы ў сукупнасці не перашкаджалі прызначэнню пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі; такім чынам, С. Акула асуджаны выбарачна ў параўнанні з іншымі асуджанымі без наяўнасці палітычнага матыву;
Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Рэспублікі Польшча) асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні па арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) да чатырох гадоў пазбаўлення волі; Міхаіл Сталярчук і Дзмітрый Гудзік (грамадзяне Украіны) у закрытым судовым пасяджэнні асуджаны адпаведна на шэсць і пяць гадоў пазбаўлення волі; дыспазіцыя артыкула 358-1 КК сфармулявана няпэўна, дапускаючы пашыральнае тлумачэнне, таму на дзяржаве ляжыць абавязак даказаць грамадскую небяспеку дзеяння з няўхільным прытрымліваннем працэсуальных гарантый, у ліку якіх — публічнае судовае разбіральніцтва; гэта права можа быць абмежавана ў правамерных мэтах, не замахваючы на сутнасць права, што ў дадзеным выпадку дапускала б правядзенне толькі часткі судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме для захавання дзяржаўных таямніц, калі такія былі ў матэрыялах справы;
Руслан Лабанок асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні па арт. 431 КК (дача хабару) і арт. 356 КК (здрада дзяржаве) на 11 гадоў пазбаўлення волі; дыспазіцыя артыкула 356 КК сфармулявана няпэўна, дапускае пашыральнае тлумачэнне, што з 2020 году на практыцы цягне адвольнае асуджэнне грамадзянаў, якія не замахваліся на нацыянальную бяспеку — у тым сэнсе, які ўкладваецца ў гэтае паняцце ў дэмакратычных дзяржавах; у сувязі з гэтым на дзяржаве ляжыць абавязак даказаць грамадскую небяспеку дзеяння з няўхільным прытрымліваннем працэсуальных гарантый, у публічным судзе; гэта права абвінавачанага можа быць абмежавана выключна ў правамерных мэтах, не замахваючыся на сутнасць права, што ў дадзеным выпадку дапускала б правядзенне толькі часткі судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме для захавання дзяржаўных таямніц, калі такія былі ў матэрыялах справы;
Непаўналетні Арцём Вайцяховіч узяты пад варту па абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 208 КК (вымаганне) і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары, у той час, калі яго брат, адміністратар пратэснага Тэлеграм-канала, атрымлівае патрабаванні пра спыненні дзейнасці ў якасці ўмовы для вызвалення Арцёма Вайцяховіча; разам з тым, "сістэма правасуддзя ў дачыненні да непаўналетніх скіравана ў першую чаргу на забеспячэнне дабрабыту непаўналетняга і забеспячэння таго, што любыя меры ўздзеяння на непаўналетніх правапарушальнікаў былі заўсёды сувымерныя як з асаблівасцямі асобы правапарушальніка, так і з акалічнасцямі правапарушэння. Утрыманне пад вартай да суда прымяняецца толькі ў якасці надзвычайнай меры і на працягу найкарацейшага перыяду часу. Утрыманне пад вартай да суда па магчымасці замяняецца іншымі альтэрнатыўнымі мерамі, такімі, як сталы надгляд, актыўная выхаваўчая праца ці змяшчэнне ў сям'ю альбо ў выхаваўчую ўстанову ці дом" (Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія тычацца выканання правасуддзя ў дачыненні на непаўналетніх).
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
Прымаючы рашэнне, мы ў чарговы раз падкрэсліваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальна нізкай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там не было доказаў абвінавачання.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў: …
- пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў правапарушэння, якое ставілася ў віну, або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйснення іншай асобай;
- працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо была прызнана вінаватай;
- асоба пазбаўлена волі выбарачна ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Сямёна Акулы, Ежы Жывалеўскага, Міхаіла Сталярчука, Дзмітрыя Гудзіка, Руслана Лабанка, Арцёма Вайцяховіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад улад Беларусі:
- перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Human Constanta;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва.