viasna on patreon

Журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса асудзілі да чатырох гадоў калоніі Дапоўнена

2023 2023-05-30T16:18:00+0300 2023-05-30T17:57:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/merkis-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Меркіс

Яўген Меркіс

У Гомельскім абласным судзе 30 траўня вынесены прысуд журналісту-фрылансеру і краязнаўцу Яўгену Меркісу. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку. Яўген трымаўся бадзёра, вонкава выглядаў няблага: сваю інтэлігентную бародку ён пагаліў, хутчэй за ўсё на патрабаванне адміністрацыі СІЗА.

Палітзняволенага Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус, у ходзе якога былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Да суда быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.

Яўген асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых "дармаедаў”. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю. Аднак неўзабаве ягоны “Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны”, дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі па краязнаўстве і гісторыі рэгіёна, перастаў адкрывацца. Цяпер пры адкрыцці старонкі nashkraj.info пазначаецца “сайт недасяжны”. Таксама быў выдалены тэлеграм-канал “Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны”.

Згодна звесткам прапагандысцкай газеты «Гомельская праўда», Яўген Меркіс адпраўляў тг-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама прапагандысты паведамляюць, што Яўген працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.

Сёння Яўген Меркіс выступіў з апошнім словам, пасля чаго быў абвешчаны прысуд: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на чатыры гады.

Канфіскаваныя аўтамабіль, ноўтбук і тэлефон адабраныя судом у даход дзяржавы. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства