viasna on patreon

У палітвязня ў турме здарыўся інфаркт і інсульт. Яго адправілі ў калонію

2023 2023-05-30T17:48:43+0300 2023-05-30T18:26:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sonchyk_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у лістападзе 2021 года ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязня Дзмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт. Каля месяца ён прабыў у гарадской бальніцы, прышпілены кайданкамі да ложка, пад назіраннямі канваіраў і відэакамеры, а потым яго вярнулі ў турму, дзе догляд за ім ажыццяўлялі сукамернікі. Мінскі гарадскі суд пакінуў апеляцыйную скаргу без задавальнення, нягледзячы на набытую інваліднасць падчас зняволення, і Дзмітрыя адправілі ў калонію. Былы сукамернік палітвязня з магілёўскай турмы і зняволены з калоніі, дзе адбывае тэрмін Дзмітрый, распавялі "Вясне" яго гісторыю.

Дзмітрый Сончык

Тры гады калоніі за каментары

Вясельнага фатографа з Мінска Дзмітрыя Сончыка затрымалі людзі ў цывільным на таніраваным бусе 28 чэрвеня 2021 года.  Прычына — рэпост-каментары ў Інтэрнэце. Дома правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку, якую пасля канфіскавалі. Пры затрыманні мужчыну надзелі кайданкі і накрылі іх кофтай, каб суседзі нічога не западозрылі. Да суда фатографа ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.

12 кастрычніка 2021 года суддзя Дзмітрый Карсюк суда Цэнтральнага раёна Менска прызначыў Дзмітрыю тры гады калоніі. Паводле версіі абвінавачвання, Дзмітрый Сончык абразіў і выказаў пагрозу жыццю чатырох чалавек у каментарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гадоў. Пацярпелыя — А. Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясвіжскага РАУС А. Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясвіжскага РАУС Р. Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКа А. Алёкса. На судзе ён тлумачыў, што пісаў каментары праз эмоцыі, пасля прагляду відэа збіцця і затрыманняў, абураны неправамернымі дзеяннямі супрацоўнікаў. Але падкрэсліў, што не збіраўся ажыццяўляць пагрозы.

Да затрымання ў Дзмітрыя не было праблем са здароўем. У зняволенні ён перахварэў на COVID. Да разгляду апеляцыі з СІЗА-1 Дзмітрыя Сончыка этапавалі ў магілёўскую турму. Там, паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго збілі, патрабуючы на камеру выбачэнняў і прызнання віны. Праз два тыдні пасля таго, як Дзмітрыя прывезлі ў турму № 4, у мужчыны здарыўся інфаркт, а яшчэ праз два тыдні — інсульт.

"Яго фактычна паралізавала"

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў распавёў "Вясне", што знаходзіўся з Дзмітрыем у камеры магілёўскай турмы 14 лістапада 2021 года, калі ў яго здарыўся інфаркт.

"Я быў з ім у камеры, калі яму стала кепска і яго забралі ў бальніцу. Яму стала дрэнна ноччу. Пакуль мы дагрукаліся да супрацоўнікаў, прайшло некалькі гадзін. Яго адразу забралі ў медчастку турмы, а раніцай адвезлі ў магілёўскую гарадскую бальніцу.

У бальніцы ён прабыў дзесьці месяц. Потым у камеру, з якой яго забралі лекары, прыйшлі супрацоўнікі турмы і запыталі, хто з ім сядзеў і хто яго ведае. Я адказаў, што я з ім знаёмы. У Дзмітрыя былі праблемы з памяццю, таму шукалі знаёмых, каб працэс рэабілітацыі праходзіў хутчэй. Мяне і яшчэ некалькі чалавек перавялі ў невялікую камеру, дзе быў Дзмітрый. Там мы яго даглядалі, бо ён быў у вельмі цяжкім стане. Мы нават памперсы яму мянялі, бо ён амаль што хадзіць не мог. Трэба было ў душы яго падтрымаць, напрыклад, каб ён памыўся. У той момант у яго былі праблемы з маўленнем і яго фактычна паралізавала. У камеры я прабыў з ім месяц".

У турме ў Дзмітрыя Сончыка адняліся левыя рука і нага, а таксама парушылася гаворка. За паўтара месяца ён вельмі моцна схуднеў — прыблізна на 60 кілаграм. Яму прысвоілі інваліднасць другой групы, але суд пакінуў прысуд без зменаў, нягледзячы на тое, што Дзмітрый перанёс інсульт і інфаркт.  

Былы палітвязень Валянцін адзначае, што праблемы са здароўем у яго былога сукамерніка абвастрыліся пасля збіцця сілавікамі.

"На маю думку, акрамя збіцця, на яго здароўе яшчэ моцна паўплывала тое, што ён вельмі хваляваўся і шмат паліў".

Валянцін Лабачоў нават у сваёй апеляцыйнай скарзе прасіў, каб суд улічыў тое, што ён даглядае за зняволеным Дзмітрыем Сончиком. Магілёўскі абласны суд гэтага, чакана, не ўлічыў. Разгляд скаргі Валянціна праходзіў у закрытым рэжыме.

"У яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і гаворкі"

З бальніцы Дзмітрыя Сончыка выпісалі 17 снежня 2021 года, а ў сярэдзіне студзеня 2022 года яго ўжо этапавалі праз Гомель у бабруйскую калонію № 2. З ім там пазнаёміўся былы палітвязень Віталь Жук.  

"З Дзмітрыем Сончыкам я пазнаёміўся ў санчастцы калоніі ў канцы лютага-пачатку сакавіка 2022 года. Там мы правялі 10 дзён. Я адразу заўважыў, што ў яго нейкія праблемы з прамовай, але я не адразу зразумеў, што здарылася. Ён вельмі эмацыйна жэстыкуляваў, але было прыкметна, што ён забывае словы ў працэсе размовы. Напрыклад, ён хоча нешта сказаць, але не памятае, як гучыць слова, таму шукаў сінонімы. Ці, напрыклад, блытаў заканчэнні словаў, напрыклад, мог сказаць замест "дзень добры" — "дзень добрая". Так я зразумеў, што ў яго ёсць пэўныя праблемы, але ў першы дзень знаёмства пра гэта мы не казалі. У наступстве я даведаўся і пра інфаркт, і пра інсульт, якія былі справакаваныя збіццём. Наколькі я зразумеў, усе спрабавалі спісаць на COVID-19. Але гэта трызненне, таму што чалавек быў раней абсалютна здаровым".

Дзмітрыя вызначылі ў атрад пенсіянераў, нягледзячы на тое, што ён не падыходзіць па ўзросце. Яму прызначылі пенсію па інваліднасці (другой рабочай групы), але яна да яго не даходзіць з-за вылікаў калоніі.

"Я потым яшчэ сустракаўся з Дзмітрыем — у яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і гаворкі. Ён трохі кульгае і робіць міжвольныя руху рукамі. Але Дзмітрый малайчына. Ён вельмі моцны чалавек унутры!" — кажа былы палітвязень Віталь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства