Прызнанне песен "экстрэмісцкімі", затрыманне дырэктара маркетынгавага агенцтва: хроніка пераследу 30-31 траўня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30-31 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Магілёўская міліцыя зладзіла праверку былога палітвязня па WhatsApp
Сёння міліцыянт з аператыўнага адзелу Кастрычніцкага РАУСу Магілёва па WhatsApp званіў былому палітвязню Валянціну Лабачову, асуджанаму да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі за абразу Лукашэнку. Тэрмін ён адбываў у наваполацкай ПК № 1. Валянцін выйшаў на волю 17 лютага 2023 года. Былы палітвязень пакінуў Беларусь 5 красавіка.
Міліцыянт па тэлефоне запытаў у былога палітвязня, ці жыве ён у Польшчы і ці збіраецца ён вяртацца ў Беларусь. Валянцін растлумачыў яму, што папярэдзіў інспекцыю і напісаў заяву, што з'язджае у Польшчу на год. На гэта яму супрацоўнік сказаў, што іх абавязалі штотыдзень тэлефанаваць і правяраць.
«Хутчэй за ўсе міліцыя так зацікавілася мной пасля маіх выступаў і інтэрв'ю. Напэўна, мяне ўжо чакаюць у Беларусі», — кажа Валянцін.
"Айцішны" інтэрнэт-рэсурс Dev.bу заблакаваны ў Беларусі
Напрыканцы мінулага тыдня ў некаторых аператараў сувязі ў Беларусі перастаў адкрывацца навінавы рэсурс Dev.bу. Паколькі рэдакцыя не атрымлівала афіцыйных прэтэнзій з боку ўладаў, заснавальнікі спадзяваліся, што гэта тэхнічная накладка. Аднак пасля выходных сайт так і не запрацаваў.
За межамі краіны старонка Dev.bу адкрывацца і абнаўляецца, піша @bajby.
Улады прызналі "экстрэмісцкімі" песні "Пора", "Стражи галактики", "Ненависть" і "Вясна" жлобінскага гурта FaceOFF — на днях удзельнікаў гурта адправілі за краты
Таксама «экстрэмісцкай» прызнаная суполка гурта ва «Укантакце». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 25 траўня. Нагадаем, на мінулым тыдні ўдзельнікаў гурта FaceOFF затрымалі, а пазней адправілі на суткі.
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:
- Telegram чаты і каналы «Чат Московский 74 к 1-6», «Chat ОСВОБОЖДЕНИЕ БЕЛАРУСИ», «Правые беседы», «Широкая», «Якубовского»;
- Facebook-старонкі «Досить боятися!», «Вольны Беларус», «Солидарность с Хартия-97», «Август2020»;
- Сацсеткі Валера Цапкалы;
- Старонка ва «Укантакце» «Взрыватель пуканов»;
- Старонка ў Instagram «veronica.tsepkalo».
Сілавікі затрымалі дырэктара маркетынгавага агенцтва Gusarov Андрэя Гусарава
На «пакаяльным» відэа мужчына сказаў, што сузаснавальнік TUТ.ВY Кірыл Валошын апублікаваў у сацсетках фотаздымак з ім, чым нібыта выклікаў павышаную цікавасць з боку сілавікоў, піша @mediazona_by.
Мінюст пазбавіў ліцэнзіі чацвярых адвакатаў
Як паведаміла Медыязона, ліцэнзіі пазбавілі адвакатаў Аляксандра Уласевіча і Святлану Якушаву з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў. Дзеянне іх ліцэнзіі спыняецца «ў сувязі са здзяйсненнем імі правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
Ліцэнзіі таксама пазбавіліся адвакаты Юрый Козікаў і Арцём Сям'янаў, якіх раней выключылі з Мінскай абласной калегіі адвакатаў «за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
Юрый Козікаў — муж Ірыны Козікавай, сястры Максіма Знака. Ён абараняў Максіма і былога следчага Яўгена Юшкевіча. Арцём Сям'янаў абараняў праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса.
У Гродне затрыманы воін-інтэрнацыяналіст Юрый Слізевіч
Як паведамляе @nebovkletku, гарадзенцу 57 гадоў. Ён 14 гадоў адпрацаваў дырэктарам у фірме «Элефант і К», якая займаецца рамонтам транспарту і абслугоўвала, у тым ліку, Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне.