viasna on patreon

"Мне яшчэ пашанцавала". Як у Варшаве прайшоў вечар у падтрымку пацярпелых ад катаванняў Фота

2023 2023-06-27T14:29:00+0300 2023-06-27T20:01:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mne-jaszcze-paszancavala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 чэрвеня ў Міжнародны дзень супраць катаванняў у варшаўскай прасторы "Пад Жырандоляй" беларускія акторы і акторкі прачыталі пад музыку гісторыі катаванняў беларускіх палітвязняў. 

Чытанне зладзіў праваабарончы цэнтр "Вясна". У вечары ўзялі ўдзел беларускія акторы і акторкі розных тэатраў: Алег Гарбуз, Крысціна Дробыш, Дар'я Новік, Андрэй Саўчанка, Канстанцін Шульга, Юлія Шаўчук. Пад музычнае суправаджэнне Эрыка Арлова-Шымкуса яны прачыталі катавальныя гісторыі, якія распавялі праваабаронцам былыя палітвязні і арыштанты. Шмат хто з іх таксама прыйшлі на сустрэчу. 

На мерапрыемстве гледачы разам з “Майстэрняй паштовак салідарнасці” падпісвалі лісты палітвязням, якія пацярпелі ад катаванняў і пакутуюць на дрэннае здароўе.

Напачатку чытанняў з прамовай выступіла праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук:

"Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць катаванняў ці Дзень у падтрымку пацярпелых ад катаванняў. На жаль, гэты дзень застаецца актуальным у Беларусі і цяпер. З 2020 года ў нашай краіне адбываюцца не проста парушэнні правоў чалавека, а міжнародныя злачынствы супраць чалавечнасці. Сёлета гэта афіцыйна прызнала ААН. Амаль ужо тры гады бесперапынна ў Беларусі працуе таталітарная машына рэпрэсій, для якой не існуе каштоўнасці чалавечага жыцця і яго годнасці. Кажуць, што новы гімн нашай краіны - крыкі ад катаванняў, але наш гімн - гэта хвіліны маўчання, бо мы не чуем галасы нашых палітвязняў і арыштантаў праз тое, што іх трымаюць у жахлівых умовах у рэжыме інкамунікада, без сувязі за знешнім светам, без лістоў ад сяброў і спатканняў з роднымі.

Праз маральныя і фізічныя катаванні толькі ў апошнія гады прайшлі дзясяткі, калі не сотні тысяч беларусаў і беларусак. Іх катуюць, зневажаюць, утрымліваюць у нечалавечых умовах толькі за тое, што яны хацелі жыць у лепшай краіне, не згодныя з палітыкай рэжыма Лукашэнкі, выступалі супраць вайны ва Украіне, выказвалі салідарнасць адзін з адным, ці толькі за тое, што не маўчалі і казалі пра тое, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне. Усе яны маюць патрэбу ў падтрымцы і рэабілітацыі. На гэта могуць спатрэбіцца годы, а можа і ўсё жыццё. Беларуская сістэма наладжана, каб ламаць лёсы людзей і ўсё чалавечае ў іх.

Сёння вы пачуеце шэсць розных гісторый, якія самі беларусы і беларускі, апынуўшыся на волі і ў бяспецы, распавялі праваабаронцам "Вясны". Гэтыя людзі, перажыўшы катаванні і жорсткае абыходжанне, знайшлі сілы распавесці пра гэта публічна, каб увесь свет ведаў, як выбіваюць паказанні супрацоўнікі ГУБАЗіКа і КДБ, як гэта: не хадзіць паўгода больш за шэсць крокаў наперад, у якіх умовах утрымліваюць на Акрэсціна і калоніях, што такое "каранцін" па-жодзінскі, як праходзяць крымінальныя суды за адно фота ў Instagram і многае іншае. Але ўсё роўна дадаюць: "Мне яшчэ пашанцавала", узгадваючы сваіх сукамернікаў і сукамерніц.

Мы хочам, каб галасы гэтых людзей гучалі мацней і гучней. У гэтым сёння дапамогуць беларускія акторы і акторкі Алег Гарбуз, Юлія Шаўчук, Андрэй Саўчанка, Дар'я Новік, Крысціна Дробыш, Канстанцін Шульга, а таксама Эрык Арлоў-Шымкус.

Катаванні любяць цішыню, таму мы кажам".

Чытанні можна паглядзець у запісы ў ютуб-канале "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства