За "знявагу вайскоўца" 2 гады калоніі прызначылі жыхару Пружан Дапоўнена
У судзе Лідскага раёна 19 чэрвеня за "знявагу вайскоўца" да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 100 базавых штрафу асудзілі 29-гадовага жыхара Пружан Сяргея Кемежа, які адбываў тэрмін на "хіміі". Яго судзілі паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу (знявага прадстаўніка ўлады). Такі прысуд вынес Ігар Кашко па прапанове пракурора Мікіты Мысліўца.
Паводле версіі абвінавачвання, у снежні 2021 года Сяргей Кемеж "пасля чытання інфармацыі, якая публікуецца ў дэструктыўных групах сацыяльнай сеткі "Вконтакте", размясціў у дачыненні да камандзіра адной з вайсковых частак абразлівы каментар". Сцвярджаецца, што ён быў зарэгістраваны пад несапраўдным імя і выкарыстоўваў VPN, але яго ўсё роўна ідэнтыфікавалі.
Як заўважыла "Берасцейская Вясна", у прысудзе ёсць цікавы момант: пазначана, што сілавікі некалькі разоў рабілі скрыншоты старонкі з каментаром. Спачатку там было паказана імя карыстальніка (мяркуючы па ўсім, ананімнае). Далей акаўнт быў выдалены. Пасля гэтага сілавікі "з мэтай высвятлення асобы карыстальніка накіравалі запыт у РФ аб аказанні прававой дапамогі, а менавіта прадастаўленні звестак аб IP-адрасах, якія выкарыстоўваюцца асобамі, якія размясцілі каментары". З Расіі адказалі: прадаставілі IP-адрас і нумар тэлефона, які быў зарэгістраваны на беларускую SIM-карту на імя Сяргея Кемежа.
Жыхара Прыжан Сяргея Кемежа ўжо судзілі ў верасні 2021 года за тое, што 25 студзеня 2021 года ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" пад навіной пра прысуд за абразу камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, напісаў абразлівы каментар пра гэтага міліцыянта. Справа разглядалася ў судзе Пружанскага раёна ў верасні 2021 года паводле арт. 369, ч.1 арт. 208 КК. Суддзя Вадзім Мазоль прызначыў яму два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову ("хімія"), а таксама пакрыць 3000 рублёў маральнай шкоды. Таксама Сяргея абвінавацілі вымагальніцтва з жонкі былога аднагрупніка, за гэта таксама прысудзілі 2 гады "хіміі". Сумарна мужчыну асудзілі да 2 гадоў 6 месяцаў "хіміі".
У верасні 2022 года Сяргея ўключылі ў "спіс экстрэмістаў" з паметкай, што ён адбывае пакаранне. У студзені 2022 года Пружанскі суд замяніў яму пакаранне на больш строгае. Адзін год і два з паловай месяцы Кемеж прасядзеў у калоніі. У канцы сакавіка 2023 года ён цалкам адбыў тэрмін па сваім першым прысудзе і выйшаў на волю. Яго затрымалі па новай крымінальнай справе і змясцілі пад варту.
22 чэрвеня Сяргею споўнілася 29 гадоў.
Падтрымайце вязня: Сяргей Вітальевіч Кемеж, турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1