viasna on patreon

Тры суды і арышт амаль на паўтара месяца: так скончылася паездка фермера ў Польшчу

2023 2023-06-29T12:09:02+0300 2023-06-29T12:21:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kazeka-1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Казека. Фота: "Ганцавіцкі час"

Уладзімір Казека. Фота: "Ганцавіцкі час"

60-гадовы юбілей вясковец з вёскі Людвінава Драгічынскага раёна сустрэў за кратамі, 20 дзён трымаў галадоўку. І за 43 дні пад арыштам страціў амаль усё, што прыносіла сродкі да існавання. А ў дадатак ён не зможа ў гэтым сезоне выплаціць доўг у 10 тысяч даляраў. Тры суды і арышт амаль на паўтара месяца за адміністрацыйнае правапарушэнне, у якім абвінавацілі 60-гадовага вяскоўца з Драгічынскага раёна – так скончылася паездка Уладзіміра Казека ў Польшчу за таннымі таварамі. Гэтую історыю распавядае "Ганцавіцкі час".

З'ехаў па алей у Польшчу на дзень – вярнуўся праз паўтара месяца

9 мая 2023 года жыхар вёскі Людвінава са сваім знаёмым вырашылі паехаць у Польшчу, каб купіць масла ў аўтамабіль ды нейкіх іншых тавараў па дробязі. Палічылі, што ў суседняй краіне танней, а эканоміі на куплі аўтамабільнага алею хопіць, каб пакрыць выдаткі на дарогу.

І ўсё б прайшло спакойна, але на зваротнай дарозе на беларускай мяжы падарожнікаў папрасілі паказаць тэлефоны…

У тэлефоне Уладзіміра Казекі выявілі, што ён падпісаны не толькі на групы ягаднікаў і пчаляроў, але і інфармацыйныя рэсурсы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Гэта і стала падставай для затрымання.

Па словах Уладзіміра, 10 мая 2023 года яго затрымалі і адвезлі ў райаддзел міліцыі ў Брэст і змясцілі ў ІЧУ. Але ні першыя трое сутак, ні наступныя 6 дзён, не прад'яўлялі ніякага абвінавачвання ў правапарушэнні.

Першы суд адбыўся 19 траўня 2023 года. Далі 10 сутак арышту і канфіскавалі тэлефон. Потым суд 26 траўня і яшчэ 15 дзён арышту. Потым з камеры ў суд і зноў 15 сутак арышту ... па словах Уладзіміра Казекі, 4 чэрвеня 2023 года ён абвясціў галадоўку. Адпусцілі вяскоўца 23 чэрвеня.

Паўтара месяца без гаспадара. Вынік: велізарныя страты і даўгі

Вярнуўшыся дадому, Уладзімір Георгіевіч прайшоў свае зямельныя ўладанні, якія яго кармілі і з'яўляліся адзінай крыніцай даходу. Сказаць. што ён знерваваўся – гэта нічога не сказаць. Месяцы катаржнай працы, велізарныя грашовыя ўкладанні, затрачаныя ў надзеі на будучы ўраджай –зніклі дарма.

Засохлі маліна, плантацыі трускаўкі, кусты і саджанцы галубікі, туй. І нават пчолы разляцеліся ... у асабістай падсобнай гаспадарцы на 2,3 гектарах зямлі Уладзімір Казека паставіў дзве цяпліцы. Кожная па 100 метраў даўжынёй і шырынёй 8 метраў.

Фота:

Беззаконне і плата за "экстрэмісцкія" падпіскі

Уладзіміра Казеку абвінавацілі ў правапарушэнні паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП Рэспублікі Беларусь, нібыта за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі.

Абсурднасць гэтых пратаколаў і судовых пасяджэнняў выклікае здзіўленне. Гэта як судзіць за дробны крадзеж таго, хто сцягнуў жменьку цукерак. Але за кожную цукерку асобна.

Адміністрацыйную справу разглядаў суддзя Маскоўскага раёна г. Брэста Раман Карабан. Абвінавачванне ў правапарушэнні было пабудавана на тым, што мужчына быў падпісаны на два інфармацыйныя рэсурсы ў сацыяльнай сетцы"Instagram". В. Казека казаў, што нічога ён не распаўсюджваў і нават не ведаў, што тыя рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а падпісаўся гадоў пяць таму.

"Нічога я не лайкаў, не рэпосціў, чытаў часам. Ды і тое, часу пры вясковым рытме жыцця на гэта няма, – сказаў Уладзімір Георгіевіч. – Быў я падпісаны на розныя каналы, пра некаторыя і забыўся даўно, таму што некалькі гадоў таму падпісаўся. Нічога супрацьзаконнага, каб глядзець розныя крыніцы інфармацыі, я не бачыў".

Але гэтыя довады суддзя Раман Карабан прызнаў неістотнымі. Маўляў, трэба было адпісацца, калі групы судом былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Суддзя прызнаў Уладзіміра Казеку правапарушальнікам і вынес пастанову падвергнуць вяскоўца адміністрацыйнаму арышту ў выглядзе 10 сутак арышту з канфіскацыяй тэлефона. А тэрмін з 10 па 13 траўня залічыць у тэрмін адміністрацыйнага арышту.

Праўда, засталося загадкавым пытанне, а як жа быць з перыядам з 13 да 19 траўня, калі Казека быў затрыманы і ўтрымліваўся пад вартай? Ці законна гэтага грамадзяніна ўтрымлівалі ў ІЧУ больш за 72 гадзіны? 

Наступны суд адбыўся 26 траўня. У тым жа тэлефоне, але ўжо ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", знайшлі яшчэ адну падпіску на яшчэ адзін інфармацыйны рэсурс, які ўключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Па той жа ч. 2 арт. 19.11 КаАП Рэспублікі Беларусь той жа суддзя суда Маскоўскага раёна Раман Карабан вынес пастанову пакараць Уладзіміра Казеку 15 суткамі арышту.

Трэці па ліку суд на Казека адбыўся 2 чэрвеня. Гэтым разам вясковага жыхара абвінавацілі, што ён у Ютубе падпісаўся на экстрэмісцкі канал.

Фота:

На двух пасяджэннях судоў 26 траўня і 2 чэрвеня, Уладзімір Георгіевіч прызнаваў сваю віну. Кажа, што хоць і ніякіх ён экстрэмісцкіх матэрыялаў не распаўсюджваў, думаў, што прызнанне змякчыць суддзю. Спадзяваўся, што яго адпусцяць дадому. Перажываў, што дома, пакуль яго трымаюць пад арыштам, гінулі плады яго працы на зямлі.

Але калі зноў суддзя Карабан даў 15 дзён, пасля трэцяга суда Уладзімір Казека 4 чэрвеня напісаў заяву і абвясціў галадоўку. Амаль напярэдадні свайго юбілейнага 60-гадовага дня нараджэння. І галадаў, пакуль не выпусцілі на волю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства