Мінчука асудзілі за данаты ў By_help і Bysol на чатыры гады калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 26 чэрвеня асудзілі Кірыла Клімава паводле арт. 361-2 (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Любоў Сімахіна прызначыла Кірылу чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.
Кірылу Клімаву 38 гадоў. Ён шмат гадоў працаваў у Акадэміі навук, затым у прыватных фірмах.
Мужчыну затрымалі 23 лютага 2023 года раніцай, калі ён ішоў на працу. У яго дома правялі вобшук. Спачатку Кірыла арыштавалі на 15 сутак, пасля чаго не выпусцілі. Яго абвінавацілі ў тым, што мужчына з чэрвеня 2020 па травень 2021 года праз плацёжную сістэму “Facebook fundraising” ахвяраваў грошы у ініцыятывы “By_help”, “BYSOL”, “Сумленныя людзі”. На пасяджэнні Кірылу прад’явілі шэсць данатаў па дзесяць даляраў кожны.
Кірыл не прызнаў віну. Ён не адмаўляў пераліку сродкаў, але патлумачыў, што ахвяраваў на дапамогу рэпрэсаваным.
Падтрымайце мужчыну: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Кірыл Аляксандравіч Клімаў