“Матывуе смешная фантазія, што рэжым Лукашэнкі разваліцца раней, чым я скончу свой штодзённы падлік". Як амерыканец падтрымлівае палітвязняў
Эрні Барбараш — амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст і прадзюсер. Сам ён паходзіць з габрэйскай сям'і і нарадзіўся ў Адэсе (Украіна). Кожны дзень у сваім твітары і іншых сацсетках ужо больш за 450 дзён Эрні Барбараш публікуе кароткую гісторыю аднаго з беларускіх палітвязняў і спосабы іх падтрымкі. Летась кінарэжысёр далучыўся да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі і зрабіў мазаіку з карціны "Узяцце Бастыліі", выкарыстаўшы фотаздымкі вязняў. Як Эрні Барбараш звязаны з Беларуссю, чаму пачаў казаць пра палітвязняў і дзе знаходзіць матывацыю для дзейнасці — чытайце ў інтэрв'ю "Вясне".
“Я распачаў свой праект па публікацыі аднаго фотаздымку беларускага палітвязня на дзень, калі пачуў пра зняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, які пачаў сухую галадоўку ў сярэдзіне лютага 2022-га. Праз тое, што COVID-19 закрыў усе межы, мне не ўдалося зрабіць шмат здалёк падчас пратэстаў у 2020-м, і я адчуў, што мне трэба рабіць нешта большае, чым проста публікаваць артыкулы ў сацыяльных сетках. І ў мяне раптам узнікла гэтая спантанная ідэя для штодзённай задачы, якая нагадвала б усім, што гэтыя вельмі "нармальныя", "звычайныя", і ўсё ж вельмі незвычайныя людзі, якіх няспынна паглынае рэжым Лукашэнкі за дзеянні, якія ніколі не лічыліся б злачынствам нідзе ў свеце, акрамя Паўночнай Карэі, альбо ў гэтыя дні, пасля ўварвання Расіі [ва Украіну]”.
“І, калі я публікую не толькі фатаграфіі, але і інфармацыю пра тое, як людзі могуць дапамагчы, напісаўшы зняволеным або ахвяраваўшы грошы на дапамогу ім і іх сем'ям, я мяркую, што магу дапамагчы пашырыць кола людзей, якія маглі б ператварыць сваё жаданне дапамагчы ў дзеянне”.
Эрні Барбараш нарадзіўся ў Адэсе і іміграваў у Паўночную Амерыку разам са сваімі бацькамі, калі яму было 9 гадоў. Гэта на ўсё жыццё забяспечыла яму сувязь з краінамі, якія калісьці былі часткай СССР, і цікавасць да іх. Маючы здольнасць размаўляць і чытаць па-руску, ён можа карыстацца крыніцамі навінаў, якія даюць больш аператыўную інфармацыю ў параўнанні з амерыканскай прэсай.
“Я быў трагічна недасведчаным пра Беларусь і яе сучасную гісторыю прыкладна да 2010-2011 гадоў, пакуль не здымаў свой першы баявік з Жан-Клодам Ван Дамам”.
Іх амерыканскі прадзюсар накіраваў каманду у скаўцкія пункты некалькіх краін Усходняй Еўропы, а ў апошні момант папрасіў разгледзець і Беларусь.
“У той момант, калі мы прызямліліся ў Мінску, я адчуў, што ён вельмі адрозніваецца ад Румыніі і Славакіі, дзе мы праводзілі скаўцінг раней.
Наплылі нейкія ўспаміны дзяцінства… Першым, каго я сустрэў у той паездцы, быў Валерый Цапкала, які тады быў кіраўніком Парку высокіх тэхналогій, і мы засталіся сябрамі з тых часоў. У тую ж паездку ў 2010-2011 гадах, раніцай перад тым, як мы з амерыканскімі прадзюсарамі пайшлі на сустрэчу на галоўную кінастудыю Мінска, каб абмеркаваць магчымасць здымаць наш фільм у Беларусі, я адчыніў свой ноўтбук у кафетэрыі гатэля і паспрабаваў пашукаць інфармацыю пра беларускіх кінарэжысёраў, кінематаграфістаў, проста каб зразумець, якую працу рабілі людзі…”
“Першымі імёнамі, якія выдаў Google, былі Дзмітрый Завадскі, аператар, які знік, а таксама Віктар Дашук і яго дакументальныя фільмы пра рэжым, якія потым прымусілі мяне шукаць іншых людзей, якія зніклі: Ганчара, Красоўскага, Захаранку і г.д… ”
“Такім чынам, вы можаце проста ўявіць, што я тады хадзіў на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, разумеючы, з якім рэжымам мы мелі справу… Зразумела, мы ў выніку не здымалі наш баявік у Беларусі (мы замест гэтага знялі ў Румыніі). Афіцыйная/практычная прычына заключалася ў тым, што не было дастаткова часу, каб наладзіць сістэмы, таму што мы павінны былі зняць вельмі хутка. Асноўнай прычынай стала тое, што мы ўсе палічылі, што не можам зрабіць фільм, які падтрымліваў эканамічныя сувязі з дыктатурай Лукашэнкі. Валерый Цапкала таксама пазнаёміў нас з яшчэ некалькімі незалежнымі прадзюсарамі ў Мінску, якія не былі непасрэдна звязаны з Беларусьфільмам, але, нарэшце, галівудская студыя, якая нас фінансавала, палічыла, што нават калі адкінуць мараль, то усё роўна занадта рызыкоўна было б весці справы з дыктатурай”.
Такім чынам, на працягу многіх гадоў Эрні сачыў за Беларуссю ў навінах, інтэрв'ю, дакументальных фільмах, тэатральных пастаноўках.
“Калі Валерый Цапкала сказаў мне, што ён балатуецца ў прэзідэнты супраць Лукашэнкі, я, вядома, хваляваўся за яго і Вераніку, за яго дзяцей, і нават думаў, што магу прыехаць здымаць яго кампанію і іншыя кампаніі ў 2020 годзе. Але тады, вядома, свет зачыніўся праз COVID, і я быў вымушаны глядзець як адбывалася выбарчая кампанія здалёк. Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі трапілі ў турму паводле выдуманых і сфабрыкаваных абвінавачванняў, не паспеўшы нават балатавацца, Валерый Цапкала быў «дыскваліфікаваны», хоць меў больш чым дастаткова подпісаў; а потым здарыўся гэты надзвычайны сімвалічны феномен, калі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала аб’ядналіся і сталі тварам апазіцыі — толькі дзеля таго, каб выбары (зноў) скралі, каб былі розныя фазы дэманстрацыяў, рэпрэсіяў, катаванняў, забойстваў; каб людзі ўцякалі з краіны, каб усіх гэтых людзей арыштоўвалі…”
У мінулым годзе Эрні пачаў сур'ёзнае даследаванне, ладзіў сустрэчы і інтэрв'ю, якія лягуць у аснову як мінімум аднаго кінапраекта пра беларусаў, што супрацьстаяць рэжыму. Гэты праект спалучае як дакументальны, гэтак і мастацкі кінаматэрыял, заснаваны на рэальных жыццёвых гісторыях.
“Гэта адбылося ад усведамлення таго, што я ўсё жыццё складаў гісторыі пра выдуманых герояў і гераінь, але ў рэальных людзей, якія працягваюць змагацца з рэжымам Лукашэнкі, я ўвесь час знаходжу гісторыі сапраўдных герояў рэальнага жыцця ва ўсіх сэнсах гэтага слова”.
“Я не магу зараз удавацца ў падрабязнасці, але за апошні год я меў гонар і задавальненне сустрэцца з беларусамі, якія супрацьстаяць рэжыму, з самых розных прафесій — ад палітычных лідараў і актывістаў, якія маюць самы вялікі аўтарытэт, да звычайных людзей, у якіх сем’і за кратамі, і яны спрабуюць зарабляць на жыццё за мяжой; да журналістаў, мастакоў, мэнэджэраў СМІ, сацыяльных работнікаў, псіхолагаў, грамадскіх актывістаў, былых дзяржаўных службоўцаў і міліцыянтаў, якія цяпер змагаюцца з рэжымам звонку. Многія з гэтых людзей маюць блізкіх сяброў, сям'ю, у некаторых выпадках партнёраў, бацькоў, дзяцей, сясцёр і братоў, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. Цяпер я лічу некаторых з гэтых людзей сапраўднымі сябрамі і магу толькі спадзявацца, што яны мяне таксама лічаць сябрам”.
“За апошнія некалькі гадоў я адчуваю сябе ўсё больш і больш датычным — больш дзякуючы таму, што спрабую дапамагчы людзям праз павышэнне інфармаванасці, збор сродкаў, непасрэдна дасылаючы рэчы, каб дапамагчы людзям у Беларусі, калі гэта магчыма, чым таму, што я раблю для сваіх кінапраектаў”.
“Здаецца, што спроба непасрэдна дапамагчы і павысіць абазнанасць крыху пераўзышла мае кінапраекты, але ў мяне з гэтым няма праблем, бо патрэбу ў дапамозе маюць так шмат людзей. І ўварванне Пуціна ва Украіну зрабіла неабходнасць інфармавання больш актуальнай, таму што барацьба за свабодную Беларусь больш не так часта ўваходзіць у навіны. І, што яшчэ горш, людзі няправільна разумеюць і блытаюць беларусаў і лаяльнасць рэжыму да Расіі, і, тым не менш, усе па-ранейшаму ўсё яшчэ маюць патрэбу ў дапамозе”.
Мы запыталіся ў Эрні, што матывуе яго падтрымліваць палітвязняў і як ён ставіцца да таго, што яму спатрэбяцца гады, каб напісаць пра ўсіх зняволеных.
"Ёсць шэраг фактараў, якія трымаюць мяне матываваным".
“Галоўнае — гэта самі зняволеныя, гераізм нявінных людзей, пасаджаных толькі за тое, што выходзілі на пратэст, іх гісторыі, пачынаючы ад актыўнага супраціву рэжыму і заканчваючы абсурдам зняволення за каментар у сацсетках. Я адчуваю, што мы абавязаны працягваць барацьбу дзеля іх. Яны адстойвалі тое, што лічылі правільным, і былі за гэта разгромлены. Яны не могуць змагацца знутры — але мы тут, мы вольныя, наш абавязак — працягваць барацьбу. Несправядлівасць і вар'яцтва таго, што адбываецца з людзьмі ў Беларусі, у сучаснай краіне ў цэнтры Еўропы, зводзіць мяне з розуму — чым больш я чытаю і чую пра гэтых людзей і іх сем'і, якія засталіся без іх, тым больш я хачу дапамагчы”.
На жаль, для яго гэта ўжо не проста акадэмічная практыка: з канца мінулага года сяброўка, з якой Эрні падтрымліваў пастаянныя зносіны больш за год наконт некаторых праектаў — як ейных, так і Эрні, была зняволеная. Цяпер яе чакаюць гады ў калоніі.
“Я намагаюся дапамагаць ейнай сям'і, наколькі гэта магчыма, але ў такіх умовах гэта складана. І ва ўсіх, каго я сустракаў за апошні год, за кратамі таксама ёсць блізкія сябры ці сваякі. Таму кожны раз, калі я думаю пра любога палітычнага зняволенага, я цяпер думаю пра каго-небудзь, каго я сапраўды там ведаю — і гэта робіць дапамогу больш неадкладнай і тэрміновай”.
Эрні адзначае, што мае і асабістыя прычыны для матывацыі.
“Як я казаў Таццяне Хоміч, калі ў яе атрымалася знайсці час і паразмаўляць са мной некалькі разоў у мінулым годзе, я лічу натхняльным і важным мець вельмі канкрэтнае заданне — раз на дзень пісаць пра палітвязняў, незалежна ні ад чаго. Гэта нагадвае мне, што, нягледзячы на тое, што мая праца як рэжысёра-фрылансера напоўнена рознымі «крызісамі», нішто, з чым я сутыкаюся ў стварэнні мастацкіх фільмаў, не з'яўляецца такім важным”.
“Гэта сапраўды цвярозы пункт гледжання, і я ўдзячны за яго. Я проста хацеў бы, каб гэта не абыходзілася такой высокай цаной для нявінных людзей”.
“Мяне дзіўным чынам матывуе, верагодна, смешная фантазія, што рэжым Лукашэнкі разваліцца раней, чым я скончу свой штодзённы падлік тысяч палітвязняў. Магчыма, гэтаму дапамагае той трагічны факт, што рэпрэсійная машына ніколі не можа перастаць харчавацца нявіннымі людзьмі, якія адважваюцца нават крыху выступіць супраць яе... І я спадзяюся, што аднойчы змагу вярнуцца, каб зняць фільм у новай Беларусі, дзе я буду ганарыцца тым, што працую з беларускімі мастакамі і рамеснікамі, і зраблю свой невялікі ўнёсак у тое, каб дапамагчы міжнароднай кінаіндустрыі ў краіне, свабоднай ад дыктатуры, з такімі таленавітымі людзьмі ў ёй”.
Эрні Барбараш не мае дзейснага спосабу дакладна адсочваць, колькіх людзей дасягаюць яго пасты у Twitter, Facebook і Instagram, і што гэтыя людзі робяць пасля прачытання — ён, вядома, не мае такой папулярнасці, як у многіх больш вядомых людзей у сваёй галіне. Але з цягам часу яго рэпосцяць ўсё больш, і ён часта чуе, асабліва ад людзей у Амерыцы і Канадзе, што яны б ніколі не дазналіся ні пра што, што адбываецца ў Беларусі, калі б не яго допісы пра палітвязняў і некаторыя навінавыя артыкулы.
“Вядома, самыя пазітыўныя адказы — гэта калі я чую ад людзей, якія пішуць мне, што яны сапраўды пісалі паштоўкі пэўным зняволеным, пра якіх я пісаў, або ахвяравалі грошы ў фонды”.
“Я таксама збіраюся паспрабаваць збіраць грошы на больш канкрэтныя мэты. У мяне няма ілюзій пра велізарны ўплыў у плане колькасці, але я веру, што калі я змагу даць надзею хоць аднаму чалавеку, які пакутуе за кратамі, таму што нехта піша яму ліст, або яшчэ адна сям'я можа атрымаць дапамогу, бо хтосьці ім пасылае трохі грошай, мае адносна невялікія намаганні, нават на працягу многіх гадоў, будуць таго вартыя”.
Адказваючы на пытанне пра парады іншым, Эрні Барбараш прызнае, што ёсць значна больш дасведчаныя людзі ў праваабарончай дзейнасці, якія могуць іх даць. Аднак ён можа прапанаваць людзям удзельнічаць у любых дзеяннях у межах іх здольнасці. Нават невялікія жэсты, згадкі, дзеянні, ахвяраванні і дапамога маюць значэнне. Эрні выявіў, што невялікія штодзённыя намаганні на працягу доўгага перыяду часу аказваюцца эфектыўнымі, бо яны трымаюць яго ўцягнутым, заахвочваюць думаць пра дадатковыя спосабы дапамогі і спрыяюць сувязям з людзьмі і арганізацыямі, якія могуць аказаць падтрымку. Актыўнасць і ўдзел паслядоўна дае вынікі, у адрозненне ад простых скаргаў.
“Мне заўсёды прыгадваецца адна з маіх любімых цытат Элеаноры Рузвельт: «Лепш запаліць свечку, чым праклінаць цемру»”.
"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням