viasna on patreon

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў умовы разгляду справы Юргілевіч і Мажэйкі

2023 2023-07-11T18:04:51+0300 2023-07-11T18:04:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/urhilevich_mazhejka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора, 10 ліпеня 2023 года, у Гродзенскім абласным судзе пачалі разглядаць справу палітвязняволеных адвакаткі Юліі Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйкі. Іх абвінавачваюць па ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове".

Паводле матрыялаў справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі, сваё выключэнне з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама звесткі пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання. Абвінавачванне ўпэўненае, што Павел Мажэйка перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на "Белсат" у лютым-сакавіку 2022 года. Яго ўчынак кваліфікаваны як"дзеянні групай асоб па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч". Сёння стала вядома, што ў ноч з 10 на 11 ліпеня Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі пры нявысветленых абставінах.

На судовым працэсе адвакатка стаіць у робе "Карцэр 2": верагодна, яе прывезлі на суд прама з карцэра.

На судовым працэсе адвакатка Юлія Юргілевіч стаіць у робе «Карцер 2».

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў умовы, у якіх ажыццяўляецца разгляд справы. Ён падкрэсліў галоўнае: адвольным, а значыць – недапушчальным — з'яўляецца ўтрыманне пад вартай у пакаранне за законнае ажыццяўленне правоў, гарантаваных у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, уключаючы права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне (артыкул 19), свабоду сходаў (артыкул 21), свабоду асацыяцыі (артыкул 22), свабоду рэлігіі (артыкул 18), а таксама права на недатыкальнасць прыватнага жыцця (артыкул 17). На гэтым варта рабіць акцэнт і не дазваляць практыцы адвольнага пазбаўлення волі станавіцца руцінай, якая сама па сабе ўжо прыцягвае ўвагу.

"Толькі пасля гэтага мы можам ацэньваць умовы, у якіх ажыццяўляецца разгляд справы. Неад'емным для абвінавачаных з'яўляецца права на справядлівае судовае разбіральніцтва, справядлівасць судовага рабіральніцтва прадугледжвае адсутнасць любога прамога або непрамога ўплыву, ціску ці запалохвання або ўмяшання любога з бакоў і па любых матывах у працэс правасуддзя.

Адным са спосабаў ціску з'яўляецца парушэнне прэзумпцыі невінаватасці: у ходзе судовага разбору "падсудныя па агульнаму правілу не павінны закоўвацца ў кайданкі або ўтрымлівацца ў клетках або якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, якое паказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі. Сродкам масавай інфармацыі варта ўстрымлівацца ад падачы навін такім чынам, што гэта азначала б прэзумпцыю невінаватасці. Акрамя таго, працягласць утрымання пад вартай да суда ні пры якіх абставінах не павінна разглядацца як указанне на вінаватасць і ступень вінаватасці" — на гэтую акалічнасць указаў Камітэт па правах чалавека ў Заўвагах агульнага парадку.

Што тычыцца самога па сабе факту ўтрымання абвінавачанай у карцэры СІЗА, то гэта, на мой погляд, прама парушае Прынцып 8 Збору прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або зняволення ў якой б там ні было форме (прыняты Рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеі ад 9 снежня 1988 года): "Да затрыманых асоб прымяняецца рэжым, які адпавядае іх статусу неасуджаных асоб". Адпаведна, важна адзначыць, што ўтрыманне людзей, не прызнаных вінаватымі, чыя свабода абмежаваная нават з фармальнага пункту гледжання выключна ў мэтах забеспячэння магчымасці ажыццявіць правасуддзе, не можа ажыццяўляцца па тых жа прынцыпам, што і ўтрыманне тых, чыя свабода абмежаваная прысудам. Цяжка ўявіць, за што можна правамерна пакараць юрыдычна невінаватага чалавека, пазбаўленага волі, – хіба што за наўмыснае здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў, якія нясуць небяспеку для навакольных. Аднак на прыкладзе вядомых праваабаронцам выпадкаў можна ўпэўнена сцвярджаць, што такое абыходжанне з палітвязнямі ўжываецца паўсюдна па-за сувязі з сапраўды сур'ёзнымі парушэннямі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства