Жыхара Бярозы асудзілі на тры месяцы арышту за інтэрнэт-каментар у 2020 годзе
У судзе Бярозаўскага раёну 27 чэрвеня асудзілі Івара Ланге паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітрый Кавалевіч прызначыў Івару тры месяцы арышту.
Мужчына ўтрымліваўся з 25 красавіка пад вартай. Яго абвінавацілі ў тым, што Івар 28 жніўня 2020 года ў стане алкагольнага ап’янення пакінуў, на думку суда, абразлівы каментар у “Аднакласніках” пад фотаздымкам намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні. Як высветліла "Берасцейская вясна", каментар быў пра Віктара Турчыновіча, падпалкоўніка міліцыі Кобрынскага РАУС.
Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.
Таксама з Івара спагналі грашовую кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1000 рублёў.
Івару Ланге абралі меру ўтрымання заключэнне пад варту.