viasna on patreon

Новыя затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 15-17 ліпеня

2023 2023-07-17T13:09:00+0300 2023-07-17T17:44:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ihar-karnei.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-17 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

- Telegram-каналы «Менск: вайна прыйшла разам з акупантамі - ПАРА! ПАРА!», «Чат Малінаўка 3», «Новая Беларусь в Литве», «Беларусам.РL», «ВІЛЬНА БЕЛАРУСЬ», «Правовая инициатива», «Білоруський інформаційний центр», «Вольныя Беларусы Вільні», «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі»;
- Суполка ў «Аднакласніках» «Навакольнае асяроддзе»
- Facebook-старонкі «Анна Провалинская»;
- Сацсеткі і лагатып праекту «daroha»;
- TikTok-старонкі «Яна», «Салідарнасць», «Accipiter_by», «Mykola Danyluk», «Свободная Беларусь», «Маяк Беларускi», «Ukraine», «Маргарита Левчук», «Ганнибал Иванович»;
- TikTok-публікацыі «Что сделала наша Беларусь?», «Ось такот ставляться до путлера в Iвано - Франкiвську», «Ось таку штуку хтось придумав та поставив у центрi Луцька»;
- Суполка ва «Укантакце» «Белорусский партизан»;
- Відэазапісы «Мiны, слёзы, руiны. Расея адступiла з Кiеўскай вобласцi», «Знiкшыя лекары-артапеды знайшлiся. Навiны 18 красавiка».


Cілавікі апублікавалі "пакаяльнае відэа" і з меркаванай аўтаркай дыпломнай працы

На відэа дзяўчына распавяла, што яна «не глядзела на спасылкі, а глядзела на тэкст, які быў на сайце». Затрыманая кажа, што выкарыстала спасылкі на TUT.ВY і «Вясну».


Студэнтку юрыдычнага факультэта адлічылі перад самай абаронай за тое, што яна нібыта купіла дыпломную працу са спасылкамі на "экстрэмісцкія матэрыялы"

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Сілавікі пішуць, што пытанні ўзніклі на стадыі допуску і рэцэнзавання, а сапраўднаму аўтару працы «давядзецца адказаць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».


У Мінску затрымалі журналіста Ігара Карнея

Як піша Радыё Свабода, Карней арыштаваны на 10 сутак і знаходзіцца на Акрэсціна, а ў яго дома правялі ператрус.

Як стала вядома Еўрарадыё, супраць журналіста Ігара Карнея пачалі крымінальную справу

Магчыма, сілавікі звярнулі ўвагу на яго пасля пахавання мастака Алеся Пушкіна, на якім прысутнічаў Ігар.


ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах затрымаў двух жыхароў Мінска

Падчас затрымання аднаго з іх паставілі на калені, апранулі кайданкі, абгарнулі ў БЧБ-сцяг, на галаву паклалі прэзерватывы, а ў трусы — фаласы.


За пікет і "экстрэмізм" арыштавалі электраманцёра з Міёраў

Як паведаміла "Віцебская вясна", суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 17 траўня за пікетаванне і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках пастанавіла арыштаваць на 6 сутак электраманцёра з Міёр Уладзіміра Граковіча.

У судзе «правапарушальнік» не адмаўляў таго, што на яго інтэрнэт-старонках у «Інстаграм» і «Аднакласніках» захоўваў «фотаздымак несанкцыянаванага масавага мерапрыемства з выявай палотнішчаў бел-чырвона-белых сцягоў».


Палітвязня Рыгора Кастусёва пазбавілі спатканняў

Рыгор Кастусёў

16 ліпеня Кастусёў з калоніі патэлефанаваў жонцы. Палітвязень распавёў, што яго не толькі пазбавілі спатканняў, але і забралі асабістыя запісы, у тым ліку чарнавік кнігі і адрасы для ліставання.

Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Рыгор Андрэевіч Кастусёў


Палітвязень Алег Рубец зноў у ШІЗА

Алег Рубец

У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.

Цяпер стала вядома, што Алега зноў змясцілі ў ШІЗА.

Падтрымайце палітвязня лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Алег Віктаравіч Рубец 


Жыхару Ліды прызначылі 10 сутак арышту за рэпост у Telegram у 2020-ым годзе

13 ліпеня на працы быў затрыманы 36-гадовы жыхар Ліды Сяргей Сарока. Як паведамляе @lida_grab_court, 14 ліпеня адбыўся суд па адміністрацыйнай справе.

Сяргею прызначылі 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпосты ў Telegram у 2020-ым годзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства