Жыхара Чыжоўкі асудзілі да 7 гадоў калоніі за адміністраванне Telegram-канала раёна
27 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 34-гадовага палітзняволенага мінчука Яўгена Верхаводкіна. Яго абвінавацілі ў адміністраванні Telegram-канала "Чижовка Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле)", які прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем" 2 снежня 2022 года. Таксама яго прызналі вінаватым ў "закліку да санкцый". Яўгена затрымалі ў хуткім часе пасля прызнання рэсурса "экстрэмісцкім фармаваннем".
Яўгена Верхаводкіна затрымалі падчас "хапуна" ў Чыжоўцы 22 снежня 2022 года і змясцілі пад варту паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у акцыях пратэсту). Але цяпер яго асудзілі за "заклікі да санкцыяў" (ч. 3 арт. 361 КК) і "стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел ў ім" (ч. 1 арт. 361-1 КК).
Цікава, што справу мінчука разглядала сумнавядомая суддзя Анжэла Касцюкевіч, якая да нядаўняга часу працавала ў судзе Заводскага раёна Мінска — у раёне Яўгена. Па інфармацыі праваабаронцаў па справе адбылося не менш за дзевяць судовых пасяджэнняў. На судзе было шмат сведак, якія давалі паказанні супраць яго.
Адрас для лістоў, грашовых пераводаў і пасылак: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Яўген Аляксеевіч Верхаводкін