viasna on patreon

Справа за перформанс у Кіеве, карцар падчас суда. Новыя падрабязнасці пераследу мастака Алеся Пушкіна

2023 2023-07-28T14:15:58+0300 2023-08-02T10:41:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pushkin_kyiv.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін, куды ён трапіў з гродзенскай турмы. Як пазней высветлілася, у Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца. Праваабаронцы "Вясны" працягваюць збіраць інфармацыю пра пераслед, зняволенне і смерць Алеся Пушкіна. Так, цяпер дакладна стала вядома, што падставай крымінальнай справы супраць мастака сталі не толькі яго карціны на выставе ў Гродне, але і перформанс на выставе ў Кіеве незадоўга да яго затрымання. Праваабаронцам "Вясны" таксама стала вядома, што Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадскасць яго не пачула.

Алесь Пушкін на выставе ў Кіеве, 25 сакавіка 2022 года
Алесь Пушкін на выставе ў Кіеве, 25 сакавіка 2021 года

Пяць гадоў за карціны на выставе ў Гродне і перформанс у Кіеве

Праваабаронцам стала вядома, што паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзржаўных сімвалаў) кваліфікавалі яго перформанс у Кіеве. Там на выставе беларускага пратэснага мастацтва "Кожны дзень" Алесь узнавіў свой самы вядомы перформанс "Гной для прэзідэнта", але крыху абноўлены — на партрэце Аляксандра Лукашэнкі, замест надпісу "За 5-гадовую плённую працу" ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў.

Алесь Пушкін казаў на адкрыцці выставы 25 сакавіка 2021 года незадоўга да свайго затрымання, што яму прыемна адкрываць прэзентацыю беларускага сучаснага мастацтва ў Кіеве і адначасова сумна:

"Сумна таму, што і праз 22 гады мой перформанс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсенал, зрабіў тое самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам".

Нагадаем, у ліпені 1999 года, на пяцігоддзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў тачку з гноем да адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску. Ён раскідаў гной і дэвальваваныя рублі, зверху паклаў Канстытуцыю, партрэт Лукашэнкі, і ўсё гэта пракалоў віламі. За гэтую акцыю мастак таксама быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Як было вядома раней, прычынай для арт. 130 Крымінальнага кодэкса стала размяшчэнне партрэтаў прадстаўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара на выставе ў гродзенскім "Цэнтры гарадскога жыцця", што трактавалі як "рэабілітацыю нацызму". Карціна Жыхара была напісана ў 2014 годзе і раней экспанавалася ў Беларусі і Расіі. Падчас выставы мастак быў у Кіеве, дзе ўдзельнічаў у выставе "Кожны дзень". Ведаючы пра крымінальную справу, Пушкін вырашыў вярнуцца ў Беларусь.

Апошні перформанс мастака на судзе 

Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022 года. Яго амаль адразу зрабілі закрытым. Праз 20 дзён суддзя Алена Шылько прызначыла яму пяць гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 

На судзе Алесь быў у белым камбінезоне з надпісам "Белрэстаўрацыя", у якім яго затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. На судзе ён ляжаў на лаўцы. У будынак яго таксама ўнеслі ў гарызантальным становішчы, у суд ён ісці адмаўляўся.

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што на суд яго насілі ў кайданках. За гэта канваіры складалі на яго па два рапарты кожны дзень, а суддзя далучала іх да матэрыялаў справы.

Вядома, што 25 сакавіка Алесь Пушкін на знак пратэсту супраць свайго зняволення і 5000 палітычных крымінальных спраў, адкрытых у Беларусі, парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка, падчас абвяшчэння прысуду Пушкін распрануўся, каб былі бачныя драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў. Таксама мастак падзякаваў прысутным за ўдзел у палітычным перформансе.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадскасць яго не пачула.

Карцар падчас суда

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што Алеся адправілі ў карцар 18 сакавіка — яшчэ да перформансу на судзе. Адправілі яго туды за подпісам начальніка ізалятара Андрэя Цэдрыка за "непрыстойныя паводзіны" на адным з судовых пасяджэнняў. 15 сутак Алеся ўтрымлівалі ў карцары № 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства