viasna on patreon

За "здраду дзяржаве" будуць судзіць палітвязня Яраслава Саковіча, якога катавалі за дапамогу Украіне Дапоўнена

2023 2023-07-29T12:05:54+0300 2023-07-30T11:38:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sakovich_yar.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены Яраслаў Саковіч быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне. Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы. У Мінску 4 траўня яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Цяпер стала вядома, што ў жніўні Яраслава зноў будуць судзіць. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). "Вясна" распавядае, што вядома пра Саковіча, у чым яго абвінавачваюць і за што яго катавалі супрацоўнікі КДБ. 

Яраслаў Саковіч раней жыў ва Украіне, аднак вярнуўся ў Беларусь у 2021 годзе праз хворых бацькоў. Вядома, што ён жанаты на ўкраінцы.

Па вяртанні ў Беларусь мужчыну затрымалі супрацоўнікі КДБ. Паведамлялася, што яго катавалі ўсю ноч, каб выбіць прызнанне ў тым, што раней ён ваяваў на баку Украіны. Сілавікі тэлефанавалі ягонай жонцы і абяцалі выслаць ягоную галаву. Пасля гэтага Яраслава адпусцілі, але праз год, 5 жніўня 2022 года, яго зноў затрымалі ў межах крымінальнай справы.

Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў). 

У судзе Маскоўскага раёна горада Мінска 4 траўня 2023 года яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пры гэтым вядома, што супраць Яраслава ўзбуджана яшчэ дзве крымінальныя справы, таму яго працягваюць ўтрымліваць у СІЗА. 

Цяпер Саковіча абвінавачваюць па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паводле следства, ён перадаваў дадзеныя УСУ Украіны. Суд над мужчынам распачнецца 7 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко.

Дапоўнена. Сукамернік Яраслава Саковіча, які ўтрымліваўся з ім у СІЗА-1 восенню 2022 года распавёў "Вясне" пра яго:

"Супрацоўнікі КДБ вазілі яго шукаць зброю. Сказалі: "Вось тэлефон з месцам, а мы цябе здымаць будзем". Пасадзілі ў мікрааўтобус, давезлі да месца, далі палку і сказалі шукаць... У КДБ яго прымушалі пісаць жонцы, каб завербаваць, але яна адразу ўсё зразумела".

Паводле сукамерніка, каля года з ім не праводзілі ніякіх следчых дзеянняў. 

"Яго нікуды не забіралі пасля зімы, увесь час быў у камеры. Затрымалі яго ў шортах, а потым атрымалася знайсці ў СІЗА адзенне".

Віну, як кажа сукамернік Яраслава, ён не прызнаваў.


Падтрымайце Яраслава грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі і тэлеграмамі:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яраслаў Пятровіч Саковіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства