Былога выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова асудзілі да 4 гадоў калоніі за данаты ў 2020 годзе
У Мінскім гарадскім судзе 28 ліпеня агучылі прысуд 52-гадоваму Мікалаю Банькову — чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за тры данаты, якія мужчына зрабіў у жніўні 2020 года. Крымінальную справу разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.
Мікалай — былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь.
Мужчыну затрымалі 18 студзеня 2023 года ў Мінску. Спачатку яму прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.
Мікалаю прад'явілі абвінавачванне па арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за тры данаты, зробленыя ў жніўні 2020 года. Справу Мікалая пачалі разглядаць 24 ліпеня ў Мінгарсудзе. Ужо 28 ліпеня суддзя Святлана Бандарэнка прызнала Банькова вінаватым і прызначыла яму чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце Мікалая грашовымі пераводамі, пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі, а таксама лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Мікалай Васільевіч Банькоў