viasna on patreon

У Гомелі затрымліваюць, а ў Верхнядзвінску адпраўляюць на "суткі": хроніка пераследу 31 ліпеня Дапоўнена

2023 2023-07-31T13:35:00+0300 2023-08-01T09:10:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bolbat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Валянціну Болбат забралі адседжваць прысуджаныя ёй раней 30 сутак

Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат раніцай 31 ліпеня міліцыянты забралі з дому.

Валянціна Болбат.

Як паведамляе "Віцебская вясна" жанчына будзе адбываць адміністрацыйны арышт, прысуджаны ёй раней.

Апрача гэтага, жанчына мае запазычанасці па прысуджаных раней адміністрацыйных штрафах. Усяго Болбат сёлета судзілі паводле арт. 19.11 КаАП і 24.23 КаАП шэсць разоў.


У Гомелі затрыманыя не меней за 9 чалавек

Затрыманыя кажуць пра тое, што прыцягнулі ўвагу «сілавікоў» сваімі падпіскамі ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.

Адзін з мужчын распавёў, што ў яго тэлефоне знайшлі чат-бот «Перамога» і перапіску ў ім. Імаверна, на гэтага чалавека завядуць крымінальную справу.

Пакуль праваабаронцам нічога не вядома пра лёс затрыманых, піша “Гомельская вясна”.


ГУБАЗіК затрымаў слесара завода ЗЛіН у Гомелі

Гомельскі завод ЗЛіН апублікаваў у сябе ў тэлеграм-канале «пакаяльнае» відэа свайго цяпер ужо былога супрацоўніка Віталя Сваткоўскага.

На ім бачна, як мужчыну затрымлівае ГУБАЗіК — яго паклалі на зямлю, а адзін з супрацоўнікаў паставіў на шыю затрыманага калена. Пасля гэтага ў Віталя спыталі якога колеру беларускі сцяг і хто прэзідэнт краіны.

Пазней мужчына быў вымушаны сказаць, што ставіў «лайкі» на «экстрэмісцкія» пасты ў «Аднакласніках». Паведамляецца, што яму прызначылі 25 сутак арышту.


Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю па справе Tut.by — прысуд застаўся без зменаў

Сёння прайшоў разгляд апеляцыі па справе Tut.by у Вярхоўным судзе. Пасяджэнне ішло ў закрытым рэжыме.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты па справе, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязнямі. А КДБ уключыў іх у спіс «Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай суд пакінуў 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.


У Гомелі будуць яшчэ раз судзіць палітзняволенага з Мінска, які адбывае пакаранне ў Ваўкавыску

3 жніўня ў Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс, на якім абвінавачаным будзе Аляксей Кудасаў. Ён ужо асуджаны ў Мінску, прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным, пакаранне адбывае ў Ваўкавыску, паведамляе "Гомельская вясна".

Працэс супраць А. Кудасава будзе весціся па 361-1, па якім ён ужо быў асуджаны, але цяпер па частцы 2 гэтага артыкула - «тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна». Разглядаць справу будзе суддзя Бобыраў Вадзім.


ГУБАЗіК затрымаў беларуса і прымусілі высмаркацца ў бел-чырвона-белы сцяг і сцяг ЗША

На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца» ў тым, што сядзіць у «тэрарыстычных чатах» і «зычыць зла Беларусі».

У канцы відэа затрыманага прымусілі высмаркацца ў нацыянальны беларускі сцяг і сцяг ЗША.


Палітзняволеную актывістку Алену Гнаук перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы

У Чыгуначным раёне Гомеля 28 красавіка агучылі прысуд па трэцяй крымінальнай справе супраць пружанскай актывісткі — 1 год пазбаўлення волі. Канчатковы тэрмін пакарання складае 2 гады і 11 месяцаў зняволення.

Алена Гнаук

Гэтым разам Алену абвінавацілі паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі". Вядома, што ў жаночай калоніі яе часта адпраўлялі ў ШІЗА, а таксама змяшчалі на некалькі месяцаў у ПКТ.

Стала вядома, што нядаўна Алену перавялі ў жаночую калонію № 24 у Зарэччы. У гэтай калоніі ўтрымліваюцца таксама Вікторыя Кульша і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх увесь час жорстка цісне адміністрацыя.

Падтрымайце жанчыну: ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Алена Пятроўна Гнаук.


Вядомага актывіста з Віцебску Барыса Хамайду асудзілі на 15 сутак

Выданне «Наша Ніва» паведамляе, што 75-гадовага мужчыну затрымалі недалёка ад латвійскай мяжы за вокладку «Пагоня» на пашпарце.

Барыс Хамайда. Фота:

Яго асудзілі да арышту ў судзе Верхнядзвінскага раёна, але падрабязнасцяў, паводле якога менавіта артыкула ён пакараны, сябрам і знаёмым не вядома.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства