viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 14 палітычных зняволеных

2023 2023-07-31T17:35:47+0300 2023-07-31T17:35:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ekstremisty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

31 ліпеня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

Пад тэрарызмам у міжнародным праве звычайна разумеюцца акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах.

У Дэкларацыі аб мерах па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму, сфармуляванай у рэзалюцыі 49/60, Генеральная Асамблея заявіла, што тэрарызм уяўляе сабою "злачынныя акты, накіраваныя ці разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб ці пэўных асоб у палітычных мэтах".

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004)2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

- здзяйсняюцца, у тым ліку, супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;

- здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асоб, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;

- уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

У адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць парадку кіравання (пагроза ўжывання гвалту супраць службовых асоб) ці супраць уласнасці (напрыклад, наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы здзейсненага.

Нам вядома пра асуджэнне:

Віталя Вайцяховіча паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 3 арт. 361-1 КК, 

Анастасіі Вайцяховіч паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 13 і арт. 364 КК,

Уладзіслава Вайцяховіча паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 1 і ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 13 і арт. 364 КК,

Вольгі Вайцяховіч паводле ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК,

Вольгі Пятух паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289, ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 295-3, ч. 1 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 1 арт. 13 і арт. 364 КК,

Уладзіміра Савянкова паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК,

Сяргея Сакалова паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 і ч. 4 арт. 295, ч. 2 і ч. 3 арт. 333-1, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК,

Мікалая Роя паводле ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК,

за падрыхтоўку дзеянняў і дзеяння па пашкоджанні маёмасці асобных асобаў, змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады, уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання.

Дзеянні абвінавачаных не мелі характару тэрарыстычных і не былі накіраваныя на захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Разам з тым, у часткі абвінавачаных яны мелі супрацьпраўны характар, у сувязі з чым абставіны іх дзей падлягалі крымінальна-прававой ацэнцы з захаваннем прынцыпаў справядлівага суда, з прызначэннем пакарання ці іншых мер крымінальнай адказнасці, прапарцыйных цяжару зробленага. Гэтым патрабаванням у дачыненні да названых асоб прысуд не адказвае, па палітычных матывах, у сувязі з чым прысуд падлягае перагляду з няўхільным выкананнем усіх без выключэння правоў абвінавачаных.

Таксама мы адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці. Таксама недапушчальна прымяненне крымінальнага закону для стрымання часам празмерна рэзкіх выказванняў у бок агрэсараў у сувязі з распачатай Расійскай Федэрацыяй поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Нам вядома пра асуджэнне:

Уладзіміра Адзінца паводле арт. 130 КК да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Кірыла Кузняцова паводле ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 361-4 КК за выказванні ў сетцы Інтэрнэт і ахвяраванні пратэсным супольнасцям да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Яўгена Чуміла паводле ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368, арт. 369, арт. 391 КК за выказванні ў сетцы Інтэрнэт да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксея Прохарава паводле ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 368, арт. 369 КК за выказванні ў сетцы Інтэрнэт да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Канстанціна Прытуленка паводле арт. 130, арт. 203-1 КК за перадачу дадзеных пратэсным рэсурсам да 6 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.

змяшчэнне пад варту:

Сяргея Гуні паводле ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 203-1, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368, арт. 369, арт. 370 КК за выказванні ў сетцы Інтэрнэт і перадачу дадзеных пратэсным рэсурсам.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы бачым палітычны матыў пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створанай уладамі абстаноўцы нецярплівасці да дзейнасці праваабарончых арганізацый і праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там не было доказаў абвінавачвання.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Віталя Вайцяховіча, Анастасіі Вайцяховіч, Уладзіслава Вайцяховіча, Вольгі Вайцяховіч, Вольгі Пятух, Уладзіміра Савянкова, Сяргея Сакалова, Мікалая Роя, Уладзіміра Адзінца, Кірыла Кузняцова, Яўгена Чумілы, Аляксея Прохарава, Сяргея Гуні, Канстанціна Прытуленка. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • вызваліць згаданых палітвязняў;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Human Constanta.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства