viasna on patreon

Ціск на палітвязняў і новыя "экстрэмісцкія матэрыялы": хроніка пераследу 29-30 жніўня Дапоўнена

2023 2023-08-30T19:06:00+0300 2023-08-31T11:33:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pachobut-sud-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29-30 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Брэсце асудзілі маці былога палітвязня і добраахвотніка

kalackaja-3.jpg
Іна Калацкая. Фота з сацсетак

29 жніўня ў судзе Ленінскага суда Брэста адбыўся працэс над маці былога палітвязня Ціхана Клюкача Інай Калацкай. Па інфармацыі берасцейскай "Вясны", суддзя Святаслаў Каліна прызначыў жанчыне штраф, памер якога невядомы. Яе абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП ("Непадпарадкаванне службовай асобе").

Нагадаем, што 15 жніўня стала вядома пра затрыманне Калацкай. Былы палітвязень Ціхан адбыў за кратамі паўтары гады, пасля чаго з'ехаў за мяжу і хацеў ваяваць на баку Украіны. 


Затрымалі беларуску, якая прыляцела ў Мінск з Італіі да сваякоў 

kazak_90.jpeg
Вераніка Казак. Фота з сацсетак

32-гадовая Вераніка Казак некалькі гадоў жыве ў Італіі, мае ВНЖ гэтай краіны. Вядома, што Вераніка прыляцела да сваякоў у Мінск — 25 жніўня яе выклікалі ў міліцыю наконт нейкіх каментароў і допісаў у сацсетках, пасля чаго сувязь з дзяўчынай знікла. Паводле папярэдняй інфармацыі, супраць Веранікі распачалі крымінальную справу. Падрабязнасці высвятляюцца.


Палітвязня Алега Рубца зноў змясцілі ў ШІЗА

Алег Рубец

У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.

30 жніўня сваякі палітвязня ў сваіх сацсетках паведамілі, што Алега зноў змясцілі ў ШІЗА:

“Два месяца!... 60 суток... 1440 часов... В одиночке, "каменном мешке"!

Олег опятьв ШИЗО. Без переписки, звонков, книг.

24/7 сам со своими мыслями, мечтами, надеждами, разочарованиями, но не сломлен духом!!!”

Нагадаем, Рубца затрымалі за ўдзел у пратэстах у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Алега прысудзілі пяць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Алег Віктаравіч Рубец 


Новыя "экстрэмісцкія матэрыялы"

30 жніўня стала вядома пра чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Тelegram-каналы і чаты «Usov Pavel», «Юго-Запад г. Минска», «Чат Юго-Запада г. Минска»;
  • Суполка ў «Аднакласніках» «Светлогорск»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Виталий Свито»;
  • Instagram-старонка «Церковь Новая Жизнь»;
  • Інтэрнет-рэсурс «NEW LIFE»;
  • Відэазапіс «Позиция христиан церкви "Новая Жизнь"».

Палітзняволенага Андрэя Сачэўку пераводзяць на турэмны рэжым

Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Раней MAYDAY TEAM паведамлялі, што ў пачатку жніўня Андрэя накіравалі на два месяцы ў ПКТ. Да гэтага Андрэя пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".

Стала вядома, што 24 жніўня ў Бабруйску адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Суддзя Антон Дудаль пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым. Цяпер Андрэя чакае этап у магілёўскую турму № 4.


Затрыманне ў Гродне

На "пакаяльным відэа", апублікаваным 29 жніўня на праўладных тэлеграм-каналах, мужчына кажа, што яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках. Таксама ў 2020 годзе ён нібыта ўдзельнічаў у мітынгах і выходзіў на праезную частку са сцягам, піша @Grodno_grab.


За пікет у сацсетках і распаўсюд «экстрэмізму» ў Полацку арыштавалі будаўніка з Масквы

Суддзя суда Полацкага раёна і г. Полацка Уладзімір Бясецкі 16 жніўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетках і недазволенае ўладамі пікетаванне арыштаваў на 25 сутак жыхара аграгарадка Гараны, бацьку траіх непаўналетніх дзяцей, які працуе будаўнікам у маскоўскай кампаніі Вадзіма Берднікава, паведамляе "Віцебская Вясна".

Затрыманне "правапарушальніка" адбылося пасля таго, як ягоны сусед Пётр Дударонак данёс у міліцыю аб тым, што на назе ў Берднікава ёсць татуіроўка ў выглядзе герба «Пагоня».

Пры затрыманні Берднікава было ўстаноўлена, што ў яго сапраўды на ікры правай нагі ёсць татуіроўка з выявай герба «Пагоня».

Пры разглядзе справы ў судзе, таксама было ўстаноўлена, што Вадзім у сацыяльнай сетцы «УКантакце» на сваёй старонцы, 10 снежня 2020 г. размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып «TUT.ВY», які ўлады ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.


Палітзняволены Андрэй Пачобут не атрымлівае лекаў для сэрца і не можа тэлефанаваць дадому

Андрэй Пачобут

Пра гэта распавёў намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

"Што тычыцца Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекі, якія яму патрэбны кожны дзень

Найвялікшая праблема на сёння – гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца.

З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства