viasna on patreon

Фотаздымак сабачкі, лозунг "Слава Украіне", БЧБ-налепкі: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў жніўні

2023 2023-09-12T16:07:39+0300 2023-09-12T16:08:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У жніўні праваабаронцам "Вясны" стала вядома мінімум пра 615 выпадкаў палітычнага пераследу, у тым ліку было разгледжана мінімум 307 адміністрацыйных справаў. Суддзямі было прызначана не менш за 98 адміністрацыйных арышта і 65 штрафаў. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў жніўні. 

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Мінчука арыштавалі за лозунг "Слава Украіне" на Зыбіцкай

Паводле пратакола, В. Булаўка быў затрыманы ноччу з 18 на 19 жніўня ў Мінску на вул. Зыбіцкая.Падставай для затрымання стаў лозунг "Слава Украіне", якім мінчук нібыта правёў "несанкцыянаванае пікетаванне". Булаўка віну не прызнаў і заявіў, што лозунгаў не выкрыкваў. У выніку суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Таццяна Сергіенка прызнала мужчыну вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і асудзіла яго да 15 сутак арышту.

Штраф і арышт за бел-чырвона-белыя налепкі на машыне

У судзе Лунінецкага раёна 10 жніўня адбыўся суд над мясцовай жыхаркай, якую абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікеце" бел-чырвона-белай налепкай на бамперы машыны. Суд пастанавіў аштрафаваць жанчыну на 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў). Вядома, што ў яе ёсць непаўнагадовае дзіця.

Акрамя гэтага, у судзе Маскоўскага раёна Мінска 18 жніўня таксама разглядзелі справу аб "пікетаванні" налепкай. Мінчука затрымалі за тое, што на нумарным знаку ён размясціў налепку з "Пагоняй". Суд арыштаваў яго на 12 сутак.

У Наваполацку мужчыну асудзілі за фота на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны з адпачынку ў 2021 годзе

У судзе Наваполацка 17 жніўня адбыўся суд над мясцовым жыхаром, якога затрымалі напярэдадні раніцай. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Падставай для затрымання стаў апаблікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. Пры гэтым фота было апублікавана яшчэ 8 жніўня 2021 года, але міліцыянты заўважылі яго толькі праз два гады.

Навапалачанін у судзе віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што ў памяць пра турыстычнае падарожжа ў Грузію ў 2021 годзе размясціў на сваёй старонцы фота, на якім таксама была выява сцягоў Грузіі і Украіны, аднак не меў мэты правесці пікетавання. Акрамя гэтага, ён адзначыў, што "факт публікацыі фота з выявай сцяга Украіны і падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне — супадзенне".

У Наваполацку мужчыну арыштавалі за фота на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны з адпачынку ў 2021 годзе

Падставай для затрымання стаў апаблікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны.

Жыхарку Наваполацка аштрафавалі за фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера і подпіс "Жыве Беларусь! Насилию нет!"

Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку Аллу Грудніцкую двойчы аштрафавалі. Прычым апошні штраф, які прысудзіла суддзя Наваполацкага гарсуду Зінаіда Балаболава, складае ажно 3 700 рублёў (100 базавых велічыняў), а агульная сума штрафаў — 4 810 рублёў.

22 жніўня Аллу прызналі вінаватай у "несанкцыянаваным пікетаванні" па арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, жанчына размясціла ў "Аднакласніках" фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера. Пад фотаздымкам быў подпіс: "Жыве Беларусь!!!!! Насилию нет!!!".

Сваей віны жанчына не прызнала ні на адным, ні на другім судовым працэсе.

Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова тройчы асудзілі да арышту

Міхаіл Лупанаў

Нядаўна ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся яшчэ адзін суд над гамельчуком Міхаілам Лапуновым. Як і ў абодва папярэднія разы, яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша "Гомельская Вясна". Суддзя Алеся Осіпава прызначыла яму чарговыя 15 сутак. Раней Міхаілу прызначылі 30 сутак арышту.

Сын Міхаіла — адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

ГУБАЗіК затрымаў хлопца праз бел-чырвона-белыя палосы на куртцы

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, раней хлопца ўжо затрымлівалі з-за "экстрэмісцкай" татуіроўкі, якую яго прымусілі "перабіць".

Ён зрабіў гэта і прыйшоў адсправаздачыцца да сілавікоў. Мяркуючы па допісе, хлопцу прызначылі 15 сутак арышту за куртку з белымі і чырвонымі палоскамі.

За пікет у сацсетках і распаўсюд "экстрэмізму" ў Полацку арыштавалі будаўніка з Масквы

Вадзім Берднікаў — жыхар аграгарадка Гараны, бацька траіх непаўналетніх дзяцей, які працуе будаўнікам у маскоўскай кампаніі. Суддзя суда Полацкага раёна і г. Полацка Уладзімір Бясецкі 16 жніўня арыштаваў мужчыну на 25 сутак за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у сацсетках і "несанкцыянаванае пікетаванне".

Затрыманне адбылося пасля таго, як ягоны сусед Пётр Дударонак данёс у міліцыю аб тым, што на назе ў Берднікава ёсць татуіроўка ў выглядзе герба "Пагоня".

Пры затрыманні Берднікава было ўстаноўлена, што ў яго сапраўды на ікры правай нагі ёсць татуіроўка з выявай герба.

Пры разглядзе справы ў судзе, таксама было ўстаноўлена, што Вадзім у сацыяльнай сетцы "УКантакце" на сваёй старонцы 10 снежня 2020 г. размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып "TUT.ВY", які ўлады ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Журналіста "Ранка" Андрэя Ліпскага аштрафавалі на 20 базавых

Раніцай 2 жніўня ў кватэру журналіста ўварваліся людзі з ГУБАЗіКа разам з АМАПам. Яны паказалі санкцыю пракурора адносна "зняваг і пагроз у Telegram-чаце на адрас супрацоўніка Следчага камітэта".

У кватэры шукалі беларускую сімволіку. Нічога не знайшлі, але вынялі два смартфоны: адзін — журналіста, другі — ягонай маленькай дачкі, паведамляе "Гомельская вясна".

Пасля ператрусу Ліпскага даставілі ў РАУС — там участковы інспектар склаў пратакол пра "экстрэмісцкія матэрыялы". Падставай для пратаколу стала тое, што Ліпскі быў падпісаны на Youtube на каналы "Жыве Беларусь" і "Телеканал "Прямий"", а ва "Укантакце" — на суполку "Чай с малиновым вареньем". Усе гэтыя старонкі раней унеслі ў спіс "экстрэмісцкіх". Да суда Ліпскага змясцілі ў ІЧУ Светлагорскага РАУС.

3 жніўня суддзя Гулевіч прысудзіла журналісту штраф у 20 базавых велічынь і канфіскавала смартфон у прыбытак дзяржаве.

За пікет у сацсетках на буйную суму аштрафавалі жыхарку Оршы

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Мікалай Драгуноў 27 ліпеня за правядзенне пікету ў сацыяльных сетках пастанавіў аштрафаваць на 1110 рублёў аршанку Інгу Тыльчык.

У судзе было ўстаноўлена, што "правапарушальніца", з 14 лістапада 2020 года па 18 ліпеня 2023 года ў парушэнне парадку правядзення пікетавання, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Гэта выявілася ў тым, што Інга была сфатаграфаваная на фоне "палотнішча бел-чырвона-белага колеру", пры гэтым яна не атрымала дазволу мясцовага кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама, піша "Віцебская Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства