viasna on patreon

У Мінску пачалі судзіць экс-мэнэджэра МТС і музыку Аляксея Кузьміна

2023 2023-09-12T21:20:12+0300 2023-09-13T10:50:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuzmin_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 11 верасня пачалі судзіць палітзняволенага былога мэнэджэра МТС і саліста музычнага гурта "Закон гуку" Аляксея Кузьміна. Ён праходзіць па гучнай справе "Чорнай кнігі Беларусі". Негледзячы на тое, што ў ліпені палітвязень даў прапагандыстам "пакаяльнае інтэрв'ю", цяпер яго судзяць за "дапамаганне ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці групай асоб" і "актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Аляксею пагражае да 12 гадоў калоніі. Справу супраць палітвязня разглядае Сяргей Хрыпач.

Аляксей Кузьмін на судзе 11 верасня. Фота: sb.by
Аляксей Кузьмін на судзе 11 верасня. Фота: sb.by

Аляксея затрымалі 26 кастрычніка 2022 года і змясцілі пад варту. Згодна версіі абвінавачвання, Аляксей Кузьмін, з 9 жніўня 2020 года да 8 красавіка 2021 года, займаючы пасаду начальніка аддзела сістэм прадбілінга і тарыфікацыі кіравання тэлекам-рашэнняў Дэпартамента інфармацыйных тэхналогій СТАА "МТС" і маючы доступ да асабістай інфармацыі кліентаў аператара мабільнай сувязі, "зліваў" у Telegram-каналы "Чорная кніга Беларусі", "Карнікі Беларусі", "Все нарушения!". Па справе праходзіць не менш за 57 пацярпелых: сілавікі, праўладныя журналісты, чыноўнікі, суддзі, пракуроры і члены іх сем'яў. Сярод іх — прапагандыстка Людміла Гладкая, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч, бізнэсмэн Яўген Алексеюк.

Таксама палітвязня судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту, доказам якога з'яўляецца яго фотаздымак на дарозе.

Цяпер Кузьміна абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамаганне ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненае групай асоб) і арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.

На судзе Аляксей віну прызнаў цалкам і раскаяўся ў здзейсненым. Ён хадайнічаў аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме, але хадайніцтва не задаволілі. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме, на ім дапытваюць пацярпелых.

Падтрымайце Аляксея грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксей Уладзіміравіч Кузьмін

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства